Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі ў Беларусі ў ацэнках палітыкаў і прэсы за мяжой – хроніка тыдня


Радыё Свабода, Менск Міжнародная рэакцыя на беларускія падзеі гэтага тыдня.

17 красавіка, панядзелак

Інфармацыйныя агенцтвы паведамілі, што напярэдадні, нягледзячы на каталіцкі Вялікдзень, у шэрагу эўрапейскіх гарадоў адбыліся акцыі ў сувязі з падзеямі ў Беларусі. У Варшаве каля расейскай амбасады адбыўся пікет супраць падтрымкі Масквою Аляксандра Лукашэнкі. У Бэльгіі ў часе сьвяточнага набажэнства ў грэка-каталіцкай беларускай царкве ў Антвэрпэне ўзгадваліся пацярпелыя ад рэпрэсіяў.

“Ціснучы на Беларусь” – у рэдакцыйным артыкуле пад такой назвай амэрыканская газэта "Washington Times" аналізуе магчымыя стратэгіі заходніх краінаў адносна Беларусі: “Злучаныя Штаты і Эўразьвяз павінны супрацоўнічаць, узмацняючы ціск на эўрапейскага дыктатара, працягваючы падтрымліваць дэмакратычную апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць. Для таго, каб дэмакратыя дамінавала ва Ўсходняй Эўропе, адзінства заходніх краінаў зьяўляецца галоўнай перадумовай”.

18 красавіка, аўторак

Кангрэс ЗША заклікаў міжнародную супольнасьць працягваць дапамогу пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы і зазначыў, што гэта асабліва патрэбна ў будучыя дзесяцігодзьдзі, калі вырастуць праблемы са здароўем. У адмысловай рэзалюцыі да 20-х угодкаў аварыі на ЧАЭС Кангрэс таксама нагадаў, што каля 5 мільёнаў чалавек надалей жывуць у забруджаных радыяцыяй раёнах Беларусі, Расеі і Ўкраіны, і падкрэсьліў, што там адзначаны рост ракавых і іншых захворваньняў.

Тым часам, міжнародная экалягічная арганізацыя "Greenpeace" у сваёй справаздачы адзначыла, што доўгатэрміновыя наступствы Чарнобыля сур''ёзна недаацэненыя. Адзначаецца, што ў Беларусі ад яе загінулі або загінуць да 2056 году каля 22 тысяч чалавек. Экспэрты арганізацыі рэкамэндуюць міжнароднай супольнасьці ўзяць пад увагу іх зьвесткі і неадкладна перагледзець справаздачу ААН.

19 красавіка, серада

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Нікалас Бэрнс заявіў у Маскве, што Злучаныя Штаты будуць настойваць на разглядзе сытуацыі ў Беларусі, канфліктаў у Грузіі, Малдове і Нагорным Карабаху падчас сёлетняга саміту лідэраў “вялікай васьмёркі”, які пройдзе ў ліпені ў Санкт-Пецярбурзе. Спадар Бэрнс заявіў таксама, што большасьць сяброў “вялікай васьмёркі” згодная з тым, што выбары ў Беларусі, якія дазволілі захаваць уладу аўтарытарнаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, былі “антыдэмакратычнымі”.

У парлямэнце Вялікай Брытаніі ўпершыню адбыліся слуханьні аб праблемах дэмакратызацыі ў Беларусі. Брытанскі міністар у справах Эўропы Дуглас Аляксандар назваў беларускі рэжым "анахранізмам" і пацьвердзіў брытанскую падтрымку санкцыяў, уведзеных Эўразьвязам супраць беларускіх кіроўных асобаў, а таксама іншых эўрапейскіх праектаў, улучна са стварэньнем крыніцаў незалежнай інфармацыі.

Эўрапейскія парлямэнтары выступілі з прапановай выдзеліць зь бюджэту Эўразьвязу 60 мільёнаў эўра для стварэньня Эўрапейскага фонду дэмакратыі. Мэта такога фонду – падтрымка дэмакратыі за межамі Эўразьвязу, у тым ліку і ў Беларусі.

“Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску вітае вызваленьне 14 красавіка Міхаіла Марыніча, які амаль два гады знаходзіўся ў турме паводле відавочна сфабрыкаваных і палітычна матываваных абвінавачаньняў”, – гаворыцца ў заяве амэрыканскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі.

Адначасна Злучаныя Штаты заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, у тым ліку кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна і актывістаў арганізацыі “Партнэрства”.

Глыбокую занепакоенасьць новым ціскам беларускіх уладаў на газэту “Наша Ніва” выказала міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў”, якая базуецца ў Францыі. Прадстаўнік гэтай арганізацыі Жан-Франсуа Жыляр у гэтым зьвязку заявіў:

(Жыляр: ) "Мы асуджаем гэтае рашэньне, бо гэта новы спосаб пагражаць газэце, новы спосаб спыніць яе дзейнасьць. Гэта – новы шлях заглушыць незалежны голас. Сытуацыя была вельмі кепскай напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і падчас іх. Але цяперашняя сытуацыя азначае, што прэзыдэнт Лукашэнка не дапускае любую крытыку ўвогуле, і ня толькі падчас выбарчай кампаніі".

20 красавіка, чацьвер

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч у Осьлё абмяркоўваў сытуацыю ў Беларусі з прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Енсам Сталтэнбэргам і дзяржсакратаром краіны Мортэнам Вэтляндам, а таксама меў сустрэчы ў камітэце міжнародных справаў парлямэнту Нарвэгіі. У часе сустрэч нарвэскі бок выказаўся за правядзеньне ў Беларусі новых прэзыдэнцкіх выбараў і ў падтрымку палітвязьняў.

У Менску ў міжнароднай чарнобыльскай канфэрэнцыі браў удзел кіраўнік кіеўскага офісу Эўрапейскай камісіі. Ён Боўг у эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё заявіў пра складанасьці, якія існуюць у дачыненьнях паміж Эўразьвязам і беларускімі уладамі.

(Боўг: ) “Калі вы вывучалі апошнія рашэньні рады міністраў Эўразьвязу, дык зь іх можна ўбачыць, што самымі галоўнымі адносна Беларусі застаюцца пытаньні разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека. Нядаўнія прэзыдэнцкія выбары разглядаліся Эўразьвязам як своеасаблівы тэст для ўладаў. Аднак, на думку Эўразьвязу, як і бальшыні назіральнікаў, выбарчая кампанія мела сур’ёзныя недахопы. Калі ж Беларусь дасягне прагрэсу ў галінах дэмакратыі й правоў чалавека, мы зможам перанесьці эўрапейскую палітыку добрасуседзтва на Беларусь, каб і яна магла скарыстацца яе перавагамі, як гэта робяць цяпер Украіна ды Малдова”.

Цэнтральнаэўрапейская прэса працягвае крытыкаваць санкцыі Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў як недастатковыя. Чэская газэта “Lidové Noviny” крытычна ацаніла заявы старшыні Эўракамісіі Мануэля Барозу пра спадзевы Эўразьвязу на тое, што Расея будзе ціснуць на беларускія ўлады ў абарону беларускай апазыцыі: “Сама думка пра Расею як інструмэнт дэмакратыі – утапічная, бо Расея (разам з Кубай і Кітаем) адна зь першых прызнала вынікі беларускіх выбараў. Найгоршая рэч – гэта тое, што Эўразьвяз фактычна называе краіны на захад ад Польшчы сфэрай выключна маскоўскага ўплыву. Такі падыход дазваляе Расеі дыктаваць свае умовы і пагражае існаваньню Беларусі на мапе сьвету”.

22 красавіка, пятніца

Міністэрства замежных справаў Канады патлумачыла, чаму напярэдадні канадзкія ўлады адмовіліся прыняць на сваёй тэрыторыі дзеля запраўкі беларускі ўрадавы самалёт, на борце якога зьбіраліся ляцець на Кубу два чыноўнікі, супраць якіх Эўрапейскі Зьвяз ужыў візавыя санкцыі. У адмысловай заяве гаворыцца, што “нядаўнія падзеі ў Беларусі выклікалі сур’ёзныя сумневы міжнароднай супольнасьці адносна адданасьці цяперашніх беларускіх уладаў дэмакратызацыі і правам чалавека”.

Польская “Gazeta Wyborcza” ў артыкуле “Пра што можна размаўляць зь Беларусьсю?” абмяркоўвае прапановы беларускага боку дзеля “паляпшэньня польска-беларускіх дачыненьняў” – адкрываць новыя памежныя пераходы, зьніжаць цэны візаў, разам займацца навакольным асяродзьдзем у памежных рэгіёнах і ажывіць культурнае супрацоўніцтва. Газэта піша: "Пра такія рэчы з суседзямі заўсёды варта размаўляць. Але нельга забывацца на тое, што Лукашэнка, робячы такія прапановы, сыпле нам пясок у вочы. Шукае, як вывесьці свой рэжым зь міжнароднай ізаляцыі. Хоча, каб мы пачалі працаваць над агульнымі справамі, не зьвяртаючы ўвагі на леташнюю брутальную расправу з законна абараным кіраўніцтвам Саюзу палякаў Беларусі. Каб мы забыліся, што нядаўнія прэзыдэнцкія выбары адбыліся з парушэньнем усіх дэмакратычных прынцыпаў".

Тым часам Дзяржаўная дума Расеі ўхваліла адмысловую заяву, у якой выказала падтрымку кіраўніцтву Беларусі і заявіла пра недапушчальнасьць умяшаньня ва ўнутраныя справы краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG