Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начны госьць” Свабоды – Сьвятлана Калінкіна


Аляксандар Уліцёнак, Менск У чацьвер 20 красавіка шэф-рэдактар газэты “Народная воля”, аглядальнік інтэрнэт-праекту “Белорусский партизан” Сьвятлана Калінкіна адказвала на званкі слухачоў, пытаньні дасланыя праз SМS і электронную пошту.

Мяняць лідэраў трэба. Але не на тых, каго “прызначыць” КДБ...

(Спадар: ) “Ці ёсьць якія экспэртныя ацэнкі на аснове дадзеных з розных крыніцаў, апытаньняў і г.д. пра рэальныя вынікі выбараў?”

(Калінкіна: ) “Дакладная інфармацыя, напэўна, ёсьць. Але, на жаль, мы ня маем да яе доступу. Сёньня прагучалі дадзеныя сацыёлягаў Алега Манаева: Аляксандар Лукашэнка набраў 63 працэнты галасоў, Мілінкевіч – 20, і Казулін каля пяці працэнтаў.

І ўсё ж давайце глядзець глыбей. Пакуль у Беларусі ня будуць створаныя ўмовы для выбараў, то хто б і як ні быў папулярны, які б у каго ні быў рэйтынг – пераможцам стане хоць пень! Абы толькі яго прызначылі “на перамогу”... Такая ў нас сыстэма. Мы ніколі не пераможам, пакуль выбары будуць праходзіць так, як яны праходзяць. Бо гэта проста Не выбары. А ў “Нявыбарах” абрацца немагчыма”.

(Спадар: ) “Як Вы ставіцеся да заклікаў, каб лідэры апазыцыі сышлі пасьля гэтай чарговай паразы?”

(Калінкіна: ) “Такія настроі уласьцівыя шараговым сябрам партый, але на гэтым этапе ёсьць і лідэры незаменныя. Галоўная небясьпека, што адны пададуць у адстаўку, а на іх месцы – такія ж самыя... Ці горшыя. Альбо увогуле прыйдуць тыя, каго “прызначыць” Камітэт дзяржаўнай бясьпекі...”

Лукашэнка: палітычны геній ці звычайны цынічны палітык?

(Кацярына, Лагойск: ) “Кацярына, Лагойск. А ня хочацца Вам напісаць новую кнігу пра Лукашэнку – нешта з сыстэматызаванай хронікі пра ягоную чарговую перамогу?”

(Калінкіна: ) “Мы з Паўлам Шараметам пакуль у роздуме... Мне здаецца, што прысьвячаць яе апошняй – так званай “ашаламляльнай вікторыі” сэнсу няма: гэтым разам Лукашэнка нічога незвычайнага не зрабіў. Нават з гледзішча паліттэхналёгій не прыдумаў нічога цікавага! Мне здаецца больш прывабным іншае: як ён стаў тым, кім стаў. Гэта будзе нешта з паплечнікамі Лукашэнкі. З тымі, хто яго ведаў на розных стадыях жыцьця, кар’еры”.

(Галіна: ) “Сьвятлана, ці чыталі Вы кнігу “Лукашэнка. Палітычная біяграфія”? Наколькі аб’ектыўна, на Вашую думку, падае інфармацыю аўтар, які сам быў у камандзе, што вяла Рыгоравіча да ўлады? Галіна”.

(Калінкіна: ) "Я наагул добра стаўлюся да кніг пра Лукашэнку. Бо іх вельмі мала ў параўнаньні з тым, што выдадзена пра Ельцына, Пуціна, Юшчанку... Калі ж казаць пра мае ўражаньні ад канкрэтна гэтага твору, дык, здаецца, аўтар усё ж занадта ўзвысіў Аляксандра Лукашэнку. У яго гэты дзеяч – ну проста нейкі геній! Ён усіх абыгрывае... Ён – талент палітычны! А па мне, Лукашэнка – звычайны палітык, які нічога незвычайнага не зрабіў. Ён дзейнічае па клясычных схемах дыктатараў. Але так могуць дзейнічаць толькі людзі беспрынцыпныя".

(Антось, Слуцак: ) “Цікава, каго, што Вы самі чытаеце? І зь літаратуры, і з газэтаў? Ці толькі пішыце-правіце? Антось, Слуцк”.

(Калінкіна: ) “Не, немагчыма пісаць-правіць, калі ты нічога не чытаеш. Мой стол завалены беларускімі газэтамі: усімі дзяржаўнымі і ўсімі недзяржаўнымі. Падабаецца “Наша Ніва”. У мяне няма такога “самага любімага” беларускага выданьня... Вельмі цікавыя рэгіянальныя СМІ. Берасьцейскія, напрыклад. Па прафэсійным узроўню яны, можа, вышэй за рэспубліканскія... З расейскіх падабаюцца “Коммерсантъ”, “Коммерсантъ-власть”, “Известия”. А што тычыцца кніг, то дакумэнтальныя, біяграфічныя (пра рэальныя падзеі і рэальнае жыцьцё) больш цікавыя, чым прыдуманыя”.

“Хачу запытаць дамачку: “Не лучше ль на себя, кума, оборотиться?”

(Спадар: ) “Хачу запытаць гэтую дамачку: а тое, што падчас прэзыдэнцкай кампаніі Чэхаславацкая амбасада вазіла падрыўную літаратуру ў Беларусь – гэта што, не ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі? А тое, што ўсе амбасадары эўрапейскіх краін хадзілі на беларускі майдан пасьля выбараў – гэта што, не ўмяшаньне? Добрая прымаўка ёсьць: “Чем кумушек судить-рядиться, не лучше ль на себя, кума, оборотиться”.

(Калінкіна: ) “Прымаўка сапраўды вельмі добрая. Аднак, як Вы ведаеце, прафэсійныя абавязкі ўсіх дыпляматаў – сачыць за падзеямі, што адбываюцца ў краіне. І таму амбасадараў проста звольнілі б, каб яны не прыехалі на Кастрычніцкую плошчу”.

(Міхаіл Леках: ) “Думаю, калі людзі ня хочуць вучыцца, а хочуць мітынгаваць, то трэба іх вызваліць ад дзяржаўных навучальных установаў. Ну, ня хочуць навукі, хай мітынгуюць! Хай вучацца ў прыватных навучальных установах. Довідзэня!”

(Калінкіна: ) “Ваша прапанова вельмі слушная для кіраўніцтва БРСМ – яны вельмі любяць мітынгаваць, яны заўсёды на ўсіх акцыях у падтрымку Лукашэнкі. Абавязкова зьвярніцеся і да іх, і ў адміністрацыю прэзыдэнта... Я падтрымаю Вас!”

(Спадарыня: ) “На жаль, Захад прымае вельмі мяккія меры ў адносінах да чыноўнікаў, якія аказаліся невыязнымі. Прапаноўваю ў гэты сьпіс уключыць яшчэ дырэктараў школаў: менавіта там выхоўваецца будучы электарат, які падтрымлівае ўлады. Трэба зрабіць больш жорсткімі ўсе гэтыя меры”.

(Калінкіна: ) “Я таксама ацэньваю прынятыя меры мяккімі. Але зараз сьпіс “неўязных” пашыраецца. І калі ня ўсе, то амаль усе дырэктары, на жаль, апынуцца ў ім. Бо ўзначальвалі выбарчыя камісіі. Кажу “на жаль”, таму што мне сапраўды вельмі крыўдна за настаўнікаў, якіх прымусілі наступаць на горла ўласным перакананьням. І шмат хто зламаўся...

Хаця – людзі розныя. Мой сын вучыцца ў школе, дзе ніякага такога ціску на яго і астатніх я ня бачыла. Аднак тэндэнцыя ў цэлым наступная: усё больш і больш бацькоў скардзяцца – настаўнікі сталі нейкай такой палкай у руках дзяржавы. Вельмі шкада...”

Здраднікі й канфармісты сярод журналістаў зусім ня дзіва...

(Спадар: ) “Шаноўная Сьвятлана Калінкіна, ці падтрымліваеце Вы прапанову БАЖ уключыць у сьпіс “невыязных” і рэдактараў усіх дзяржаўных газэтаў Беларусі?”

(Калінкіна: ) “Я наагул лічу, што кіраўнікі афіцыйных СМІ зрабілі для гэтага рэжыму і для таго, каб Лукашэнка стаў тым, кім стаў, можа больш, чым хто-небудзь”.

(Тамара, Мазыр: ) “Якая Вашая ацэнка прафэсіяналізму калегаў з афіцыйных СМІ?”

(Калінкіна: ) “Гэта ня СМІ, а прапаганда. Што зусім не адно і тое...”

(Спадар: ) “Паглядзеў навіны на беларускім тэлебачаньні. Там паказалі сюжэт, як Аляксандар Мілінкевіч садзіўся ў цягнік. І сказалі, што ён куплены за 20 тысяч даляраў, і цяпер езьдзіць па замежжы ды траціць гэтыя грошы. Якая хлусьня! Проста брыдка!”

(Калінкіна: ) “А не глядзіце! Я ўжо даўно не ўключаю беларускае тэлебачаньне: проста не хачу сама сабе псаваць настрой”.

(Андрэй, Бабруйск: ) “Спадарыня Калінкіна, як Вы зрэагавалі на сытуацыю з “Нашай Нівай”? Дзякуй”.

(Калінкіна: ) “Я проста абурана: насуперак усім законам, усім судовым рашэньням, без усялякага наагул разгляду справы закрыць газэту! У якой гісторыя, падпісчыкі, чытачы... Закрыць выданьне, паважанае элітай беларускага грамадзтва! А заўтра гэта можа адбыцца зь любым выданьнем, зь любым з нас, журналістаў, і любым чалавекам... Таму мы й робім усё магчымае, каб нарэшце зьмяніць сытуацыю ў краіне, каб Беларусь стала цывілізаванай”.

(Анатоль Дзьвінскі: ) “Некалькі журналістаў, якія былі разам з Вамі ў БДГ, зараз працуюць на ўладу. Як вы ставіцеся да такіх "перавёртышаў"? Дзякуй, Анатоль Дзьвінскі”.

(Калінкіна: ) “У мяне няма адназначнага адказу на тое, ці правільна яны зрабілі: людзям трэба карміць сем’і, яны павінны зарабляць грошы... Я не змагла прапанаваць ім іншую працу, калі БДГ пачала згортвацца, таму й не маю права асуджаць. Зьдзівілі паводзіны толькі аднаго чалавека: ён стаў пісаць на палітычныя тэмы – то бок ганіць тых, з кім учора быў у добрых стасунках. Я такога не разумею. Аднак кожны робіць свой выбар... Гэта ня першы выпадак. У такой здрадзе мала ўнікальнага...

Больш дзіўна для мяне, калі людзі застаюцца бяз працы, бяз грошай, але ўсё роўна не пагаджаюцца ісьці ў дзяржаўныя СМІ. Бо маюць іншыя погляды. Вось такіх я глыбока, шчыра паважаю”.

(Надзея: ) “Добры дзень, спадарыня рэдактар! “Цешыць” мяне даўні Ваш аўтар, Фядута. Спачатку “белыя плямы” справакаваў і фактычна пачаў разгром новай прэсы. Затым учыніў лямант пра нібыта раскраданьне замежных грантаў, і вось цяпер Вы амаль без дапамогі... Учора надрукаваў пра “рэвалюцыю духу” ў “Нашай Ніве”, і тую закрылі. Хай сабе, можа выпадковы зьбег. Але ці мае права на ацэнкі апошніх падзеяў чалавек, які рэвалюцыю сытна адсядзеў у Кіеве? Вось растлумачце: чаму Вы і Дынько друкуеце яго? Ці не здаецца, што Фядута наагул падрывае давер да свабоднай прэсы? Дзякуй, Надзея”.

(Калінкіна: ) “Сапраўды, той, хто ўсе гэтыя дні ня быў у Менску, недзе пераседзеў іх, то ягоная пазыцыя назіральніка аднекуль зьверху, ды яшчэ са звычкай паплёўваць ды раздаваць тумакі, – гэта ня вельмі, скажам так... Мне шмат якія довады Фядуты проста нецікавыя, бо чалавек “ня ў тэме”, ён “не ў падзеях”. Але я памятаю Аляксандра і як вельмі-вельмі цікавага, яскравага аўтара”.

Супраць вірусаў ёсьць антывірусы: прарвемся па-партызанску!

(Алег, Парэчча: ) “Нэрвовая рэакцыя на сайт “Белорусский партизан” – верная прыкмета таго, што дэпутаты прымуць закон пра інтэрнэт і зьнікне апошняя магчымасьць уведаць праўду нават абмежаванаму колу карыстальнікаў Сеціва. Гэта магчыма? Мы станем другімі за Кітаем? Алег, Парэчча”.

(Калінкіна: ) “Алег, гэта верагодна. Аднак пакуль ёсьць магчымасьць чэрпаць адтуль праўдзівую інфармацыю, то ёй трэба карыстацца і чытачам, і журналістам. Што далей чакаць? Будзе новая сытуацыя – будзем думаць. Ёсьць фільтры, антыфільтры, ёсьць вірусы, ёсьць антывірусы – нешта прыдумаецца. Калі “Белорусский партизан” перад выбарамі паспрабавалі заблякіраваць, то выйсьце знайшлося”.

“Ці згодныя Вы, што мову й культуру беларусаў захавае касьцёл?”

(Мікола Саскевіч, Польшча: ) “Ці згодныя Вы, што сёньняшняя Руская праваслаўная царква Беларусі ператварылася ў партыю дыктатара Лукашэнкі? Толькі касьцёл можа спыніць расейскую акупацыю, толькі касьцёл дапаможа захаваць нашу мову й культуру, толькі касьцёл згуртуе беларусаў і дасьць нам сілу духу... Дык ці згодныя Вы?”

(Калінкіна: ) “Не, я з вамі ня згодная... Ведаю шмат тых праваслаўных сьвятароў, якія прыходзяць у турмы, якія моляцца за нас з Вамі – таму, як мне здаецца, нельга спрошчана, адназначна да гэтага падыходзіць”.

(Мікола Саскевіч, Польшча: ) “Дзякуй... Дарэчы, “Народную волю” ня толькі я пастаянна чытаю, але й мой бацька. Ну, довідзэня!”

(Ганна, Менск: ) “Мяне завуць Ганна. Што менавіта ў беларускім мэнталітэце спрыяе захоўваньню ў краіне савецкага ладу? Больш чым у Расеі, Украіны, у Казахстана...”

(Калінкіна: ) “Мы проста больш кансэрватыўныя, больш цяжкія на пад’ём”.

(Ганна, Менск: ) “Мяне заўсёды цікавіла таксама, чаму беларусам не стае самасьвядомасьці?”

(Калінкіна: ) “Напэўна таму, што на нейкім этапе у нас амаль зьнішчылі нацыянальную эліту. А простыя людзі такія філязофскія пытаньні між сабой і самі сабе не задаюць. Гэта павінны рабіць тыя, хто вызначаюць грамадзкую думку. А такіх у Беларусі, на жаль, зьнішчылі. На зьмену ім прыйшлі, у прыватнасьці, тыя, каго мы бачым сёньня на дзяржаўным тэлебачаньні, радыё, у дзяржаўных СМІ. Яны думаюць прасьцей, чым Вы. Вы мяркуеце, што Зімоўскі глыбакадумна разважае зараз пра нацыянальную культуру? Не, злуецца, што не пусьцілі яго на Кубу...

Аднак ёсьць у краіне і такія, хто сапраўды могуць думаць пра ўзьнятую Вамі тэму. Толькі ім блякіравалі выхад да вялікай аўдыторыі. І, на жаль, яны пішуць “у стол”, вяшчаюць на кароткіх хвалях па радыё і гэтак далей...”

Непатапляльнасьць “Народнай волі” вызначаюць яе чытачы, а не надуманыя парадоксы

(Спадарыня, Верхнядзьвінск: ) “Святлана, дзе можна купіць “Народную волю”? Жыхарка вёскі Яніна Верхнядзьвінскага раёну”.

(Калінкіна: ) “Зараз – толькі ў рэдакцыі. Але Вам раю падпісацца, будзем дасылаць газэту, дойдзе, не хвалюйцеся”.

(Кірчыцкі, Ваўкавыск: ) “Растлумачце парадокс: “Народная воля” далёка ня лепшая беларуская дэмакратычная газэта, але дакладна – адна з самых вострых. І яе гадамі ня могуць закрыць. А куды больш лібэральная “Салідарнасьць” ня выжыла, зачынілася “Время”, не выходзіць БДГ... Чаму? Дзякуй, Кірчыцкі, Ваўкавыск”.

(Калінкіна: ) “Не кажыце пад руку, што называецца... “Народная воля” была адзінай штодзённай і самай тыражнай газэтай у краіне. У яе актыўны і вельмі-вельмі спэцыфічны чытач. Ніводнае беларускае выданьне не змагло сабраць у сваю абарону людзей на плошчу. Акрамя нашай! Менавіта чытачы выратавалі газэту ад пазову Сяргея Гайдукевіча: яны несьлі хто дзьве тысячы, хто дваццаць, а хто – дзьвесьце даляраў... Так і разьлічыліся! Дзякуючы сваім шчырым прыхільнікам газэта існуе й зараз, калі ў нас ну проста звышскладаныя ўмовы для выжываньня”.

(Яўген, Менск: ) “Я студэнт БДУ. Ці можаце Вы, спадарыня Сьвятлана, без перашкодаў праводзіць у газэце сваю палітыку?”

(Калінкіна: ) “Наагул у аднаго чалавека ў рэдакцыі ня можа быць палітыкі. Газэта – гэта калектыў, калектыўны прадукт. А ці магу я ў нейкіх крытычных сытуацыях або ў прынцыповых момантах адстойваць свой пункт гледжаньня? Так, магу”.

Пагромаў ня будзе, а вось “нахапаць” могуць па поўнай праграме...

(Стас, Кобрын: )“Ці перарасьце рамантычны бунт духу Плошчы ў рэвалюцыю канкрэтных вулічных дзеяньняў?”

(Калінкіна: ) “Калі маецца на ўвазе, ці будуць у Менску пагромы, я думаю – не. А ці будуць у Менску вулічныя акцыі, я думаю – так”.

(Кузьміч, Жлобін: ) “Сьвятлана, ці хопіць ва ўлады хрысьціянскіх пачуцьцяў, каб не разагнаць Чарнобыльскія шляхі ў Гомелі, Магілёве, Менску? І другое: ці дастане людзям мужнасьці выйсьці на іх? Кузьміч, Жлобін”.

(Калінкіна: ) “Самі па сабе разганяць “шляхі” ня стануць. Аднак людзі, якія выйдуць на іх – актыўныя. І яны, магчыма, не абмяжуюцца толькі тым, што моўчкі пройдуць па вызначаных маршрутах, пастаяць, паслухаюць лідэраў апазыцыі і разыдуцца... Таму ня выключана, што ў выніку гэтых акцый шмат каго затрымаюць. Ці стане шэсьце ў Менску масавым? Хутчэй не. Але тое, што гэта будзе менавіта шэсьце, ня сто чалавек – я ў гэтым упэўнена”.

(Мікалай, Клімавічы: ) “Ува што Вы больш верыце: рэжым разарве “напруга” знутры “катла”, або гэта здарыцца пад ціскам зьнешніх фактараў? Я за першы варыянт, ён больш годны. Мікалай, Клімавічы”.

(Калінкіна: ) “Думаю, будуць адразу два варыянты. І знутры, і звонку – тады ўсё й адбудзецца”.

(Юлія, Віцебск: ) “Спадарыня Сьвятлана, Вы пішаце пра перамены да лепшага з кан’юнктурнага палітычнага абавязку, або з унутраных перакананьняў? Узгадайце: у 1991-м, 1996-м так высока сягаў народны пратэст, а чым усё завяршылася?.. Па праўдзе, сацыяльны балянс быў і застаецца на карысьць Лукашэнкі: ён захаваў у краіне стабільнасьць, а значыць, ранейшы статус “самай савецкай рэспублікі”... Калі Вы не летуценьнік, чым тады сілкуеце свой аптымізм? Юлія, Віцебск”.

(Калінкіна: ) “У 1991-м, у 1996-м, у 2001-м было нешта такое накшталт аўтатрэнінгу. Мы самі сябе ўгаворвалі, што пры любым раскладзе “наша справа правая, перамогу будзе за намі!” А зараз мяне сілкуе выразнае адчуваньне, што такіх людзей, як я, з такімі перакананьнямі, як у мяне – усё болей. І стаўленьне да нашага пункту гледжаньня, да дэмакратаў, дэмакратычных каштоўнасьцяў ня толькі ў сталіцы, але ўжо і ў невялікіх гарадох і нават у вёсках стала іншым”.

Што лепш: адзін лідэр ці некалькі сустаршыняў шырокага руху?

(Аляксандар Валчанін, Жодзіна: ) “Аб’яднаная грамадзянская партыя. Пытаньне Сьвятлане: што вы скажаце пра Мілінкевіча? Усё ж такі мы выбіралі ня лідэра апазыцыі, а – кандыдата ў прэзыдэнты. Дык ці легітымны ён сёньня?

І другое. Мне падаецца, што трэба пераходзіць у больш палітычнае поле. І, як бы нам цяжка ні было, варта пачаць перамовы з уладамі. Так, гэта можа падацца камусьці нейкай здрадай. Але...”

(Калінкіна: ) “Зараз ідзе размова пра неабходнасьць другога Кангрэсу, які і вырашыць зададзенае вамі пытаньне. Сапраўды, Аляксандра Мілінкевіча выбіралі на прэзыдэнцкую кампанію. Дый, магчыма, не адзін павінен быць лідэр у дэмакратычных сілаў, а некалькі сустаршыняў шырокага руху. Незразумела, як будуць весьціся перамовы паміж Казуліным і Мілінкевічам (і ці будуць яны весьціся), але прапанова пра аб’яднаньне слушная.

Што тычыцца дыялёгу з уладамі, варта памятаць: на канфрантацыі – толькі на канфрантацыі – палітыка не будуецца. Але ёсьць сэнс памятаць і пра тую спробу перамоваў з вэртыкальлю, якая ўжо ладзілася і нічым добрым не завяршылася. І ўсё ж абмяркоўваць падобную ідэю трэба. Таму што стаяць па розныя бакі барыкадаў і абменьвацца альбо брыдкімі словамі, альбо камянямі – таксама ня выйсьце”.

(Андрэй Губарэвіч, Менск: ) “Спадарыня Калінкіна! Як палітычны рэдактар, Вы не маглі не заўважыць непасьлядоўнасьць лідэраў апазыцыі: абураюцца трэцім тэрмінам Лукашэнкі, а самі наверсе яшчэ больш, чым ППРБ. Гляньце на Лябедзьку, Вячорку, рэгіянальны актыў, нарэшце, на свой журналісцкі алімп – ну проста скрозь адны і тыя ж гадамі незаменныя! А мо таму й прайграем, паўсюль губляем ранейшыя пазыцыі, што камандуюць намі такія людзі? Андрэй Губарэвіч, Менск”.

(Калінкіна: ) "Мы прайграем ня толькі таму, што адны і тыя лідэры шмат гадоў кіруюць партыямі або газэтамі. Мы прайграем, бо кожны гуляе ў сваю гульню. Мне, напрыклад, здавалася, што каманда Мілінкевіча да ўчорашніх акцыяў мусіла добра падрыхтавацца. І вельмі зьдзівілася, калі людзі сабраліся, а ніхто ня ведаў, што рабіць... Ні барабанаў вам, ні нейкіх там сьвістулек, ні паветраных балёнчыкаў – самага простага не знайшлося! Ну поўная разгубленасьць! Я не разумею, як так можна... Кожнай справай мусяць займацца прафэсіяналы, якія ў адказе за зробленае".

...І колькі там да 15-годзьдзя дыктатуры?! Пара-тройка вёснаў...

(Калінкіна: ) “А на падсумаваньне вось пра што...

Я была б шчасьлівая, каб сёньняшняя Беларусь была такой, што надзвычай інтэлігентны, ўраўнаважаны, разважлівы чалавек – Аляксандар Мілінкевіч мог перамагчы ў сумленных выбарах.

Але ж у нас іншая краіна! І на мой погляд, узначальваць у ёй рух пераменаў павінны больш энэргічныя людзі. Кажучы вядомымі словамі, – “буйных мала...” “Буйных мала” – вось галоўная беларуская праблема! Таму я дапамагала Казуліну: ён здаваўся мне больш “буйным”. Дарэчы, так і адбылося.

А наагул я буду дапамагаць кожнаму, любому палітыку, які знойдзе ў сабе сілы кінуць выклік гэтай уладзе і змагацца за тое, каб Беларусь стала годнай дзяржавай.

Гісторыя – навука дакладная. Яна сьведчыць: у маленькіх краінах дыктатуры трымаюцца дванаццаць-пятнаццаць гадоў. Так што нам засталося зусім-зусім няшмат...”

* * * "Наступны "Начны госьць" Свабоды – сьпікер Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, прафэсар Станіслаў Шушкевіч. Дасылайце свае пытаньні на аўтаадказьнік (290-39-52), СМС-паведамленьні (391-22-24) ці электронныя допісы (rferl.minsk@gmail.com).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG