Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд разглядае пазоў да пратэстанцкай суполкі


Радыё Свабода Cёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе адбудзецца разгляд пазову Менгарвыканкаму да пратэстанцкай суполкі “Новае жыццё”. Гарадзкія ўлады намагаюцца праз суд прымусіць суполку прадаць ім памяшканьне царквы. Летась ў жніўні вернікаў пазбавілі зямельнага надзелу, на якім месьціцца будынак. За правядзеньне несанкцыянаваных набажэнстваў адміністратара царквы аштрафавалі на 6 000 даляраў, а суполцы вынесьлі 5 папярэджаньняў.

Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе вернікі пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” паспрабуюць дамовіцца з чыноўнікамі Менгарвыканкаму, каб ім пакінулі іх будынак (былы калгасны кароўнік). Яны набылі яго ў 2001 годзе і адрамантавалі за свой кошт. У будынку плошчай каля 1 500 квадратных мэтраў адбываюцца набажэнствы. Там месьціцца дзіцячая нядзельнай школа.

Праблемы пачаліся, як і ў іншых пратэстантаў, пасьля прыняцьця новага закону аб рэлігіях. Летась у жніўні Менгарвыканкам пазбавіў вернікаў зямельнага надзелу. Іх папярэдзілі, што будынак ня можа быць прызнаны культавым, бо выкарыстоўваецца не па прызначэньню. Але і як кароўнік будынак нельга выкарыстоўваць, бо закон не дазваляе трымаць кароў у межах гораду. Адміністратара царквы Васіля Юрэвіча некалькі разоў судзілі за правядзеньне набажэнства. Агульная сума штрафаў склала каля 6 000 даляраў. Васіль Юрэвіч паведаміў Радыё Свабода.

(Юрэвіч: ) “Я лічу, што Менгарвыканкам распачаў гэтую справу, каб зьнішчыць пратэстанцкую царкву ў Беларусі. Было паседжаньне сяброў царквы на гэтым тыдні. Прынялі рашэньне не аддаваць будынку. Яны нам ацанілі кошт за мэтар у 11 даляраў. Але ў горадзе квадратны мэтар такога будынку каштуе каля 1 000 даляраў.”

Чыноўнікі Менгарвыканкаму ацанілі кошт будынка блізу 35 мільёнаў рублёў – гэта каля 17 000 даляраў. За гэтыя грошы сёньня ў Менску можна набыць маленькі пакойчык у камунальнай кватэры. Вернікі пастанавілі на сваім сходзе, што калі гарадзкія ўлады адбяруць іх будынак, то яны будуць ладзіць набажэнствы пад вокнамі будынку Менгарвыканкаму на плошчы Незалежнасьці. Васіль Юрэвіч паведаміў “Свабодзе”, што вернікі зьвярнуліся да іншых пратэстантаў і ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Яны адчулі маральную падтрымку. Летась у судзе ліквідавалі некалькі рэлігійных суполак. Асноўным аргумэнтам для ліквідацыі стала адсутнасьць юрыдычнага адрасу ў нежылым фондзе. Вернікі з “Новага жыцьця” заяўляюць, што будуць змагацца за свой будынак. Царкве вынесьлі пяць папярэджаньняў. Дастаткова трох, каб ліквідаваць царкву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG