Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Greenpeace": наступствы Чарнобылю сур''ёзна недаацэненыя


Юры Дракахруст, Прага Доўгатэрміновыя наступствы чарнобыльскай катастрофы для здароўя людзей моцна недаацэненыя. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе міжнароднай экалягічнай арганізацыі "Грынпіс", які быў апублікаваны на афіцыйным сайце арганізацыі сёньня. У Беларусі ад яе загінулі або загінуць да 2056 году каля 22 тысяч чалавек, сьцьвярджаецца ў справаздачы "Грынпіс".

У дакладзе абвяргаюцца зьвесткі справаздачы ААН аб тым, што агульная колькасьць людзей, якія загінулі альбо могуць загінуць з-за выкліканага катастрофай на ЧАЭС апраменьваньня, складае чатыры-дзевяць тысяч чалавек.

"Грынпіс" спасылаецца на дасьледаваньні адмыслоўцаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, згодна зь якімі за 1986-2056 гады ў трох краінах ад хваробаў, выкліканых апраменьваньнем, могуць загінуць больш за 93 тысячы чалавек, зь іх – каля 22 тысяч – у Беларусі.

У прыватнасьці, у Беларусі з 31 тысячы чалавек, што захварэлі на рак шчытападобнай залозы, могуць памерці каля 14 тысяч, з трох тысяч чалавек, якія хварэюць на леўкемію, – каля дзьвюх тысяч.

Кіраўнік праграмы Greenpeace дасьледаваньня ядзернай палітыкі Марк Джонстан пракамэнтаваў даклад экалягічнай арганізацыі наступным чынам.

(Джонстан:) “Нашая ацэнка колькасьці тых, хто можа памерці – выклік высновам ААН і МАГАТЭ, іх дакладу , зробленага ўвосень летась. Мы лічым, што гэты даклад значна прымяншае, недаацэньвае маштабы ўзьдзеяньня катастрофы на здароўе людзей і вакол Чарнобыля, і у больш шырокім эўрапейскім рэгіёне. Кожны чуў пра Чарнобыльскую бяду і кожны ведае, што гэта – дрэнная рэч. Але мы думаем, што ААН і МАГАТЭ не прызнаюць сапраўдныя маштабы шкоды, нанесенай здароўю людзей, шырокі дыяпазон хваробаў, якія былі выкліканыя гэтай катастрофай і той факт, што для тысячаў людзей трагедыя ўсё яшчэ працягваецца”.

“Грынпіс” зьвяртае ўвагу на тое, што ацэнка агульнага ўзьдзеяньня катастрофы на ЧАЭС на здароўе людзей – задача цяжкавыканальная, але яна мае вялікае значэньне. Мэтады дыягностыкі, аналізу і лячэньня могуць у дадзеным выпадку аказацца непрымальнымі, і наступствы, у прыватнасьці, колькасьць памерлых ад радыяцыі, ня могуць быць дакладна ацэненыя.

Экспэрты арганізацыі рэкамэндуюць міжнароднай супольнасьці ўзяць пад увагу іх зьвесткі і неадкладна перагледзець справаздачу ААН. Апрача таго, “Грынпіс” зьвяртае ўвагу на тое, што з прычыны адсутнасьці міжнароднага маніторынгу прычын сьмяротнасьці ў высока забруджаных рэгіёнах Беларусі, Расеі і Ўкраіны, была страчаная рэальная магчымасьць поўнамаштабнай ацэнкі доўгатэрміновых наступстваў Чарнобыльскай трагедыі.
XS
SM
MD
LG