Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі Сойм прыняў рэзалюцыю да 20-х угодак чарнобыльскай катастрофы


Тацяна Поклад, Вільня У Сойме Літвы адбылося паседжаньне ў памяць 20-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы, а таксама была прынятая адмысловая рэзалюцыя парлямэнту. Ініцыятар рэзалюцыі, Вацлаў Станкевіч, заявіў што асаблівая ўвага міжнароднай супольнасьці мае быць скіраваная на пацярпелых у Беларусі, міжнародная актыўнасьць якой цяпер абмежаваная з-за ізаляцыі рэжыму.

У рэзалюцыі літоўскі Сойм выказаў салідарнасьць і спачуваньне ўсім пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы і заклікаў заклікае ўрад Літвы, урады іншых краінаў Эўразьвязу і ўсяго сьвету памятаць пра гэтую катастрофу і актыўна дапамагаць у ліквідацыі яе наступстваў.

На пленарным паседжаньні Сойму, калі прымалася рэзалюцыя, акцэнтавалася, што людзі суседняй Беларусі, ахвяры чарнобыльскай катастрофы, не павінны траціць міжнародную дапамогу і падтрымку з-за палітычнай ізаляцыі рэжыму.

Вацлаў Станкевіч, які ініцыяваў гэтую рэзалюцыю, настойвае на асаблівай увазе да беларускай сытуацыі:

(Станкевіч: ) “Усе мы ведаем, што Беларусь цяпер у палітычным сэнсе ня мае шмат магчымасьцяў уздымаць пытаньні Чарнобыльскіх праблемаў і дапамогі для свайго народу на міжнароднай арэне. Таму суседняя Літва павінна дапамагчы Беларусі і ўздымаць гэтае пытаньне на ўзроўні структураў Эўразьвязу, нават на ўзроўні НАТО і дапамагчы свайму суседу, беларускаму народу”.

У Літве таксама жыве каля 7 тысячаў пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі – яны працавалі на ліквідацыі наступстваў аварыі. Літоўскі рух “Чарнобыль” не аднойчы заяўляў, што літоўскія “чарнобыльцы”, у ліку якіх 1224 дзяцей, ня маюць адэкватнай сацыяльнай падтрымкі.

Намесьнік старшыні літоўскага руху “Чарнобыль” Анатоль Зароўскі кажа, што пакуль людзі ў сьвеце не забудуцца на гэтую катастрофу, пацярпелыя ад Чарнобылю маюць магчымасьць годна адстойваць свае правы і ва ўласных краінах.

(Зароўскі: ) “Мы лічым, што нашая сытуацыя – цяжкая. Але, я перакананы, пакуль застаецца ўвага да Чарнобылю і памяць у сьвеце, мы дасягнем тое, што задумалі, да чаго імкнёмся ў адстойваньні правоў і льготаў для чарнобыльцаў і іхных дзяцей. Мы таксама прасілі і нашае Міністэрства замежных справаў парупіцца, каб ва ўсіх дакумэнтах ААН побач зь іншымі краінамі, пацярпелымі ад Чарнобылю, гучала і Літва як краіна дзе жывуць пацярпелыя і іх дзеці – тыя, хто працаваў для ліквідацыі наступстваў аварыі і страцілі здароўе, а некаторыя – жыцьці”.

У Літве рыхтуецца закон для абароны і падтрымкі пацярпелым ад Чарнобылю і іх дзяцей у Літве. У літоўскім Сойме ўжо раней выказваліся прапановы пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі надаць статус пацярпелых у выніку савецкай акупацыі, такі самы, які маюць былыя палітвязьні і высланыя ў часе савецкай акупацыі Літвы.
XS
SM
MD
LG