Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 красавіка 1986 году ў 1 гадзіну 24 хвіліны выбухнуў Чарнобыль<b/>


Радыё Свабода Выбух адбыўся ў 01.24 26 красавіка 1986 году на 4-ым энергаблёку Чарнобыльскай атамнай станцыі; дакладная прычына невядомая дагэтуль, аднак лічыцца, што аварыя здарылася ў выніку парушэньня тэхналёгіі пад час правядзеньня экспэрымэнтальных працаў. Прызнаная таксама канструктыўная недасканаласьць рэактару мадэлі РБМК, якая выкарыстоўвалася на ўсіх АЭС тагачаснага СССР.

У першыя ж гадзіны загінулі пяць пажарных; яны пахаваныя ў Маскве ў цынкавых трунах, прыкрытых адмысловымі плітамі. Пазьней памерлі дзясяткі людзей, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве саркафагу над разбураным рэактарам.

Агульная ж колькасьць ахвяраў Чарнобылю не паддаецца падліку; некаторыя навукоўцы лічаць, што наступствы апраменьваньня будуць выяўляцца праз пакаленьні.

Паводле ацэнак заходніх экспэртаў, больш як 40 адсоткаў тэрыторыі Беларусі ў той ці іншай ступені забруджаная радыёнуклідамі. Беларусь прызнаная краінай, найбольш пацярпелай ад вынікаў Чарнобылю.

Нягледзячы на тое, што ў заходніх СМІ інфармацыя пра небясьпеку аварыі была перададзеная ўжо ў першыя дні, і, да прыкладу, у скандынаўскіх краінах ня раілі выпускаць дзяцей на вуліцы, -- у Менску, Гомелі, Магілеве, ва усіх раённых цэнтрах былі праведзеныя першамайскія дэманстрацыі з удзелам ня толькі дарослых, але і дзяцей. На момант аварыі на Чарнобыльскай АЭС Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай кіравалі першы сакратар ЦК КПБ М. Слюнькоў, Старшыня Прэзыдыюму ВС БССР І. Палякоў і Старшыня Савету Міністраў БССР М. Кавалёў. Першым сакратаром Гомельскага абкаму быў А Камай, першым сакратаром Магілеўскага абкаму В. Лявонаў.

Праўда пра Чарнобыль некалькі гадоў ўтойвалася паводле рашэньня Палітбюро ЦК КПСС. Патрабаваньне абнародваньня інфармацыі пра катастрофу, перасяленьня людзей з небясьпечных раёнаў і спыненьне вытворчасьці на забруджаных тэрыторыяў было адным з галоўных праграмных палажэньняў новаўтворанага БНФ “Адраджэньне” ў 1988 годзе. На запатрабаваньне дэпутатаў БНФ у грамадзкасьці ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ў 1990 годзе была створаная часовая Камісія ў справе дасьледаваньня дзеяньняў службовых асобаў, вінаватых ва ўтойваньні інфармацыі пра катастрофу на ЧАЭС. Аднак пракамуністычная большасьць у Вярхоўным Савеце адмовілася пагадзіцца з высновамі Камісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG