Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: ці гатовыя беларусы плаціць за газ па эўрапейскіх коштах?


Радыё Свабода, Менск З 2007 году расейскі “Газпром” мае намер істотна ўзьняць кошты на газ для Беларусі. Як да гэтага ставяцца беларусы? Ці вытрымаюць яны такую нагрузку? Ці гатовыя плаціць па эўрапейскіх коштах?

(Карэспандэнтка: ) “Ці гатовая цяпер Беларусь плаціць за газ па эўрапэйскіх коштах?”

(Спадар: ) “Я думаю, што эўрапейскіх коштаў ня будзе. Будзе менш”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю”.

(Хлопец: ) “Я ня ведаю. Складана сказаць цяпер. Але я думаю, што адразу ня ўздымуць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вытрымае Беларусь падвышэньне да эўрапейскага ўзроўню коштаў на газ?”

(Спадар: ) “Вытрымае. Яго ня будзе”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж Украіне ўзьнялі істотна...”

(Спадар: ) “У нас іншая палітыка дзяржавы, скіраваная на збліжэньне з Расеяй, таму наўрад ці”.

(Спадарыня: ) “Як сказаць... Калі цяпер 46 даляраў, то будзе 200 альбо 100 зь нечым. Гэта будзе цяжка для Беларусі, тады цэны і нам уздымуць”.

(Спадар: ) “Калі хто бяз працы, вельмі цяжка будзе. Кажуць, у тры-чатыры разы падаражэе. У каго колькі прапісана ў кватэры, столькі і плаціць давядзецца”.

(Студэнт: ) “Я думаю, што вытрымае”.

(Карэспандэнтка: ) “А ня цяжка будзе эканамічна?”

(Студэнт: ) “Стан, канечне, будзе цяжкі. Бо ў параўнаньні з заробкамі нашымі значна ўздымуцца камунальныя плацяжы. Трэба падымаць заробкі!”

(Спадарыня: ) “Пакуль яшчэ толькі размовы ходзяць. Вось калі гэта адбудзецца насамрэч, тады і паглядзім. А я ў плёткі ня веру”.

(Хлопец: ) “Бацька ўсё зробіць нармальна”.

(Студэнт: ) “Усё будзе добра!”

(Карэспандэнтка: ) “Расея пагражае ўзьняць кошты на газ для Беларусі да ўзроўню эўрапейскіх. Ці вытрымае гэта Беларусь?”

(Хлопец: ) “Яна ня ўздыме, пабаіцца. Таму што Беларусь — адзіны саюзьнік Расеі”.

(Спадар: ) “Усё залежыць ад таго, як будзе праводзіцца палітыка паміж нашымі краінамі”.

(Студэнт: ) “Рэч у тым, што ні прэзыдэнт, ні ўрад Расеі пра гэта не сказаў. Прыватная кампанія заявіла, і ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вытрымае Беларусь такія кошты?”

(Спадар: ) “Я думаю, што так. Як-небудзь дамо рады”.

(Спадар: ) “Вытрымае!”

(Карэспандэнтка: ) “А не адаб’ецца гэта на насельніцтве?”

(Мужчына: ) “Павысіцца кватплата, кошты на харчы. А куды мы падзенемся? У нас што — ёсьць выбар? Няма”.

(Студэнт: ) “Беларусь усё вытрымае ў любым выпадку, але я думаю, што наш прэзыдэнт надта ня дасьць “насесьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж гэта “Газпром” дыктуе кошты”.

(Студэнт: ) “Яны ж ужо даўно хацелі ўзьняць кошты, але ж не атрымалася...”

(Дзяўчына: ) “Лукашэнка ня даў узьняць”.

(Хлопец: ) “Расея нас задавіць, канечне!”

(Спадарыня: ) “Сумняюся, што вытрымаем. Таму што прыватныя дамы ацяпляць газам — гэта вельмі дорага. Калі ў мяне пэнсія 150 тысяч, я наўрад ці змагу плаціць”.

(Спадар: ) “У нас жа нерэальныя цэны на газ. Нідзе ў сьвеце няма такіх коштаў на газ, па якіх Расея нам прадае. Урэшце, калі-небудзь гэта скончыцца”.

(Дзяўчына: ) “У прынцыпе, павінны вытрымаць. Прэзыдэнт зробіць так, што заробкі павысяцца, як і абяцае”.

(Спадар: ) “Безумоўна, гэта адаб’ецца на нас”.

(Хлопец: ) “Я проста палітыкай не цікаўлюся, мне складана казаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж гэта эканоміка”.

(Хлопец: ) “Эканоміка, палітыка — я гэтым не цікаўлюся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG