Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады адмаўляюць “Нашай Ніве” ў юрыдычным адрасе


Радыё Свабода, Менск Менгарвыканкам палічыў нямэтазгодным разьмяшчэньне газэты “Наша Ніва” на тэрыторыі Менску на той падставе, што яе галоўны рэдактар Андрэй Дынько быў арыштаваны падчас пасьлявыбарчых пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы. Гэта азначае пазбаўленьне юрыдычнага адрасу і адпаведна спыненьне выхаду газэты ў Беларусі. Андрэй Дынько лічыць, што ў дачыненьні да “Нашай Нівы” прынятае палітычнае рашэньне.

Я засьпела галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Андрэя Дынька за падрыхтоўкай звароту да літоўскага ўраду.

(Дынько: ) “Мы прынялі рашэньне зьвярнуцца да ўраду Літоўскай рэспублікі, міністэрстваў культуры іншых краінаў, міжнародных арганізацыяў з просьбай, каб яны хадайнічалі перад ЮНЭСКО аб уключэньні газэты “Наша Ніва” ў сьпіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКО. Гэта было б сымбалічна і вельмі важна ў гэтай сытцуацыі. Мы будзем абскарджваць гэты ліст”.

Ліст за подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкаму спадара Міхаіла Ціцянкова аб нямэтазгоднасьці разьмяшчэньня “Нашай Нівы” у сталіцы быў атрыманы ў адказ на заяву рэдакцыі аб перарэгістрацыі. Я зьвярнулася па тлумачэньні да кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня Менгарвыканкаму Генадзя Курбекі:

(Курбека: ) “Яны зьвярнуліся ў адпаведнасьці з нашымі паўнамоцтвамі, каб мы ім далі юрыдычны адрас,– і гарвыканкам ім адмовіў. Яны ня змогуць існаваць на законных падставах”.

Адметна, што ў той жа дзень Міністэрства сувязі і інфарматызацыі даслала ў “Нашу Ніву” ліст з адмовай у выдачы ліцэнзіі на правядзеньне падпіскі на газэту.

Нагадаю, што ад 1 студзеня “Нашая Ніва”, як і большасьць беларускіх незалежных выданьняў, пазбаўленая магчымасьці падпіскі і распаўсюду празь дзяржаўную сетку.

Андрэй Дынько лічыць, што ўлады прынялі палітычнае рашэньне ў дачыненьні да газэты “Наша Ніва”.

(Дынько: ) “Як толькі мы пазбаўляемся юрыдычнага адрасу, на працягу аднаго-трох месяцаў суд проста ліквідуе нас за адсутнасьць юрыдычнага адрасу. Я не выключаю, што пасьля гэтага нам адмовіць і друкарня. Найперш просім ад чытачоў вытрымкі й аптымізму. Газэта будзе выходзіць. Нават, калі трэба будзе, “Наша Ніва” вернецца на гістарычнае месца свайго выданьня ў Вільню. Гэта значыць, што яна будзе зарэгістраваная ў Літве”.

Мастацкі рэдактар “Нашай Нівы” Сяргей Харэўскі лічыць, што падставу, на якой газэце адмаўляюць у юрыдычным адрасе, улады могуць выкарыстаць і ў дачыненьні да іншых арганізацыяў.

(Харэўскі: ) “Факт адміністрацыйнага арышту будзе выкарыстаны і ў дачыненьні да іншых, хто быў зьняволены тымі днямі. І ўсе, відавочна, яны паводле аналёгіі з “Нашай Нівай” атрымаюць падобныя папярэджаньні. “Наша Ніва” апынулася першым прэцэдэнтам у той другой хвалі бязьлітасных рэпрэсіяў, якіх цяпер варта чакаць з боку ўлады”.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец зьвяртае ўвагу на тое, што ў адмове ў разьмяшчэньні рэдакцыі ў сталіцы Менгарвыканкам павінен быў спасылацца на заканадаўчыя акты, а не на “мэтазгоднасьць”.

(Бастунец: ) “Узгадненьне разьмяшчэньня сродку масавай інфармацыі ставіцца ў залежнасьць ад таго, ці прыцягваўся рэдактар да адміністрацыйнай адказнасьці. Гэта нават цяжка камэнтаваць зь юрыдычнага пункту гледжаньня”.

У звароце да чытачоў, разьмешчаным на інтэрнэт-сайце газэты, гаворыцца:

“Замах на “Нашу Ніву” — гэта сымбалічны пачатак трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. “Нашу Ніву” цынічна зачыняюць напярэдадні яе 100-годзьдзя”.

Нагадаем, што галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько быў затрыманы 21 сакавіка, у часе пасьлявыбарчых пратэстаў, калі выходзіў з аўтобуса на Кастрычніцкую плошчу, а пасьля асуджаны па абвінавачаньні ў лаянцы на 10 сутак арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG