Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Горадні: ці пачуваеце Вы сябе бясьпечна пасьля Чарнобылю?


Радыё Свабода, Горадня Гарадзенцы — пра экалягічнае становішча, якасьць вады і харчоў праз дваццаць гадоў пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Ці лічыце вы бясьпечным стан навакольнага асяродзьдзя праз дваццаць гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы? Ці не баіцеся, што ў вадзе ды прадуктах дагэтуль могуць быць радыенукліды?

(Спадар: ) “Чарнобыль не забыўся дый не забудзецца, напэўна, у бліжэйшым часе. Але сёньня моцнага страху няма ў сувязі з гэтым. Я думаю, што і прадукты, і вада ў нас чыстыя, так што ўсё нармальна”.

(Малады спадар: ) “Вось цяпер кажуць, што нават у Грэцыі пасьля чарнобыльскай аварыі была забруджана радыенуклідамі пэўная тэрыторыя. Што датычыць Беларусі, дык у нас адназначна яшчэ больш пацярпелі землі, і я сумняваюся, што ўзровень забруджанасьці зьмяншаецца. Мы харчуемся прадуктамі, што вырашчаны на гэтай нашай зямлі, якая была заражана. Я лічу, што здароўе ўсяго насельніцтва падарвана”.

(Маладзён: ) “Пра чарнобыльскую аварыю я, канечне, памятаю. Але ў нас тут, здаецца, вельмі моцнага забруджаньня тэрыторыі не было”.

(Малады спадар: ) “Я ня вельмі баюся сёньня ўплыву чарнобыльскай аварыі. Мне здаецца, што для нас цяпер больш надзённая праблема Ігналінскай атамнай станцыі, бо Літва мае намер зрабіць могільнік ядзерных адкідаў побач з нашай мяжой. Што датычыць вады і паветра, яны ў нас, канечне, ня самыя добрыя, але менавіта тут, у Горадні, я ня бачу безумоўнай залежнасьці іхняй якасьці ад Чарнобыля”.

(Сталы спадар: ) “Ведаеце, я дагэтуль баюся і стараюся не купляць прадукты, вырабленыя ў Гомельскай вобласьці. Вось мне, дапусьцім, гавораць, што вызначылі нейкі адсотак радыенуклідаў у вадзе ці ў прадуктах. Я лічу, што гэта нейкі нонсэнс, бо там іх увогуле не павінна быць. Урад зацьвердзіў нормы радыенуклідаў у харчах, каб я еў гэтую радыяцыю. Па-мойму, гэта нейкі кашмар”.

(Маладая спадарыня: ) “Хапае і апроч радыенуклідаў усякай дрэні. Але цяпер ужо позна аб гэтым гаварыць: калі можна было нешта зрабіць, каб палепшыць сытуацыю, дык нічога не зрабілі”.

(Спадар: ) “У маёй маці дзень нараджэньня 26 красавіка, так што я і пра Чарнобыль заўжды ўспамінаю. Прадукты я стараюся не купляць, якія зроблены ў Гомельскай ці ў Магілёўскай абласьцях. Я такім чынам перастрахоўваюся, а як там насамрэч становішча з радыенуклідамі, гэтага я ня ведаю”.

(Чыноўнік:) “У нашай вобласьці за 2005 год праведзена каля 180 тысяч вымярэньняў на радыенукліды прадуктаў, ягад, грыбоў, глебы. Па сутнасьці, вучоныя даказалі, што Беларусь займае ў сьвеце 39-е месца па анкалягічных захворваньнях. Таму так глябальна гаварыць, што чарнобыльская катастрофа — гэта агульнанацыянальнае бедзтва, ня варта. Так, гэта бяда, але ня бедзтва: народ працягвае зьбіраць ураджай, нараджаць дзяцей. Жыве краіна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG