Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Каяцца трэба тым, хто парушае Канстытуцыю... Каяцца трэба рэктару, а ня тым студэнтам, хто ўдзельнічаў у дэманстрацыі"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер 20 красавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Мікалай Бельскі: ) “Дзякуй за свабоду, што можна ў любы час пазваніць, а то ўвесь час заняты. Калгасьнік скраў мех, мусіць, мукі, яму прысуд. А што будзе начальніку? Ён жа ня столькі крадзе. Гэта на ўзроўні міністэрства і прэзыдэнта, я думаю”.

(Ірына Зьміцераўна: ) “Я паважанага ўзросту, прызнаю Аляксандра Ўладзімеравіча Мілінкевіча лідэрам усіх дэмакратычных сілаў Беларусі. І галасавала за яго на прэзыдэнцкіх выбарах. З павагай таксама стаўлюся і да Ўладзіслава Станіслававіча Казуліна. Я захаплюся мужнасьцю абодвух кандыдатаў у прэзыдэнты. У мяне пажаданьне да Радыё Свабода і апазыцыйнай працы ўсіх нашых дэмакратаў. Мне падаецца, што да інфармацыйнай працы з насельніцтвам Беларусі неабходна падключаць псыхолягаў. Які працэнт нашага грамадзтва найбольш падпадае пад замбіраваньне? Якога складу гэтыя людзі, якога ўзросту? Хто зь юнацтва быў настроены крытычна яшчэ да савецкай улады, таго і цяпер ніякай дыктатурай немагчыма замбіраваць. Ці складае іх большую частку зусім маладыя, тыя, хто вырас пры Лукашэнку? Напэўна, сярод вашых паплечнікаў усё ж такі болей людзей сьпелых, 35-гадовых і старэйшых, толькі ім перашкаджае звыклы страх перад рэпрэсіямі. Вашая задача, мне падаецца, раззамбіраваць маладых і тых, хто яшчэ ня страціў гібкасьць розуму. Трэба дапамагчы пазбавіцца ад страху ўсім вашым прыхільнікам. Я слухаю Радыё Свабода і ўпэўніваюся, што нас ня так мала. У мяне зьявілася надзея”.

(Спадарыня: ) “Паважанае Радыё Свабода! Тэлефаную, каб перадаць вялікае дзякуй Сяргею Дубаўцу за перадачу “Вострая брама”, якая прагучала днямі на вашым радыё. Было такое адчуваньне, што я была побач з тымі, хто быў на Кастрычніцкай плошчы, а потым у сквэры. Вельмі шкада, што мала хто пачуў гэту перадачу. Голас Дубаўца распавядаў пра тыя падзеі настолькі яскрава, што хацелася слухаць і слухаць. Мае вочы былі запоўнены сьлязьмі, а сэрца болем за вас, мае дарагія ўнукі і дзеці, за вас, Сяргей Дубавец. Вельмі шкада, што мой стан здароўя і ўзрост не дае магчымасьці быць побач. Але верце, я з вамі за свабодную Беларусь да канца дзён сваіх! Дзякуй, Сяргей. Вашы ўсе перадачы вельмі цікавыя і добрыя, але гэта мяне асабліва кранула. Яшчэ раз дзякуй. І дзякуй, Радыё Свабода, што яны даюць нам паслухаць гэтыя падзеі”.

(Спадар: ) “Учора, у аўторак, у Доме мастацтва праходзіў збор братоў сьведак Яговы. На гэтым сходзе адзін з братоў заявіў, што неабходна будаваць залі царства Беларусі і Расеі, менавіта так. Гэта ўжо палітычная замова. Напярэдадні адзін з братоў сьцьвярджаў, што брацтва сьведак Еговы не займаецца палітыкай.

Другое. Было заяўлена, што ўсе рэлігіі грэшныя, не дапушчальны ні мусульмане, ні праваслаўныя, ні каталікі, ні іншыя. Адзіная правільная рэлігія – сьведкаў Яговы. Ці не распальваньне гэта міжканфэсійнай рэлігійнай варожасьці? І больш таго. Чаму гэтае брацтва сьведак Яговы забаронена ў Расеі, мне так казалі, і хто дазволіў яго адкрыць у Менску? Зь якой мэтай? Паспрабуйце адказаць”.

(Міхаіл Леках: ) “Думаю, калі людзі ня хочуць вучыцца, а хочуць мітынгаваць, то трэба іх вызваліць ад дзяржаўных навучальных установаў. Дзяржава іх жа ўтрымлівае, дае інтэрнаты, стыпэндыю, хай нават і малую. Ну, ня хочуць вучыцца, хай мітынгуюць. Вызваліце іх ад навучаньня ў дзяржаўных навучальных установах, хай вучацца ў прыватных навучальных установах”.

(Віталь Куплевіч: ) “Ва ўмовах дыктатуры настаўнікі і выкладчыкі змагаюцца, а ўрокадаўцы заняткаў і лекцыядаўцы ператварылі даўно школы ў інтэлектуальныя вязьніцы, а ўнівэрсытэты ў кашмары. Яны не дастойны высокага званьня настаўніка і выкладчыка. Яны ідэолягі, спэцыялісты па ўбіваньню ў галовы таталітарнай ідэалёгіі расейскага-імпэрскага нацыяналізму, шавінізму, фашызму. Я настаўнік, таму звольніўся са школы, бо не хачу быць ідэолягам-урокадаўцам. Пасьля не магу знайсьці ніякай працы. Быў зь лепшымі вучнямі ў намётавым мястэчку, зь лепшымі студэнтамі і студэнткамі. Ганаруся вамі, лепшыя вучні, студэнты і студэнткі! Раскайвацца вам у Эканамічным унівэрсытэце няма ў чым. Вы лепшыя маладыя людзі нашай бацькаўшчыны! Таму трымайцеся. Меў гонар сядзець таксама зь лепшымі настаўнікамі і зь лепшымі студэнтамі. Будзьма разам! Мы пераможам! Віталь Куплевіч, настаўнік геаграфіі зь мястэчка Радунь”.

(Іван Карпавіч, Менск: ) “Пачуў, што трэба пакаяцца студэнтам, тым, хто быў на плошчы. Я ня ведаю, якія ў нас рэктары вышэйшых навучальных установаў. Яны павінны засвойваць праграму са студэнтамі, а не палітыкай займацца! Гэта ў першую чаргу. А ў другую, каяцца трэба тым, хто парушае Канстытуцыю. А згодна Канстытуцыі: свабода слову, свабода друку, свабода дэманстрацыям – нідзе ня трэба браць дазвол. Людзі стыхійна могуць сабрацца на любой плошчы, не парушаючы грамадзкага парадку. Хто павінен каяцца? Каяцца трэба рэктару, а ня тым студэнтам, хто ўдзельнічаў у дэманстрацыі.

Па-другое. Возьмем просты прыклад. Гістарычны факультэт скончыў глава дзяржавы. Скарына памёр, а Піцер пабудавалі значна пазьней. Як можна вучыць дзяцей ці яшчэ каго, калі ён сам гісторыю ня ведае! Ня трэба невукаў выпускаць з вучэбных установаў, а граматных спэцыялістаў! Вось у чым справа.

Каяцца трэба главе дзяржавы, Ярмошынай, Канстытуцыйнаму суду, народным судзьдзям, як яны называюцца, адміністрацыйным і сілавым структурам!”

(Яблонскі, Маладэчна: ) “Праз вашу перадачу зьвяртаюся да кіраўнікоў і выкладчыкаў навучальных установаў. І хачу сказаць ім: адумайцеся, гэта ня час Берыяў і Яжовых, а ХХІ стагодзьдзе! Няўжо вы хочаце, каб вашым дзецям і ўнукам сорамна было за вас? А маладым людзям і студэнтам кажу: мы ўсе ўражаныя вашай мужнасьцю і падтрымліваем вас. Трымайцеся!”

(Спадар: ) “Вялікі дзякуй за тое, што вы рассылаеце навіны СМС-паведамленьнямі. Гэта таксама адзін са спосабаў сувязі з народам. Але, калі можна, дасылайце іх лацінкай, бо ня ўсе тэлефоны могуць чытаць кірыліцу. Вялікі дзякуй”.

(Бароўская, Маладэчна: ) “З вашай перадачы пачула, што кіраўнік Эканамічнага ўнівэрсытэту прымушае студэнтаў, удзельнікаў намётавага гарадку з плошчы Каліноўскага, адрачыся ад сваіх поглядаў, ад барацьбы за свабоду і пакаяцца, што азначае стаць на калені перад уладай. Мяне двойчы абразілі такія дзеяньні кіраўніцтва, таму што я закончыла гэты ўнівэрсытэт і вучылася разам зь некаторымі зь іх. А душой і сэрцам я з вамі, маладыя змагары! Трымайцеся! Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Вы занадта шмат часу ўдзяляеце Лукашэнку і яго хаўрусьнікам. Усё роўна з паляўнічымі стрэльбамі і камянямі ніхто ня пойдзе на танкі і аж 27 самалётаў, як казаў Лукашэнка. Патрэбна жыць сучаснасьцю, адкрыць тэлеканал. Радыё Свабода слухаюць толькі прыхільнікі розных поглядаў, а асноўная маса глядзяць толькі БТ і ОНТ. Патрэбен тэлеканал і грунтоўна падрыхтаваныя выступы на “Свабодзе” навукоўцаў на розныя тэмы. Шануйце час. А лямант па радыё не патрэбен. Дайце слова грунтоўна падрыхтаваным выступоўцам на розныя тэмы, навукоўцам, палітыкам, моладзі, менавіта, моладзь трэба вылучаць. Выдзеліце час з 22:30 да 23:00. А паўтор не патрэбен. Не марнуйце час, шануйце кожную хвіліну”.

(Спадар: ) “Хачу даведацца, ці аддалі ўлады арыштаваны “Звон свабоды”? Мяркую, што галоўны звон Беларусі павінен гучаць пад час Чарнобыльскага шляху, нагадваючы пра нашую вялікую бяду і заклікаючы да міласэрнасьці і дапамогі ахвярам гэтай катастрофы”.

(Анастас Семяновіч: ) “Таварышы лукашысты! Пакіньце нашу любімую газэту “Наша Ніва” ў спакоі. Гэта адзіная газэта ў Беларусі. Я яе выпісваю, чытаю ад першай старонкі да апошняй. Калі вам штосьці не падабаецца ў гэтай газэце, то, думаю, пара вам у “Навінкі”, пакуль ня позна. Яшчэ раз нагадваю вам, бальшавікі-лукашысты, што хутка будзе ваш фініш, і трэба будзе трымаць перад беларускім народам адказ”.

(Спадарыня: ) “Сьвятлана, дзе можна купіць газэту “Народная Воля”? Жыхарка вёскі Яніна Верхнядзьвінскага раёну Віцебскай вобласьці”.

(Спадар: ) “Дарагая “Свабода”! Не студэнтаў унівэрсытэтаў трэба судзіць, а судзіць Шымава і Стражава за іх калябарацыянізм! Свабоду Казуліну! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “У Мілінкевіча, Казуліна, Лябедзькі моцны інтэлект, моцная энэргетыка, прывабнасьць, выдатная адукацыя. Цяперашні галоўны іх падноска ня варты”.

(Спадар: ) “Шаноўнае спадарства! Дзе вы выкапалі чацьверГ? Няма чацьвярГу ў беларусаў! Не вычварайцеся, калі ласка, над беларускай мовай”.

(Спадар: ) “Вось Мілінкевіч агітуе ўсіх зрабіць пераварот ці рэвалюцыю ў Беларусі. А нам трэба ж ведаць – дзеля чаго? Хай ён на прыкладах Грузі, Кіргізіі і Ўкраіны дакажа нам, што іх жыцьцё стала лепшым, багатым, краіны сталі квітнець; хай параўнае заробкі і пэнсіі ўсіх катэгорыяў рабочых і служачых аднаго ўзроўню, канечне. А то мой знаёмы з Украіны піша, што іх жыцьцё стала горшым. Дык навошта нам гэтая рэвалюцыя? Каб Мілінкевіч стаў проста прэзыдэнтам? А мне што ад гэтага? Ён абяцае толькі свабоду, дэмакратыю. А куды мне яе класьці? І што значыць даць мне свабоду, свабоду чаго? Яна ў мяне ёсьць. Я б хацеў пасядзець бы за круглым сталом зь Мілінкевічам ці Карбалевічам. А то сядуць усе свае, адзін перада адным стараецца, хто лепш абгадзіць Лукашэнку. Хай на гэтае пытаньне ваш Карбалевіч і адкажа. Ці ў вас ёсьць Сяргей Дубавец. Дык ён зусім бязглузьдзіцу нясе, ня дай Бог, што бабульку пасадзяць у турму за тое, што яна скажа, што ў яе ваду адключылі. Ну, давайце, хлопцы, адказвайце, не саромейцеся”.

(Спадар: ) “Пытаньне да палітолягаў. За сваю гісторыю чалавецтва, напэўна, напрацавала шэраг мэтодыкаў па ліквідацыі дыктатур ці стварэньня ўмоваў для іх падзеньня. Прадбачу галоўны аргумэнт – фінансаваньне. Гісторыя вучыць, што калі б фашысцкую дыктатуру Гітлера своечасова пераканалі б, то не было б другой сусьветнай вайны. А для ліквідаваньня дыктатуры Лукашэнкі можа спатрэбіцца значна больш намаганьняў і сродкаў, чым некалькі гадоў таму. Атрымліваецца: “Скупой заплатит дважды”. А беларусы заплацяць зламанымі лёсамі і гадамі, скрадзенымі з жыцьця, і самім жыцьцём”.

(Спадар: ) “Да якога часу вам будуць тэлефанаваць гэтыя лукашысты? А вы іх паведамленьня цэлы тыдзень перадаеце. А як мы патэлефануем, альбо ні разу не перадасьцё ці толькі раз. Хай яны раскажуць, за што яны так хваляць Лукашэнку. Калі, напрыклад, я званю, то кажу, што на пэнсію пражыць немагчыма, высокія кошты на лекі і прадукты, на ўсе паслугі і г.д.; вялікая сьмяротнасьць насельніцтва маладых людзей, дрэннае мэдычнае абслугоўваньне, стабільна працуюць толькі пахавальныя канторы, разваліў заводы, калгасы. А яны хваляць Лукашэнку і нічога не гавораць. Мы ведаем гэтых людзей – гэта вэтэраны, міліцыянты, пэнсіянэры, якія атрымліваюць вялікую пэнсію, яны на дзяржаўным забесьпячэньні, дакладней, на нашым, бо ад нас аднімаюць, а ім даюць”.

(Аляксандар Валчанін, Жодзіна: ) “Аб’яднаная грамадзянская партыя. Хацеў бы задаць пытаньне Сьвятлане. Што яна думае пра лідэра апазыцыі? Усё ж такі мы не выбіралі лідэра апазыцыі, а выбіралі кандыдата ў прэзыдэнты. Ці легітымны такі лідэр апазыцыі?

І другое. Мне падаецца, што трэба пераходзіць у больш палітычнае поле. І, як бы нам цяжка не было, трэба пачаць перамовы з уладамі. Так, можа гэта камусьці падасца нейкай здрадай. Але, мяркую, што трэба ўсё ж такі пачаць перамовы з уладамі, як бы цяжкі яны нам не былі”.

(Ніна Аляксееўна, пэнсіянэрка: ) "Мы шмат пражылі, мы помнім многіх, якія пакаяліся перад душагубамі Леніным і Сталіным. Помнім і тыя часы, калі каяліся і перад першымі сакратарамі ЦК. Кім яны сталі? Усімі пагарджаныя, і акрамя пачуцьця грэблівасьці нічога не выклікаюць. Сахарава памятае ўвесь сьвет. Вуліцы ва ўсіх краінах носяць яго імя. Лепшым сынам і дочкам маёй Беларусі: "Не плачь! Не бойся! Не проси!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG