Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 траўня ў Менску плянуюцца грамадзкія акцыі з нагоды Дня працы


Радыё Свабода, Менск 1 траўня ў Менску плянуюцца грамадзкія акцыі з нагоды Дня працы. У Менгарвыканкам пададзены дзьве заяўкі на правядзеньне шэсьцяў па вуліцах сталіцы – адна ад прафсаюзаў і камуністаў, другая ад сацыял-дэмакратаў.

Пра жаданьне адзначыць Дзень працы масавай акцыяй у Менску заявілі прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці і Партыя камуністаў Беларуская. Прафсаюзны дзеяч Аляксандар Бухвостаў і лідэр ПКБ Сяргей Калякін накіравалі ў Менгарвыканкам супольную заяўку на правядзеньне шэсьця й мітынгу. Вось што паведаміў на гэты конт спадар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Мы ў заяўцы паказалі, што мы праводзім дэманстрацыю. Збор удзельнікаў дэманстрацыю на пляцоўцы ля Акадэміі навук. Маршрут руху па праспэкце Незалежнасьці, вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор і мітынг у парку Дружбы народаў. Мэта нашай дэманстрацыі – гэта абмеркаваньне сацыяльна-эканамічнага становішча працоўных”.

Паводле Аляксандра Бухвостава, лейтматывам акцыі стане пратэст яе ўдзельнікаў супраць кантрактнай сыстэмы, якую ўвялі цяперашнія ўлады на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах. Ініцыятары мерапрыемства разьлічваюць на падтрымку розных грамадзкіх сіл. І найперш, як падкрэсьліў спадар Бухвостаў, сяброў дэмакратычных прафсаюзаў і сацыял-дэмакратычных партый.

Лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў мяркуе, што пратэст супраць кантрактнай сыстэмы, насамрэч, вельмі надзённы для беларускіх працоўных:

(Быкаў: ) “Праблема надзённая. Кантрактная сыстэма прымалася для таго, каб усіх трымаць ва ўезьдзе. Кантракт скіраваны на тое, каб апусьціць, узяць за горла найбольш актыўных людзей і выкінуць іх з працы, каб застрашыць іншых. Гэта проста палітычная дубіна ў руках улады”.

Што да сацыял-дэмакратаў, то частка іх плянуе 1 траўня адзначыць Дзень працы сваёй акцыяй. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) таксама накіравала ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце й мітынг. Вось што паведаміў пра гэта Радыё Свабода адзін з лідэраў БСДП Віталь Малашка:

(Малашка: ) “Мы падалі заяўку ад плошчы Якуба Коласа правесьці шэсьце і ў парку Янкі Купалы правесьці мітынг. 1 траўня – гэта сьвята сацыял-дэмакратыі, яно праводзіцца ва ўсім сьвеце. Лёзунгі звычайныя: і пра цэны, і пра кантракты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG