Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пачалася акцыя “Свабоду Мікіту Сасіму”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскі Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі пачаў акцыю “Свабоду Мікіту Сасіму”, якая палягае ў высылцы як мага большай колькасьці лістоў зьняволенаму актывісту руху “Зубр”.

Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца, што Мікіта Сасім, які ў часе акцыі пратэсту замест адабранага ў яго міліцыянтамі бел-чырвога-белага сьцягу ўзьняў над галавой джынсавую кашулю – а джынс цяпер стаў сымбалем супраціву рэжыму Лукашэнкі – плаціць за гэта вялікую цану.

“Яго моцна зьбілі супрацоўнікі АМОНу, так што Мікіта патрапіў у шпіталь... а цяпер за апазыцыйную дзейнасьць яму пагражае да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня – хаця фармальна абвінавачаньні іншыя. Мы ведаем, што ў гэтай цяжкай для яго сытуацыі любая падтрымка звонку дадае сілаў і можа падтрымаць дух”, – адзначаецца ў заяве з заклікам пісаць лісты да Мікіты ў Баранавіцкае СІЗА.

Паводле намесьніка старшыні Зьвязу Віталя Лоцманава, такая акцыя можа быць эфэктыўнай.

(Лоцманаў: ) “Мы хочам, каб улады адчулі ўціск. Такія акцыі маюць сэнс – гэта вядома з досьведу “Салідарнасьці”, калі палітвязьняў завальвалі вялізнай колькасьцю лістоў з Захаду. Часам улады альбо злагоджвалі ім умовы, альбо ўвогуле выпускалі з турмаў”.

Лісты ў СІЗА, дзе знаходзіцца Мікіта Сасім – гэта не адзіная акцыя ў справе вызваленьня актывіста “Зубра”. Пра іншыя акцыі прадстаўнікі Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі, аднак, пакуль не гавораць.

(Лоцманаў: ) “Будуць, канешне яшчэ іншыя акцыі, але пра іх казаць пакуль заўчасна – не надышоў пакуль момант на чарговы этап акцыяў у справе Мікіты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG