Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць Вялікдзень у месцах пазбаўленьня волі?


Аляксандар Уліцёнак, Менск У месцах пазбаўленьня волі сотні вязьняў маюць магчымасьць сьвяткаваць Вялікдзень. Сёньня праваслаўныя сьвятары наведваюць вернікаў у папраўчых калёніях. Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў дазволіў сьвятарам сустрэцца з падсьледнымі ў некаторых сьледчых ізалятарах.

Праваслаўныя вернікі, якія адбываюць пакараньні ў папраўчых калёніях, на тэрыторыі якіх ёсьць цэрквы, мелі магчымасьць у храме павіншаваць адзін аднаго са сьвятам. Сьвятары частавалі вернікаў, якія знаходзяцца ў няволі, велікоднымі яйкамі і кулічамі. Традыцыйны “Кагор” ужываць “зэкам” забаронена.

У некаторых сьледчых ізалятарах вядзецца журнал, у які запісваюцца жадаючыя сустрэцца са сьвятаром. Сьледчыя ізалятары, турмы і калёніі кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў дазваляе наведваць выключна праваслаўным сьвятарам. 12 чэрвеня 2003 году праваслаўная царква падпісала пагадненьне аб супрацоўніцтве зь некаторымі міністэрствамі і ўстановамі, у тым ліку, зь міністэрствам унутраных справаў. Сьвятар Менскай катэдральнай царквы гераманах Серафім паведаміў Радыё Свабода:

(Серафім: ) “Ёсьць у нас у царкве такая структура, якая займаецца пастарскімі пытаньнямі ў месцах пазбаўленьня волі. У гэты дзень адказныя ў такіх пытаньнях наведваюць турмы, наведваюць людзей, пазбаўленых волі”.

На сёньняшні дзень больш за 50 000 чалавек знаходзяцца ў папраўчых установах і сьледчых ізалятарах. Каля 6 000 чалавек адбываюць пакараньні пад наглядам папраўчых установаў адкрытага тыпу, якія ў народзе называюць “хіміяй”. Гэтыя людзі маюць магчымасьць у любы час наведваць царкву і мець сустрэчы са сваякамі.

Выключэньне зроблена да палітвязьняў, якіх трымаюць у інтэрнатах спэцкамэндатуры, калі ў сталіцы адбываюцца вулічныя акцыі. Паўлу Севярынцу некалькі разоў адмаўлялі наведваць царкву ў выходныя дні. Сёньня ягоныя сваякі, а таксама сваякі Андрэя Клімава і Міколы Статкевіча будуць разам у такі дзень. Мікола Статкевіч Вялікдзень сьвяткуе ў доме свайго бацькі. Да яго прыехала жонка Валянціна.

(Статкевіч: ) “Звычайна напярэдадні Вялікадня я хаджу ў царкву ў пятніцу. Ну, гэта мая асабістая традыцыя. Асаблівасьці сёлетняга Вялікадня ў тым, што вельмі складаная сытуацыя, у тым ліку псыхалягічная. У мяне ўвесь час рэжым утрыманьня мяняецца – то быў на хатнім, то ў камэндатуры. Гэты Вялікдзень я буду сустракаць разам са сваім бацькам і жонкай”.

Жонка Аляксандра Казуліна за некалькі дзён патрабавала, каб ёй дазволілі сустрэцца з мужам і даць магчымасьць сьвятару наведаць палітыка на Вялікдзень у Жодзінскім сьледчым ізалятары. У ізалятары не камэнтуюць, ці быў сьвятар у Казуліна. А ў гомельскай жаночай турме напярэдадні Велікоднага тыдня жанчынам дазволілі фарбаваць яйкі і пячы кулічы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG