Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць адзначаць Вялікдзень праваслаўныя беларусы?


Радыё Свабода, Менск Заўтра, паводле царкоўнага календару, праваслаўны Вялікдзень. Ці будуць і як адзначаць яго жыхары Менску, што належаць да праваслаўнай канфэсіі? Апытаньне на гэты конт на сталічных вуліцах правёў наш карэспандэнт.

(Спадарыня Алена: ) “Абавязкова”.

(Спадарыня Вера: ) “Канешне. А як жа! Вось прыйдзем на вячэрню, потым на ўсяночную. А потым прыйдзем дадому і будзем адзначаць Пасху. Зноў у царкву прыйдзем”.

(Карэспандэнт: ) “Як даўно вы адзначаеце Вялікдзень?”

(Спадарыня Людміла: ) “Даўно. Мне ўжо 75 гадоў. Ужо даўно адзначаю. Трэба жыць толькі з Богам”.

(Спадарыня Святлана: ) “Я ня вельмі даўно адзначаю. Толькі гадоў пятнаццаць адзначаю гэтае вялікае сьвята. Вельмі шкада, што я прыйшла да ўсяго гэтага позна. Вельмі позна. Я лічу, што трэба было раней. Дзядуля і бабуля былі вернікамі. А я прыйшла позна да веры, бо былі камуністы й камсамольцы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адзначаюць зараз гэтак жа як раней?”

(Спадарыня Марыя: ) “Мы раней у вёсцы адзначалі як атрымлівалася. А зараз па іншаму– у царкву ходзім, молімся шмат, кніжак шмат маем. А раней не было іх, не было малітоўнікаў”.

(Спадарыня Натальля: ) “Раней выходзілі на вуліцу і гулялі ва ўбіткі. Так у нас у вёсцы адзначалі. Нафарбуюць яек, бо былі свае куры, усё сваё было. І гуляюць мужчыны: хто ў карты, хто ва ўбіткі. На яйкі гулялі. А жанчыны ў першы дзень так сядзелі, а песень не сьпявалі. А на другі дзень Пасхі яны выходзілі на вуліцы і сьпявалі песьні. Карагод вадзілі, браліся за рукі і сьпявалі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будзеце вы адзначаць Вялікдзень?”

(Спадар Іван: ) “Абавязкова. Буду адзначаць як усе праваслаўныя. Як і каталікі. Я паважаю ўсе канфэсіі. Пайду на ўсяночную, пабуду на службе”.

(Карэспандэнт: ) “Вялікдзень – вялікае сьвята для беларусаў?”

(Спадарыня Іра: ) “Гэта маё любімае сьвята. Я перажываю вялікі духоўны пад’ём. Гэта ўваскрасеньне Хрыста найперш. Як бы перараджэньне. Нібыта другое дыханьне набываеш”.

(Спадарыня Зоя: ) “Уваскрос. Ісус Хрыстос уваскрос. Сапраўды ўваскрос. Заўтра ўжо будуць сьпяваць гэта”.

(Спадарыня Галіна: ) “Калі былі Адам і Ева, то яны паспыталі забаронены яблык. Яны пагрузьлі ў грэх. І мы ўсе нарадзіліся ў граху. А сваім уваскрасеньнем Ісус Хрыстос даў нам магчымасьць праз пакаяньне ўратавацца ад гэтага граху. І атрымаць жыцьцё вечнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG