Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: збудавалі міні-ГЭС – затапілі пасёлак


Падрыхтаваў Вячаслаў Кулік Агляд недзяржаўнага друку за 21 красавіка.

Перапалохам мясцовага насельніцтва абярнуўся энэргетычны экспэрымэнт дрэваапрацоўчага камбінату ў гарадзкім пасёлку Варапаева Віцебскай вобласьці. Як сёньня піша “Витебский курьер”, ля міні-гідраэлектрастанцыі вада разбурыла дамбу і заліла збудаваньні ў межах 12 гектараў. Перадусім пацярпела хатняя маёмасьць. Паводле газэты, спатрэбіцца некалькі месяцаў, каб цалкам ліквідаваць наступствы аварыі.

Сёньня “Брестская газета” друкуе дасьледаваньне аб праблеме самагубстваў праз павешаньне. Як паведамляецца, Беларусь адносіцца да ліку краінаў зь вельмі вялікай іх колькасьцю. У мінулым годзе было трыццаць выпадкаў на кожныя сто тысяч насельніцтва, гэта больш як 3,5 тысячы сьмерцяў. Пра прычыны і тэндэнцыі – у артыкуле “Жыць альбо не?”.

Не мінула і трох гадоў, як сям’я, у якой нарадзіўся 300-тысячны жыхар Берасьця, нарэшце атрымала ад улады абяцаны падарунак: новую кватэру ў мікрараёне Кавалёва. “Брестская газета” паведамляе, што на ўрачыстасьці чыноўнікі гаварылі нібыта пра шчасьлівы выпадак. Між тым журналісты даводзяць, што дасюль двое бацькоў і іхныя тры сыны займалі невялічкі пакой у інтэрнаце дывановага камбінату.

Наваполацкі тыднёвік “Химик” знаёміць сваіх чытачоў з чарнобыльскім выратавальнікам Уладзімерам Шнітком. За мінулыя дваццаць гадоў гэты чалавек адзін раз быў у санаторыі. Паведамляе рэдактар выданьня Андрэй Аляксандраў:

(Аляксандраў: ) “Гэта было, калі ён працаваў у прыватнай фірме. Не дзяржава, а менавіта бізнэсовец аплаціў яму паездку ў санаторыю. Такой была даніна павагі да яго як чарнобыльца”.

Па зьвестках слуцкага “Інфа-Кур’ера” толькі ў першыя месяцы гэтага году ў горадзе і раёне выяўленыя 104 анкалягічна хворыя. Як паведаміў доктар Уладзімер Пранько, ад раку лёгкіх, страўніка і прастаты на Случчыне лечацца цяпер амаль 3 тысячы мясцовых жыхароў.

Які сёлета сапраўдны кошт бярозавіку? На Піншчыне, як паведамляе “Вечерний Брест”, Сошненскае лясьніцтва пачало прадаваць бярозавік проста на лясных палянах. Там 40-літровая ёмістасьць соку каштуе каля чатырох тысяч рублёў, а 100-літровая – 10 тысяч 600 рублёў. Экспэрымэнт, як даводзяць журналісты, выклікаў чэргі. А лясьнікі атрымліваюць дадатковы прыбытак і засьцерагаюць бярозы ад экалягічнага барбарства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG