Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хвалюе тое, што актыўнасьць эўрапейцаў ізноў можа зьнізіцца..."


Алена Струвэ, Прага У бэрлінскім Доме дэмакратыі і правоў чалавека ўвечары 25 красавіка прайшла дыскусія, прысьвечаная сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У імпрэзе бяруць удзел дэпутаты Бундэстагу, аналітыкі, журналісты, студэнты, прадстаўнікі чарнобыльскіх ініцыятываў, усе ахвотныя.

“Сёньняшняя палітычная сытуацыя ў Беларусі не ў апошнюю чаргу зьвязаная з традыцыйным абыякавым стаўленьнем да гэтае краіны з боку Эўразьвязу. Хвалюе тое, што пасьля брутальных прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка, кароткачасовая актыўнасьць эўрапейцаў ізноў можа зьнізіцца і мы ізноў прачнёмся толькі ў 2011 годзе, напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў”, так піша на старонках сёньняшняй Frankfurter Allgemeine адзін зь яе чытачоў. Напрыканцы ён робіць наступны заклік да палітыкаў: “Беларусь павінна заставацца на парадку дня эўрапейцаў. У дачыненьні да шэраговых беларусаў мусіць дзейнічаць спрыяльная візавая палітыка ў краіны ЭЗ і наадварот, у дачыненьні да тых, хто адказны за фальсыфікацыю выбараў, павінны быць уведзеныя самыя жорсткія рамкі”.

Падобнае меркаваньне падзяляюць многія ўдзельнікі сёньняшняй імпрэзы, сярод якіх вядомыя нямецкія палітыкі Ута Цапф і Мары-Луізэ Бэк, палітоляг Райнэр Лінднэр, журналіст Інго Пэтц, прадстаўнік “Міжнароднай амністыі” Марцін Райнэр і іншыя.

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад фракцыі сацыял-дэмакратаў Ута Цапф, якая была назіральніцай ад АБСЭ на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, перакананая:

(Цапф: ) “Атака беларускага рэжыму на ягоных апанэнтаў па-ранейшаму застаецца беспрэцэдэнтнай і масіўнай. Мы бачым сваю задачу ў падтрымцы грамадзянскай супольнасьці Беларусі, разьвіцьці дачыненьняў не на вышэйшым, а на сярэднім і першасным узроўнях.”

Як лічыць дэпутат Бундэстагу ад фракцыі ХДС/ХСС Манфрэд Грунд, падтрымка дэмакратычных правоў у Беларусі неабходная ня толькі беларусам, але і немцам, эўрапейцам

(Грунд: ) “Той урад, які быў у Нямеччыне дагэтуль - канцлер Шродэр, міністар Фішэр - вельмі мала цікавіўся правамі чалавека. Няважна, ці ішла размова пра Чачню альбо пра Беларусь Цяперашні ж нямецкі ўрад надае зусім іншую ўвагу гэтай тэме. Мы запатрабавалі ад дзейнага канцлера Мэркель, ад цяперашняга нямецкага кіраўніцтва абавязкова ўздымаць беларускую тэму ў дыялёгу з Расеяй. Бо немагчыма ўявіць сабе, што ў цэнтры Эўропы людзей могуць кідаць у пастарунак толькі таму, што тыя пратэстуюць. Свабода меркаваньня, адно з галоўных правоў чалавека, якое мусіць дзейнічаць ў Беларусі ў інтарэсах дэмакратыі ў Эўропе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG