Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: ужо 7 000 чалавек патрабуюць вызваленьня Казуліна


Падрыхтаваў Вячаслаў Кулік Агляд недзяржаўнага друку за 18 красавіка.

“Народная воля” сёньня паведамляе, што ўжо сем тысяч чалавек паставілі свае подпісы пад патрабаваньнем вызваліць Аляксандра Казуліна. Былы кандыдат у прэзыдэнты амаль месяц утрымліваецца ў сьледчым ізалятары ў Жодзіне. Паводле выданьня, у розных гарадох Беларусі цяпер пададзена больш як сто заявак на арганізацыю пікетаў у падтрымку палітычнага вязьня.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч зьвярнуўся з заявай на імя генэральнага пракурора Беларусі Пятра Міклашэвіча. “Народная воля” лічыць, што дакумэнт мае прынцыповае значэньне, закранаючы пытаньні, што хвалююць шырокую грамадзкасьць. Тэкст заявы друкуецца цалкам з дазволу Аляксандра Вайтовіча.

Як апынуўся на лаве падсудных прыкметны берасьцейскі вэртыкальнік Канстанцін Сіневіч? Пра крымінальныя ўчынкі былога старшыні камітэту дзяржкантролю вобласьці “Народная воля” піша ў артыкуле “Пад адхон пайшла кар’ера”.

“Комсомольская правда в Белоруссии” паведамляе пра яшчэ адну праверку маёмасьці ў насельніцтва Менску. Старшыня гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў загадаў у месячны тэрмін вызначыць сапраўдных гаспадароў гаражоў ля камунальных дамоў. “Некалі дзяржава давала іх інвалідам. Цяпер гаражы адбяруць у здаровых нашчадкаў”, – папярэджвае выданьне.

Рэгіянальная газэта “Витебский курьер” піша, што прадпрымальнікі гораду ўзнагародзяць пераможцаў вулічнай акцыі, прызначанай на 26 красавіка. Гэта будуць удзельнікі дзіцячага конкурсу малюнкаў. Яны ўжо атрымалі заданьне адлюстраваць, якой можа быць Беларусь без Чарнобылю і страху, што скоўвае путамі краіну.

Пасьля месяца перапынку ў Крычаве аднаўляецца выхад газэты “Вольны горад”. Са словаў рэдактара выданьня Сяргея Няроўнага, міліцыя нарэшце вярнула журналістам кампутары, арыштаваныя напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

(Няроўны: ) “Нанялі мікрааўтобус, выносілі свае кампутары, міліцыянты глядзелі зь непрыхаванай цікавасьцю. Нават начальнік міліцыі падыходзіў, казаў, што, маўляў, вярнулі вам тэхніку, цяпер і нам прыносьце газэту: мы таксама яе хочам чытаць”.

Паводле Сяргея Няроўнага, сьвежы нумар газэты распаўсюджваецца ў трох раёнах Магілёўшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG