Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат актывіста “Партнэрства” М.Астрэйкі зьвярнулася ў суд


Радыё Свабода, Менск Адвакат Валянціна Шаханцова падала ў суд скаргу на пастанову сьледчага гарадзкой пракуратуры аб падаўжэньні яшчэ на два месяцы ўтрыманьня пад вартай Мікалая Астрэйкі і яшчэ чатырох актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Абаронцы і сваякі арыштаваных мяркуюць, што справу “Партнэрства”фактычна не расьсьледуюць.

24 красавіка адвакат Валянціна Шаханцова, якая абараняе лідэра незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства" Мікалая Астрэйку, накіравала ў суд скаргу на пастанову сьледчага, які працягнуў яшчэ на два месяцы утрыманьне яе падабароннага пад вартай. Паводле адваката Валянціны Шаханцовай, далей трымаць пад вартай актывістаў “Партнэрства” ў сьледзтва няма падставаў.

(Шаханцова: ) “Мы лічым, што двух месяцаў, якія мінулі, было цалкам дастаткова для прывядзеньня ўсёй сьледчай працы. А калі нешта яшчэ не высьветлена, то неабавязкова працягваць утрыманьне пад вартай. Дастаткова працягваць расьсьледаваньне, а іх адпусьціць. Бо гэтыя асобы не ўяўляюць сацыяльнай небясьпекі”.

Нагадаю, з 21 лютага Мікалая Астрэйку ўтрымліваюць у турме КДБ “амэрыканка”. Разам зь ім былі затрыманыя актывісты “Партнэрства” Цімафей Дранчук, Аляксандр Шалайка і Эніра Браніцкая. 16 сакавіка быў арыштаваны Дзяніс Нібійка, справу якога таксама далучылі да справы актывістаў “Партнэрства”. Усіх маладых людзей абвінавачваюць ў дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Ад сваякоў і адвакатаў арыштаваных вядома, што зь іх удзелам за два месяцы праведзена ўсяго некалькі допытаў. Ці не вынікае з гэтага, што сьледзтва зайшло ў тупік? Сьледчы гарадзкой пракуратуры Сяргей Грахоўскі, які вядзе справу “Партнэрства”, не патлумачыў прычыны падаўжэньня расьсьледаваньня. Ён параіў зьвярнуцца па камэнтар ў прэсавую службу пракуратуры Менска. Аднак яе кіраўнік Алег Агафонаў таксама адмовіўся размаўляць пра справу “Партнэрства”.

Між тым, паводле жонкі Мікалая Астрэйкі Паліны, сьледчы ёй сказаў, што справа неўзабаве патрапіць у суд. Пры гэтым Паліне адмаўляюць у спатканьні з мужам, у шлюбе зь якім яна пасьпела пражыць усяго тры дні.

(Паліна Астрэйка: ) “Не далі спатканьня, і сьледчы сказаў, што да канца расьсьледаваньня і ня дасьць. Мы спыталі, калі будзе гэты канец? Ён адказаў, што ўжо бачны”.

У спатканьнях адмаўляюць усім сваякам арыштаваных паводле справы “Партнэрства”. Аднаго разу дазволілі сустрэцца з жонкай толькі Цімафею Дранчуку, у якога ў сакавіку нарадзіўся сын.

Маці Эніры Браніцкай Віялета непакоіцца з нагоды псыхалягічнага стану дачкі пасьля таго, як замест вызваленьня яна даведалася пра працяг сьледзтва яшчэ на два месяцы.

(Браніцкая: ) “Настрой у яе дрэнны. Але яна ў мяне чалавек валявы, будзем спадзявацца, што возьме сябе ў рукі і пратрымаецца”.

Адвакаты іншых актывістаў “Партнэрства” таксама прыкладаюць намаганьні, каб дамагчыся зьмены меры стрыманьня для сваіх падабаронных. У прыватнасьці, яны зьвярнуліся са скаргай у пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG