Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Гомельшчыны перашкаджаюць распаўсюджваць незалежную прэсу


Радыё Свабода У Ветцы Гомельскай вобласьці прадстаўніца мясцовых уладаў спрабавала забараніць распаўсюджваць у горадзе незалежныя газэты. Судовы працэс супраць кіраўніцтва Жыткавіцкага райвыканкаму распачаў таксама жыхар Турава, якога аштрафавалі за выданьне газэты “Вольныя навіны”.

Гомельская актывістка Марыя Багдановіч ад пачатку году — грамадзкая распаўсюдніца незалежных выданьняў “Народная Воля”, “Товарищ” і іншых. Спадарыня Багдановіч мае адпаведнае пасьведчаньне. Аднак сёньня ў Ветцы раздаваць падпісчыкам газэту “Товарищ” спрабавала забараніць мясцовая чыноўніца, кажа спадарыня Багдановіч.

(Багдановіч: ) “Дэпутат раённага савету Ваўчкова пачала патрабаваць у мяне дакумэнты, дазвол на распаўсюд, хоць яна ня мела права гэтага рабіць. А таксама стала пагражаць мне міліцыяй”.

Паводле спадарыні Багдановіч, яна расцэньвае гэты факт як спробу маральнага ціску.

Сёньня ж у судзе Жыткавічаў мусіў распачацца суд на пазоў грамадзкага актывіста з Турава Міхаіла Козела да кіраўніцтва Жыткавіцкага райвыканкаму. Спадар Козел дамагаецца адмены рашэньня адміністрацыйнай камісіі, якая аштрафавала яго за выданьне газэты “Вольныя навіны”, а таксама за віншаваньне чыноўнікаў з гэтай падзеяй. Міхаіл Козел інцыдэнт пракамэнтаваў гэтак:

(Козел: ) “Улады не зацікаўленыя ў тым, каб існавала вольнае слова. Паводле артыкулу, па якім я быў аштрафаваны, гэта абсалютна абсурдна”.

Суд перанесьлі, бо не зьявіўся прадстаўнік адказчыка. Як паведамілі ў Жыткавіцкім райвыканкаме, у раёне чакаюць прыезду Аляксандра Лукашэнкі, і кіраўніцтва цяпер рыхтуецца да сустрэчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG