Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі з удзелам Мілінкевіча пачалася чарнобыльская канфэрэнцыя


Радыё Свабода, Гомель У Гомелі пачалася навукова-практычная канфэрэнцыя “20 год з Чарнобылем”, на якой навукоўцы, палітыкі, і грамадзкія дзеячы абмяркоўваць праблемы, зьвязаныя з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Улады адмовілі ўдзельнікам канфэрэнцыі ў арэндзе памяшканьня ў палацы культуры, і з гэтай прычыны канфэрэнцыя адбываецца ў прыватным будынку.

Удзел у канфэрэнцыі бяруць лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў, прафэсар Іван Нікітчанка, былы старшыня камісіі ў чарнобыльскіх пытаньнях ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня Віктар Хоміч ды іншыя.

Як адзначыў для Радыё Свабода перад пачаткам канфэрэнцыі Аляксандар Мілінкевіч, “кожны год дэмакратычныя сілы праводзяць мерапрыемствы, прысьвечаныя чарнобыльскай тэме, і вельмі важна, каб гэта былі ня толькі шэсьці і мітынгі, але і сустрэчы з навукоўцамі. Вельмі важна аналізаваць сытуацыю, каб папярэдзіць тое, што можа здарыцца ў найбліжэйшы час”.

Сёньня на навуковай канфэрэнцыі будзе аналізавацца, да якіх наступстваў вядзе вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі ў забруджаных зонах, які стан здароўя людзей, псыхалягічныя аспэкты і формы міжнароднага супрацоўніцтва.

Плянавалася, што сёньня ў Гомелі адбудзецца мітынг, прысьвечаны 20-м угодкам Чарнобыльскай катастрофы. Аднак аблвыканкам ня даў дазволу абласным арганізацыям Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў Беларускай на правядзеньне мітынгу.

Гэтаксама дэмакратычным актывістам было адмоўлена ў арэндзе памяшканьня для канфэрэнцыі ў Палацы культуры таварыства глухіх “Віпра”.

У выніку канфэрэнцыя праходзіць у прыватным доме, дзе месьціцца офіс мясцовых дэмакратычных арганізацый.

Падрабязнасьці слухайце ў эфіры і чытайце пазьней на нашым сайце.
XS
SM
MD
LG