Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставіліся мінакі да намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы?


Іна Студзінская, Менск Намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы праіснаваў трое з паловай сутак – з панядзелка да ночы пятніцы. Тысячы беларусаў прыходзілі туды ў гэтыя дні: хто зь цікаўнасьці, хто з пачуцьця салідарнасьці, хто з канкрэтнай дапамогай, хто – каб выказаць сваю нязгоду. Настроі наведнікаў плошчы, грамадзкасьці, звычайных мінакоў высьвятляла наша карэспандэнтка.

Па-рознаму ставіліся да пратэстоўцаў менчукі і госьці сталіцы: захапляліся, падтрымлівалі, спачувалі, асуджалі, нават пракліналі. Не было толькі абыякавых. Вось што я чула ад людзей, якія праходзілі каля пратэстоўцаў, 23 сакавіка:

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да людзей, якія на холадзе, у намётах?”

(Хлопец: ) “Я ня ведаю, што ім трэба”.

(Студэнт: ) “Ім няма чаго рабіць”.

(Хлопец: ) “Больш народу сюды патрэбна. Таму што людзі сядзяць ва ўнівэрсытэтах, ці бацькі не пускаюць. Дык няхай ідуць сюды”.

(Спадарыня: ) “Я ганаруся імі. Яны малайцы, яны ў сабе страх перамаглі. Гэта надзея наша”.

Зь цікавасьцю назіралі за падзеямі ў Беларусі замежнікі. На плошчы кругласуткава знаходзіліся дзясяткі журналістаў з розных краінаў. Адмыслова паназіраць за выбарамі, падзеямі пасьля іх у Менск прыехала нямала ўкраінцаў.

(Хлопец: ) “Мы з Украіны. У вас вельмі слаба. У нас нашмат лепш было ўсё арганізавана. З эканамічнага боку нас падтрымлівалі прадпрымальнікі. Усе людзі былі забясьпечаныя літаральна ўсім. Плюс увесь Кіеў быў за нашага кандыдата. Увесь Кіеў падняўся”.

Цікава было назіраць за людзьмі сталага веку. Яны ўпотай прыносілі гарачае харчаваньне, тэрмасы з гарбатай, вельмі шкадавалі дзяцей.

(Карэспандэнтка: ) “Вы, чалавек больш сталага веку, як ставіцеся да таго, што адбываецца на плошчы?”

(Спадар: ) “Станоўча. Таму што махляр ва ўладзе. З махлярамі цяжка гуляць у карты”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вас прымусіла ў вашым немалым узросьце выйсьці пад бел-чырвона-белым сьцягам?”

(Спадарыня: ) “Я за сваіх нашчадкаў, каб ім жылося лепей. Бо за 12 гадоў кіраваньня прэзыдэнта я нічога добрага ня бачыла. І яны таксама будуць жыць у гэтай цемры. Таму стаю, каб не было гэтай цемры, быў сьвет, свабода і шчасьце”.

(Карэспандэнтка: ) “Выбачайце за нясьціплае пытаньне, а колькі вам гадоў?”

(Спадарыня: ) “74”.

Былі на плошчы й іншыя бабулі ды дзядулі.

(Жанчына: ) “У мяне няма словаў. Гэта брыдота. Дзяцей сюды прывялі за даляры, за капейкі”.

(Спадарыня: ) “Пасьля бойкі кулакамі ня размахваюць”.

(Дзядок: ) “Гэта ўсё куплена па 10 даляраў кожнаму”.

(Спадарыня: ) “Захад і Амэрыка ім заплацілі. Прадаліся за даляры”.

Многія бацькі не маглі стрымаць сваіх непаўналетніх дзяцей, якія зьбягалі з урокаў, каб паглядзець, што адбываецца на плошчы.

(Дзяўчына: ) “Я стаўлюся да ўсяго гэтага вельмі пазытыўна. Але ж мы ня можам браць удзел у гэтым. Узрост!”

(Дзяўчына: ) “Але калі будуць вакацыі, калі гэта пратрымаецца да 25-га, да Дня Волі, то мы далучымся”.

Вельмі спачувалі і перажывалі за дзяцей і бацькі.

(Спадарыня: ) "Я мама, а гэта мая дачка. Я яе так падтрымліваю, што начамі не магу спаць, як уяўлю, што яны тут на марозе... Гэта самыя лепшыя дзеці, ім так цяжка, колькі на іх "паліваюць" па тэлевізіі беларускай. Гэта самыя сапраўдныя патрыёты, самыя сьвядомыя беларусы. Я ня ведаю, адкуль у іх столькі вытрымкі. Гэта дух Божы зь імі тут!"

Многія прыходзілі на Кастрычніцкі пляц зь дзецьмі.

(Спадарыня: ) “Гледзячы на ўсё гэта, мне хочацца плакаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Але вы з маленькім сынам”.

(Спадарыня: ) “Ён маці слухае, падтрымлівае, і таксама хоча далучыцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі гадкоў табе?”

(Хлопчык: ) “11. Яны вераць у сябе і вераць, што перамогуць.

(Карэспандэнтка: ) “А ты верыш, што нешта зьменіцца?”

(Хлопчык: ) “Ёсьць надзея”.

Людзі, далёкія ад палітыкі, дапамагалі, чым маглі. Фізык Марына Квяткоўская адседзела 10 сутак за тое, што спрабавала выкінуць з уласнага аўтамабілю на плошчу намёт і спальнікі. Тэатральны прадусар і сьпявачка Сьвятлана Сугака за тое ж самае атрымала 7 сутак арышту. Магілеўскі прадпрымальнік Мікалай Ільін быў моцна зьбіты і таксама асуджаны за тое, што спрабаваць даставіць на плошчу біятуалет. Уладальнік элітнай сталічнай кавярні “Лёндан” Юрый Вінаградаў нёс на плошчу коўдру…

(Вінаградаў: ) “Ішоў з коўдрай, бо там дзеці мерзнуць, а АМАПаўцам ў іхніх аўтобусах вельмі цёпла. Мяне таксама пасадзілі ў аўтобус АМАПаўскі”.

(Карэспандэнтка: ) “А чым тлумачылі вашае затрыманьне?”

(Вінаградаў: ) “Як звычайна, “выклікаючым зьнешнім выглядам”. Я проста коўдру нёс як шалік. Ну а як яе інакш несьці? У пакунку? Бачыў, як бабулек разварочвалі з такім ж пакункамі, бачыў, як дзяцей разварочвалі. Таму я яго як кашнэ накінуў і пайшоў”.

Былога аўганца, а цяпер бізнэсоўца Юрыя Вінаградава некалькі гадзін пратрымалі ў АМАПаўскім аўтобусе, потым адпусьцілі. Але ён быў вельмі ўражаны…

(Вінаградаў: ) “Калі б была магчымасьць запісваць АМАПаўцаў, тое што я чуў з іхніх рацыяў, каб была магчымасьць перадаць гэта на ўвесь сьвет – гэта фашызм. Насамрэч гэта фашызм. Я разумею, што гэта салдаты, якія робяць сваю працу. Яны не з намі, яны ня супраць нас, але калі ім скажуць “фас”... Сумненьняў ў іх я ніякіх не заўважыў...”

На Кастрычніцкую плошчу прыйшоў Уладзімер Ганчарык, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2001 году.

(Карэспандэнтка: ) “Уладзімер Іванавіч, а што вас прывяло на плошчу?”

(Ганчарык: ) “Мая грамадзянская пазыцыя. Трэба выказаць салідарнасьць, па-першае, з тымі людзьмі, якім неабыякавы лёс Айчыны. А па-другое, выказаць сваё “Фэ” таму, што адбылося, такой ганебнай фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Я калі параўноўваю, што было 5 гадоў таму, то думаю, нашмат больш стала незадаволеных у краіне. Але й страху стала больш. Улада пастаралася. Аднак трэба пераадольваць гэты страх”.

Падчас сакавіцкіх падзеяў акадэмік Радзім Гарэцкі хварэў. Ён вельмі шкадаваў, што ня можа прыйсьці на плошчу, таму напісаў пасланьне і перадаваў яго мітынгоўцам. Цяжка хварэў і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Генадзь Усюкевіч. Два тыдні таму ён пайшоў з жыцьця. Распавядае калега спадара Усюкевіча Людміла Гразнова.

(Гразнова: ) “За некалькі дзён да сьмерці Генадзь Усюкевіч папрасіў дзяцей: “Правязіце мяне міма Кастрычніцкай плошчы, каб я на ўласныя вочы паглядзеў на гэту гераічную моладзь”. Гэта было яго апошняе жаданьне. Дзеці выканалі просьбу бацькі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG