Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Беларусі адмовілася разглядаць скаргу Казуліна


Радыё Свабода, Менск Пракуратура Беларусі адмовілася разглядаць скаргу Аляксандра Казуліна на зьбіцьцё падчас затрыманьня 25 сакавіка. Тым часам экс-кандыдат на прэзыдэнта заяўляе, што выкарыстоўвае час знаходжаньня за кратамі для вывучэньня карнай сыстэмы ў Беларусі.

21 красавіка ў Жодзінскай турме з Аляксандрам Казуліным сустрэўся ягоны адвакат Ігар Рынкевіч. Ён паведаміў, што за мінулы тыдзень сьледчых дзеяньняў у справе былога кандыдата на прэзыдэнта з удзелам спадара Казуліна не вялося, аднак да матэрыялаў справы дададзены пэўны дакумэнт. Гэта скарга Аляксандра Казуліна на дзеяньні міліцыянтаў падчас ягонага затрыманьня 25 сакавіка. Скаргу экс-кандыдат даслаў у пракуратуру Беларусі, але там зь ёй разьбірацца не пажадалі і накіравалі для рэагаваньня сьледчым у справе Казуліна. Адвакат Ігар Рынкевіч лічыць такія дзеяньня пракуратуры паказальнымі.

(Рынкевіч: ) “Працэсуальна гэта магчыма, але пры жаданьні пракуратуры сапраўды назіраць за законнасьцю ніхто ёй не перашкаджаў весьці і свае дзеяньні. Гэта ёсьць асноўная навіна пра справу Казуліна”.

Як паведаміў адвакат, Аляксандар Казулін у турме болей за сваю крымінальную справу цікавіцца падзеямі на волі. Экс-кандыдат на прэзыдэнта заклікаў сваіх паплечнікаў зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) прыняць актыўны ўдзел у Чарнобыльскім шэсьці й мітынгу, што адбудуцца 26 красавіка ў Менску. Паводле адваката, палітвязень Жодзінскай турмы лічыць гэтыя акцыі галоўнымі ў красавіку і не выключае, што на мітынгу выступіць ягоная жонка Ірына.

Экс-кандыдат занепакоены тым, што дагэтуль не атрымаў ад Аляксандра Мілінкевіча адказу на прапанову стварыць дэмакратычную кааліцыю ў новым фармаце, “улічваючы вынікі выбараў”, удакладніў адвакат. Таксама, паводле Ігара Рынкевіча Аляксандар, Казулін асудзіў ціск беларускіх уладаў на газэту “Наша ніва”, якую фактычна выціскаюць з краіны.

(Рынкевіч: ) “Ён лічыць “Нашу ніву” сапраўдным спадкаемцам адной са старэйшых беларускіх газэт, якая, цытую, “дэманструе высокі узор беларускай культуры”.

Паводле адваката, у камэры Аляксандар Казулін мусіў часьцей глядзець беларускае тэлебачаньне і пераканаўся , што яму “бракуе сапраўдных навінаў, а таксама глыбокіх і пазнавальных праграмаў”. Што да свайго знаходжаньня ў турме, то і ў гэтым Алякандр Казулін бачыць станоўчае, кажа Ігар Рынкевіч.

(Рынкевіч: ) “Ён сказаў, што як будучы прэзыдэнт цяпер вывучае ўмовы пэнітэнцыярнай сыстэмы”.

Нагадаем, Аляксандра Казуліна арыштавалі 25 сакавіка пасьля акцыі прыхільнікаў пераменаў, прымеркаванай да Дня Волі. Экс-кандыдату на прэзыдэнта пагражае да 6 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачваньня ў злосным хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Аляксандар Казулін лічыць, што яго перасьледуюць за палітычную дзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG