Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява Расейскай Думы па Беларусі прайшла незаўважанай


Віктар Дзятліковіч, Масква Сёньня Дзярждума Расеі ўхваліла заяву “Аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі”. Ініцыявалі заяву камуністы. А падтрымалі амаль усе дэпутаты расейскага парлямэнту.

Заява аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі была сёньня адным зь некалькіх дзясяткаў пунктаў парадку дня чарговага паседжаньня Дзяржаўнае Думы Расеі. На разгляд гэтага пытаньня дэпутаты адвялі ня болей за 10 хвілінаў.

Заяву прынялі амаль адзінадушна – 419 галасоў за, і толькі 4 супраць.

Дэпутаты Думы выказалі “сур''ёзную заклапочанасьць у сувязі зь няспыннымі спробамі ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі”.

На думку расейскіх дэпутатаў, непавага да Беларусі выяўляецца ня толькі ў прыняцьці антыбеларускіх рэзалюцыяў эўрапейскімі структурамі, а таксама і ва ўвядзеньні візавых санкцыяў у дачыненьні да кіраўніцтва краіны.

Дзяржаўная Дума Расеі адкінула таксама абвінавачваньні з боку Захаду і на адрас Расеі ў падтрымцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Расейскі парлямэнт сьцьвярджае, што Расея дае “грамадзянам Беларусі ўсебаковую падтрымку і разьвівае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва”.

На думку расейскага парлямэнту, прыхільнікі канфрантацыі й міжнароднай ізаляцыі Беларусі ў эўрапейскіх дзяржавах “сыходзяць з двайных стандартаў пад час ацэнкі палітычных працэсаў у Беларусі”.

Варта зазначыць, што заявы Дзяржаўнай Думы Расеі ня маюць ніякай юрыдычнай моцы і прымаюцца даволі часта па розных падставах.

Заява па беларускім пытаньні сёньня засталася ўвогуле незаўважанай ані расейскімі сродкамі масавае інфармацыі, ані расейскімі палітолягамі. Прынамсі, значна больш сёньня камэнтавалася зусім іншае рашэньне расейскага парлямэнту – а менавіта адмена амаль паловы адтэрміновак ад службы ў расейскай арміі. Выглядае, што гэтае пытаньне цікавіць расейскае грамадзтва значна больш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG