Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Палітычная геаграфія": бунт у "родным" саўгасе Лукашэнкі?


Ягор Маёрчык, Гарадзец, Шклоўскі раён, Магілёўшчына (эфір 19 красавіка) Новая перадача сэрыі "Палітычная геаграфія".

На 45-ю гадавіну саўгасу “Гарадзец” колішні дырэктар Аляксандар Лукашэнка зрабіў падарунак — падпісаў загад, паводле якога калектыўная гаспадарка далучаецца да “Беларусбанку”. Гэта такая практыка: загадам кіраўніка дзяржавы на балянс пасьпяховаму прадпрыемству перадаецца стратнае, каб яны выжывалі разам.

Першы візыт новага начальства ў асобе старшыні банку Надзеі Ярмаковай азмрочылі мэханізатары. Генадзь Жмудзікаў быў сярод тых, хто выставіў ультыматум: альбо вы падвышаеце заробкі, альбо мы звальняемся.

(Жмудзікаў: ) “Чалавек пяць хацела звольніцца. Усе разам сабраліся і пайшлі да дырэктара. Ён нам пачаў пра будучыя расцэнкі казаць. Казаў, што за гэтую пасяўную меней за мільён ніхто не атрымае. Кажу яму: “Дзьмітравіч, ты на месяц наперад не кажы! Ты мне зараз заплаці, каб я атрымаў і прынёс у сям’ю”.

(Карэспандэнт: ) “Ён вас паслухаўся? Грошай будзе болей?”

(Жмудзікаў: ) “Мы месяц папрацуем, а пасьля пабачым”.

(Карэспандэнт: ) “А вы як мяркуеце?”

(Жмудзікаў: ) “Мяркую, што добрага ня будзе. За трыццаць працоўных дзён атрымліваецца 139 тысяч “бруднымі”, “чыстымі” выходзіць 100. За гэтыя грошы трэба аплаціць сьвятло і газ, ды яшчэ пракарміць дзяцей. Мяне жонка з дому выганяе! Кажа, каб звальняўся і шукаў, дзе болей плацяць. Мінулую ўборачную я працаваў на камбайне. Нам штодня давалі паперкі, колькі мы зарабілі. Пад канец выходзіла 600 тысяч, а атрымалі толькі 400 тысяч. Нам напісалі нездавальняючую якасьць уборкі й зрэзалі амаль на палову. Усё гэта залежыць ад дырэктара і ягоных падначаленых. А з гэтым дырэктарам ніякага плёну не было і ня будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць іншыя варыянты, дзе працаваць і зарабляць грошы?”

(Жмудзікаў: ) “Побач калгас імя Фрунзэ, які перайшоў “Амкадору”. Мой знаёмы атрымліваў там узімку 300 тысяч “чыстымі”, а ў пасяўную 1,5—2 мільёна”.

(Карэспандэнт: ) “Як стаў Лукашэнка прэзыдэнтам, у Шклове прыбраліся, маглі б нешта і з Гарадцом зрабіць”.

(Жмудзікаў: ) “Адно, што тут зрабілі, гэта пабудавалі новыя дамкі. Праўда, там сьцены палопаліся”.

(Карэспандэнт: ) “Што значыць — палопаліся?”

(Жмудзікаў: ) “Так разышліся, што паміж імі рука пралазіць”.

Партрэт кіроўцы Ўладзімера Грэцкага дагэтуль вісіць на дошцы гонару саўгасу “Гарадзец”. Сам Уладзімер звольніўся тыдзень таму. Цяпер ён штодня ў хаце. З асалодай адпачывае ад працы ад раньня да сьвітаньня.

(Грэцкі: ) “Вазіў я салетру. За тры дні трыста тонаў перавёз. Ва ўсіх калгасах казалі: за перавезеную тону плацім 500 рублёў. Мы такое і свайму начальству прапанавалі — маўляў, заплацім. Заходжу да эканаміста і кажу: дырэктар пагадзіўся. Эканаміст прыходзіць да яго, той бярэ дакуманты, перакрэсьлівае, кідае і кажа, што такога ня будзе. Ну, як тут можна працаваць?”

(Карэспандэнт: ) “Вы звольніліся?”

(Грэцкі: ) “Так, звольніўся. Тут творыцца абы-што. Аграномаў і дырэктараў трэба гнаць, яны нікога ня слухаюць і людзей не паважаюць, што хочуць, тое і точуць. Трэба тут галовы мяняць. Намесьнік дырэктара некалі працаваў у калгасе імя Фрунзэ. Ён так давёў людзей, што яны хацелі патапіць яго ў гаўне. А тут ён герой, у яго усё атрымліваецца, а людзі — сьвіньні”.

У калгасе імя Фрунзэ некалі працаваў цяперашні намесьнік дырэктара Сяргей Ілюкевіч. Зь ім я гутару ў адным з кабінэтаў саўгаснай канторы. Тут стаіць пашарпаная савецкая мэбля, а на сьцяне вісіць партрэт Леніна. Спадар пераконвае, што ніякага ўльтыматуму з боку мэханізатараў не было.

(Ілюкевіч: ) “Была тут Ярмакова. Мы аб’ядноўваемся зь “Беларусбанкам”. Вось мы і сабраліся паглядзець, з кім прыйдзецца працаваць. Яна сама пацьвердзіла, што будзе павелічэньне заробку, але і патрабаваньні будуць адпаведныя”.

(Карэспандэнт: ) “А які ў вас стан гаспадаркі, што вас далучаюць?”

(Ілюкевіч: ) “Не сказаць, што выдатны, але не сказаць, што і надта дрэнны”.

(Карэспандэнт: ) “Мэханізатары і грошай не патрабавалі?”

(Ілюкевіч: ) “А чаго іх патрабаваць? Іх трэба зарабляць! Людзі ў перамены паверылі. І нават тыя, хто выпівае, сёньня паехалі закадаваліся. Яны ўсё зразумелі, працуюць, зарабляюць грошы і радуюцца жыцьцю”.

Радасьцю ад жыцьця ў саўгасе “Гарадзец” пагадзіўся падзяліцца шараговы працоўны, які прадставіўся Аляксандарам Рыгоравічам. Ён пацьвердзіў, што мэханізатары сапраўды рашуча запатрабавалі падвысіць заробкі й пагражалі звольніцца. Спадар дадаў, што пагалоскі пра гэта пайшлі ўжо па ўсім Шклоўскім раёне Магілёўшчыны. Але, маўляў, людзі вам мала што скажуць, бо баяцца.

(Аляксандар Рыгоравіч: ) “Такія кошты! Да 20 тысяч даходзіць кіляграм каўбасы — гэта даражэй, чым у Менску! Пасьля выбараў падаражэлі яйкі, хлеб, рыба”.

(Карэспандэнт: ) “Які стан гаспадаркі?”

(Аляксандар Рыгоравіч: ) “Калі параўнаць з тым, што было дзесяць гадоў таму, жывёльны статак зьменшыўся ў два разы. Таму няма з чаго браць ні малака, ні мяса”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым праблема, чаму гаспадарка дайшла да такога стану?”

(Аляксандар Рыгоравіч: ) “Можа, такога б і ня здарылася, каб не мяняліся кіраўнікі. Былі такія выпадкі, што за год мяняліся тры кіраўнікі. Каб хоць хто зь іх адказаў за развал і панёс пакараньне, яны б не цягнуліся. А калі такога няма, яны сюды і лезуць”.

Дарэчы, цяперашні дырэктар Аляксандар Марціновіч жыве не ў Гарадцы і нават ня ў Шклове. Штодня ён езьдзіць на працу з Магілёва. Колішні аграном саўгасу пэнсіянэр Васіль Ганцоў ужо зьбіўся, колькі чалавек перабывала на пасадзе кіраўніка гаспадаркі за 45 гадоў. Кажа, цяперашні будзе недзе дваццаты. Спадар Ганцоў тлумачыць, што выйграе “Гарадзец“ ад далучэньня да “Беларусбанку”:

(Ганцоў: ) “Крэдытаваньне. У банку ёсьць грошы! Будзе на што набыць тэхніку і ўгнаеньні. Хутка набудуць пяць новых трактароў, днямі прыходзіць чатыры вагоны ўгнаеньняў. Патрэбна, каб толькі быў парадак. Прыяжджала сама Ярмакова. Кажуць, што яна засталася незадаволеная. Маўляў, навошта я зьвязалася з гэтым саўгасам? Казала, што сюды трэба перадусім прыслаць нарколяга, бо сьпіліся і жанчыны, і мужчыны”.

(Карэспандэнт: ) “Пры тым стане, у якім знаходзіцца гаспадарка, на што людзі спадзяюцца?”

(Ганцоў: ) “Яны спадзяюцца на крадзяжы: што скрадуць, тое і нашае. Кіроўца можа прадаць саляркі за 15—20 — вось ягоны заробак. Крадуць амаль адкрыта: паліва, малако, угнаеньні”.

(Карэспандэнт: ) “Ніхто ня можа іх спыніць?”

(Ганцоў: ) “А ніхто іх і ня ловіць! Каму гэта патрэбна? Міліцыя дрэнна працуе. Я хацеў зьвярнуцца да ўчастковага, ужо тры дні не магу яго знайсьці”.

(Карэспандэнт: ) “Мэханізатары выйшлі й запатрабавалі больш грошай. Ім пойдуць насустрач. Сытуацыя зьменіцца?”

(Ганцоў: ) “Я мяркую, што пойдуць, бо пабаяцца”.

(Карэспандэнт: ) “Гарадзец” ледзь ня самы вядомы саўгас у Беларусі. А чаму ён у такім стане?”

(Ганцоў: ) “Ён яшчэ пры Лукашэнку пайшоў уніз”.

Толькі невялікія лапікі нагадваюць пра тое, што некалі на цэнтральнай вуліцы Гарадца ляжаў асфальт. Паабапал дарогі — закінутыя двухпавярховыя дамы. Шыбаў няма, вокны закалочаныя дошкамі. Ля будынку сельсавету рабочыя абразаюць гальлё.

Вясковы вэртыкальнік Леанід Давідовіч запэўнівае, што пра ўльтыматум мэханізатараў нічога ня чуў.

(Давідовіч: ) “Заробкі залежаць ад вырабленай прадукцыі: што ўклаў, тое і атрымаў. Калі лепей чалавек працуе, ён больш і атрымлівае. Звольніўся адзін толькі чалавек. Ён усё кіраўніцтва абклаў трохпавярховымі мангольскімі словамі. Але ў гаспадарцы месца пустым не бывае”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі жаляцца, што дамы рассыхаюцца, трэскаюцца, нават рука між сьценаў улазіць”.

(Давідовіч: ) “Гэтыя дамы маюць два гады гарантыі. Арганізацыя прыедзе іх рамантаваць”.

Аграгарадок будуюць на ўскрайку вёскі. Дамы паставілі пасярод поля, а дарогі да іх не зрабілі. Людзі вытапталі сьцежкі ад аднаго катэджа да іншага.

Сям’я Антоненкаў некалі перабралася ў Гарадзец з Касьцюковіцкага раёну. Пры мікрафоне гаспадыня спадарыня Алена апавядае пра прыгоды свайго сужанца:

(Антоненка: ) “Мэханізатары перавозілі сена са стагоў. Яны прыйшлі да яго з паперамі, каб заплаціў. А ён паперы перакрэсьліў і мацюком зьверху ўкрыў, пасьля паставіў свае расцэнкі. І такое было неаднойчы: раз людзей надурылі, другі. Таму мэханізатары і напісалі заяву, што калі не падымуць заробку, мы разьлічымся. Кажуць, што сюды нават Каткавец прыяжджала”.

(Карэспандэнт: ) “Хто такая Каткавец?”

(Антоненка: ) “Яна ў Менску адказвае за сельскую гаспадарку. Яна ім тут давала дразда. Сказалі, што Марціновіча скінуць. Наўрад ці яго скінуць. Ён прыкрываецца тым, што ягоны сваяк — старшыня Шклоўскага райвыканкаму. Той яго і пакрывае. Марціновіч і Сяргей Іванавіч… У іх тут нейкія шуры-муры, што хочуць, тое і вырабляюць”.

Доўгі час Антоненкі (а іх сямёра) займалі пакой у будынку старой школы. Пасьля ім далі трохпакаёвы катэдж. Жыць ім тут засталося меней за месяц. Сужанцу спадарыні Алены надакучыла змагацца з кіраўніцтвам саўгасу. Ён знайшоў працу ў суседняй гаспадарцы, і хутка сям’я зьедзе з Гарадца за пару дзясяткаў кілямэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG