Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Язэп Дыла (14.4.1880, Слуцак – 7.4.1973, Саратаў)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Ён лічыў сябе вучнем Альгерда Абуховіча, вядомага ў нашай літаратуры як граф Бандынэлі. Язэп вучыўся ў той самай, славутай векавымі традыцыямі Слуцкай гімназіі. У тыя гады ён і трапіў у гурток маладых вальнадумцаў, што зьбіраліся на кватэры Бандынэлі, дзе адзіным багацьцем была вялікая шафа з кнігамі. Празь дзесяцігодзьдзі Дыла згадае ва ўспамінах першую сустрэчу з настаўнікам у доме сваіх бацькоў, калі ён, маладзенькі гімназіст, упершыню ў жыцьці слухаў вершы на мове, якой гаварылі ягоныя ўлюбёныя бабуля зь дзядулем. Той момант стаў у ягоным жыцьці момантам ісьціны.

Язэп ня здолеў атрымаць дыплём Юр’еўскага (Тартускага) вэтэрынарнага інстытуту, як, дарэчы, і ніякай іншай вышэйшай школы, бо за ўдзел у нелегальных сходках быў выключаны бяз права паступленьня ў навучальныя ўстановы Расейскай імпэрыі.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ён атрымаў пасьведчаньне сябра Беларускай сацыялістычнай грамады, праз колькі месяцаў быў ужо абраны старшынём яе ЦК, а ў сьнежні 1917-га – дэлегатам Першага Ўсебеларускага зьезду.

У першым урадзе савецкай Беларусі Дыла заняў пасаду камісара працы. Пакамісарыць удалося ўсяго месяц: у лютым 1919-га ўсе міністры – нацыянал-камуністы былі арыштаваныя. Камісара нацыянальных справаў Фабіяна Шантыра бальшавікі расстралялі. Над Дылам зьлітаваліся, проста выслаўшы яго зь Беларусі. Адрозна ад яшчэ аднаго таварыша па няшчасьці, былога міністра замежных справаў Усевалада Фальскага, Язэпу ўдалося вярнуцца на Бацькаўшчыну і нават заняць тут высокія пасады старшыні Дзяржпляну і вучонага сакратара Інбелкульту. Але ў 1930-м грымнула справа “Саюзу вызваленьня Беларусі”...

Высылка ў Кунгур, потым новы арышт і неўзабаве амаль неверагоднае тады вызваленьне...

Пасьля тых падзеяў Язэп Дыла падтрымліваў лучнасьць зь Беларусьсю толькі здалёк – сваёй літаратурнай творчасьцю, якая зрабіла яго адным з пачынальнікаў нашай гістарычнай прозы й драматургіі. Назвы ягоных твораў гавораць самі за сябе – “Панскі гайдук”, “Юнак з Крошына”, “Падуанскі студэнт”. Заснавальнікам жанру гістарычнай раманістыкі ў нас традыцыйна лічыцца Ўладзімер Караткевіч. Між тым, Дылу належыць напісаны значна раней раман “На шляху з варагаў у грэкі” – твор, шмат у чым наватарскі: пазбаўлены лінейнай пабудовы, ськіраваны на асэнсаваньне не асобных падзеяў, а самога гістарычнага працэсу. І, дарэчы, дагэтуль незнаёмы чытачу.
XS
SM
MD
LG