Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Ганчарык: “Усе былі ў чаканьні другога выбуху на ЧАЭС”


Радыё Свабода, Менск Былы кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі й былы кандыдат на прэзыдэнта падчас выбараў 2001 году Ўладзімер Ганчарык у 1986 годзе быў другім сакратаром Магілёўскага абкаму партыі.

(Ганчарык: ) “Ніякай асаблівай трывогі не было, усе займаліся звычайнымі справамі. Але ўжо крыху пазьней, калі прагназаваўся другі выбух на Чарнобыльскай АЭС, ставіліся да ўсяго сур’ёзна.

Першымі рэальнымі крокамі плянавалася адсяленьне вельмі многіх тэрыторыяў, уключна ажно да Бабруйску. Такія былі прапановы, калі чакалі другога выбуху. А паміж чаканьнямі займаліся звычайнай справай — перадусім, дэзактывацыяй тэрыторыяў.

Нас замацавалі за пэўнымі раёнамі — у мяне быў Краснапольскі. Я курыраваў адзін саўгас, які вельмі пацярпеў. Доўгі час праводзіліся розныя мерапрыемствы, каб зьнізіць узровень радыяцыі, найперш, асфальт клалі. Але ўсё гэта было на тле зусім недастатковай інфармаванасьці і ўрэшце, прыкладам, маю гаспадарку давялося ўсё роўна адсяляць.

Я перакананы: на жаль, рэальна мы ўсьвядомілі ўсё нашмат пазьней, чым трэба было. На той момант было вельмі недастаткова інфармацыі й пэўных дзеяньняў, прынамсі, у нашым рэгіёне, ніхто не рабіў. Не таму, што не хацеў, а таму што не было патрэбнай інфармацыі”.
XS
SM
MD
LG