Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыль. Красавік 2006-га (фотарэпартаж)


Сяргей Навумчык, 4-ты энэргаблёк ЧАЭС – Прыпяць – Чарнобыль – Кіеў Саркафаг, пабудаваны ў 1986 годзе, абапіраецца на паўразбураныя сьцены атамнага рэактара. Сёньня ён ужо не зьяўляецца гермэтычнай канструкцыяй – агульная плошча шчылінаў дасягнула ста квадратных мэтраў. Пад ім – 200 тонаў ядзернага паліва, і некантраляваныя ланцуговыя рэакцыі не спыняюцца.





Саркафаг (афіцыйны назоў – “аб’ект “укрыцьцё”) быў пабудаваны адразу пасьля аварыі, у 1986 годзе. Тэрмін гарантыі – 20 гадоў – канчаецца сёлета. Цяпер у саркафагу знаходзіцца 200 тонаў ядзернага паліва.



Гэты ўзровень радыяцыі – адзін з найбольшых у зоне. На пляцоўцы, адкуль зроблены здымак, ня раяць знаходзіцца больш за 10 хвілінаў. Але ля самога рэактара ўзровень у тысячы разоў вышэйшы. Пад саркафагам цяпер адбываюцца некантраляваныя ланцуговыя рэакцыі, і, што найбольш турбуе навукоўцаў, выходзіць амэрыцый, які значна больш небясьпечны за плютоній ці стронцый. Гэтыя магутныя сьцены толькі на першы погляд выглядаюць як надзейная заслона.



Іржа на сьценах – вонкавае пацьверджаньне таго, што саркафаг не зьяўляецца гермэтычнай канструкцыяй. Агульная плошча шчылінаў сёньня дасягнула 100 квадратных мэтраў. Натуральна, што празь іх ідзе выпраменьваньне. Канструкцыя саркафагу абапіраецца на паўразбураныя сьцены самога рэактара, таму пра надзейнасьць можна казаць умоўна. Сьцены і дах паступова дэфармуюцца. Навукоўцы прагназуюць, што калі саркафаг абрынецца, колькасьць ахвяраў дасягне 300 тысячаў чалавек. Узьвядзеньне новай сыстэмы адмыслоўцы ацэньваюць на мільярд даляраў. Украіна сёньня такіх сродкаў ня мае.



У Прыпяці да 26 красавіка 1986 году жыло больш як 50 тысяч чалавек. Цяпер гэта “мёртвы” горад.



Узровень радыяцыі ў некаторых месцах у Прыпяці нават большы, чым за дзьве сотні мэтраў ад рэактара.



“Магазин номер 1 “Радуга”. Мы рады вас обслужить...” Дарэчы, гэты тэкст і той, што на наступным здымку – адзіныя надпісы на расейскай мове, якія я пабачыў у дні камандзіроўкі ў Украіну. На іншай тэрыторыі, акрамя чарнобыльскай зоны, і рэкляма, і абвесткі – выключна па-ўкраінску.



У пачатку 1980-х яшчэ ня ведалі слова графіці, але камуністы на сьценах ужо пісалі – "Партия Ленина, сила народная, нас к торжеству коммунизма ведёт". Для маладых наведнікаў вэб-сайту “Свабоды” патлумачым, што гэта радкі з гімну СССР і што камуністы знаходзіліся ва ўладзе і, адпаведна, не патрабавалі дазволу ўладаў на графіці.



А гэтыя графіці – нядаўні твор невядомых аўтараў.



Адметнасьць пакінутых вёсак – дамы і калодзежы зарастаюць хмызьняком.



Адразу пасьля высяленьня людзей зь небясьпечнай зоны навукоўцы спрачаліся, ці трэба спаліць пакінутыя дамы. Але ў такім выпадку вецер разьнясе радыяактыўны попел, таму вырашылі ўсё пакінуць часу.



Колішнім жыхарам было дазволена забраць толькі некаторыя рэчы, мэблю пакідалі. У такой вось вясковай хаце яе было, пэўна, няшмат, а вось у Прыпяці, некалі населеным даволі высокааплачванымі “атамнікамі”, у кватэрах не засталося ніводнай канапы, тэлевізара і г.д. Раскралі. Напэўна, цяпер тая мэбля ў іншых кватэрах – магчыма, у кіеўскіх, а магчыма, і ў гомельскіх альбо менскіх.



Дэпутат Эўрапарлямэнту Рэбэка Хармс (Нямеччына) ня першы раз наведвае чарнобыльскую зону. На маё пытаньне пра ўражаньні адказвае, што з кожным разам у яе большае эмоцыяў. Але як палітык спадарыня Хармс робіць даволі прагматычныя захады, каб супрацьстаяць прыхільнікам тэорыі бясьпекі “малых дозаў”, якой прытрымліваецца ў тым ліку і МАГАТЭ. Менавіта з ініцыятывы Рэбэкі Хармс у Кіеве пачынаецца міжнародная канфэрэнцыя “Chornobyl + 20: Remembrance for future” (“Чарнобыль + 20: напамінак на будучыню”). Сярод запрошаных – прафэсар Юры Бандажэўскі.



Могільнік тэхнікі, якая працавала на тушэньні пажару ў красавіку 1986-га і будаўніцтве саркафагу – гелікоптэры, самаскіды, экскаватары.... Некалькі дзясяткаў “Жыгулёў” і “Волгаў”... З усіх (!) аўтамабіляў павыцягвалі рухавікі – і нават не палічылі патрэбным зачыніць капоты... Рухавік каштуе нятанна, і хто здагадаецца, што яго варта праверыць дазымэтрам?



Пры выезьдзе з “зоны” такі радыяактыўны кантроль абавязковы для ўсіх.



Паводле навукоўцаў, пэрыяд распаду некаторых элемэнтаў на забруджанай тэрыторыі – больш як 25 тысяч гадоў. Такі тэрмін цяжка ўспрыняць сьвядомасьцю. Гэта прыблізна ў дзесяць разоў больш, чым той час, які аддзяляе нас ад эпохі Гамэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG