Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Каб выйшлі на вуліцу хаця б палова беларусаў, трэба зрабіць узровень жыцьця хаця б як у блякадным Ленінградзе"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за суботу і нядзелю 15-16 красавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Хачу адказаць асьпіранту Зьміцеру Амельчанку, які днямі даслаў ліст на “Свабоду” і падзяліўся сваёй радасьцю – стыпэндыяй у 450 тысяч рублёў. А ці ведае гэты малады чалавек, што столькі ж атрымлівае кандыдат навук? Супрацоўнік Акадэміі навук са стажам навуковай працы ня менш за 15 гадоў? Ці ведае ён, што пасьля заканчэньня асьпірантуры і абароны дысэртацыі яго чакае месячны заробак у лепшым выпадку недзе каля 360 тысячаў рублёў? І калі ён жыве ў Менску і ня мае ўласнага жыльля, то ўсё сваё жыцьцё ён можа прасядзець у інтэрнаце, калі ён яшчэ туды ўцісьнецца. Я б хацела паглядзець, як гэты малады разумнік у ружовых акулярах пражыве за гэтыя грошы ў гэтых умовах. Хіба толькі, што ён уцячэ на Захад, калі ўдасца”.

(Спадар, Менск: ) “Свабода”, калі ласка вазьміце “Факты і аргумэнты”, пачытайце, дзе Лукашэнка сказаў, што пэнсія падзяліў на тры сарты. І рабочых ён ня любіць, ён ім плаціць пэнсію сацыяльную – 270 тысяч. Ваенным адстаўнікам з фонду свайго плаціць і нікому ня кажа, колькі плаціць. А яны атрымоўваюць па мільёну! Пэнсію ад 600 тысяч да мільёну атрымоўваюць служачыя аблвыканкаму, выканкаму і г.д. Пэнсіянэраў падзяліў і хоча яшчэ, каб яны крычалі за яго. Вось гэтыя, што па тэлефону крычаць, яны ж усе па мільёну атрымоўваюць! Яны гатовыя яму ногі цалаваць за такую пэнсію. А кошты ж і аплата за кватэру аднолькавыя. Дык у рабочых застаецца па 100, а ў гэтых па 700 тысяч!

Вось прыклад. Я адпрацаваў 52 гады, атрымоўваю пэнсію 260 тысяч. А Гайдукевіч адслужыў 30 год і атрымоўвае 900 тысяч пэнсію, хаця мы служылі разам зь ім на аўганскай мяжы, толькі я адслужыў, а ён толькі нарадзіўся”.

(Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: ) “Хацеў бы задаць усім кіраўнікам дэмакратычных партыяў пытаньне. Чаму яны не праводзяць акцыю адзін дзень выбараў і адзін дзень папярэдніх выбараў? І гэта рабіць кожны раз, кожны месяц!”

(Мікалай Бельскі, Сеньненскі р-н: ) “Пытаньне Мілінкевічу. Задоўга да выбараў апазыцыя дэмакратаў вызначыла галоўны і, бадай, адзіны козыр сваёй будучай перамогі. Гэта мінулае – вялікая перамога. Вашая агітацыя пачалася тады, як месца загінуўшых занялі новыя патрыёты. Хто для вас калябаранты Беларусі новыя? Ці варта вопыт пераняць і праз раскол грамадзтва ісьці да перамогі айчыннай?”

(Спадар, Менск: ) “Зьвяртаюся да Ягора Маёрчыка. Хай прыедзе на вёску Лафа ці Любань у Лунінецкім раёне, хай там усё запіша і раскажа па Радыё Свабода, як там жывуць людзі”.

(Спадарыня: ) “Зь вялікім задавальненьнем я слухала Івонку Сурвілу, і ўжо некалькі дзён застаюся пад уражаньнем. Якая прыгожая мова, якая любоў да жыцьця, якая моцная вера ў незалежную будучыню. Вось яна, сьвядомая беларуская інтэлігенцыя. І гэта адзін з парадоксаў нашай краіны. Многія добрыя яе сыны жывуць за мяжой і ня маюць магчымасьці вярнуцца на радзіму па палітычных матывах, дзе высокія дзяржаўныя ўзнагароды, як ордэн Францыска Скарыны, атрымліваюць дзеячы культуры Расеі. І я сумняваюся, што Баскаў альбо Надзея Бабкіна ўвогуле ведаюць, хто такі Скарына і што значыць гэта імя для беларуса.

У Менску зачыняецца Саюз пісьменьнікаў Беларусі, суполка беларускай інтэлігенцыі, бо яны нешта ня тое напісалі альбо не на той мове. І гэта таксама парадокс: пісьменьнікі без прытулку. А ў якім дрэнным стане сёньня Беларуская акадэмія навук, і яна ператвараецца ў палітызаваны орган.

А наш элегантна выбраны акружыў сябе Ярмошынай, Зімоўскім ды іншымі Шарыкавымі. Так было ва ўсіх краінах, дзе існавала дыктатура. Інтэлігенцыі не было месца ва існуючай герархіі, таму што яна мае моцную зброю: веды, валодае мовамі, разумее сытуацыю і можа прагназіраваць будучыню. А спадарам, прыбліжаным да прэзыдэнта, я хачу дадаць: падарожжа ў Гаагу ў вас наперадзе. І гэта ўжо не парадокс, а хуткая рэчаіснасьць”.

(Зьмітрок Сівы, Берасьце: ) “Паважаны пэнсіянэр, які патэлефанаваў, калі адказваў Лябедзька, напэўна вы лічыце, што Лукашэнка мае несьмяротнасьць. Але ўсе мы сьмяротныя. Калі вы гаворыце, што Лукашэнку выберуць на ўсё жыцьцё, дык вы гаворыце аб сваім жыцьці. Дыктатары ніколі нявечныя, іх потым не памінаюць. І вам вельмі ёмка і хораша адказаў Лябедзька. Вы можаце затэлефанаваць на Радыё Свабода, а чалавек зь іншымі думкамі ў гэтым рэжыме ня можа выказаць сваю думку ні па БТ, ні па СТБ, бо страх, а страх не за сябе, а за сваіх блізкіх. Паважаю вас, што вы слухаеце “Свабоду”. Напэўна, пры канцы сваіх дзён вы можа і ўпэўніцеся, што і вы ўклалі ў справу да барацьбы з дыктатурай сваю лепту”.

(Шаўчэнка, Наваполацк: ) “Здаецца, Лукашэнка залішне ганарыцца і пахваляецца стабільнасьцю. Аб якой стабільнасьці можа быць гаворка, калі за некалькі дзён у краіне выкрыта колькі тысячаў тэрарыстаў? Гэта, здаецца, больш чым ва ўсіх краінах сьвету разам узятых.

Дазвольце праз Радыё Свабода зьвярнуцца да ўзнагароджаных ордэнам Францыска Скарыны. Спадары ляўрэаты, калі маеце асабісты гонар вярніце ўзнагароду, каб потым не было сорамна. Яна вам не належыць па ўмовам атрыманьня і тых “дасягненьняў” па прапагандзе Аляксандра Лукашэнкі пад час яго незразумелага абраньня”.

(Спадар: ) “У першую чаргу, я – за Мілінкевіча”.

(Спадарыня: ) “Свабода і вашы прыхільнікі! Вы называеце сябе апазыцыяй і дэмакратамі. Ніякая вы не апазыцыя! Нічога агульнага ў вас зь ёй не было і няма! Вы звычайныя правакатары, бо абараняеце чужыя інтарэсы за іх жа валюту. Вы настолькі абражаеце нашае кіраўніцтва і народ, які яго падтрымлівае, прычым іх большасьць. А вы як меншасьць абавязаны падпарадкавацца большасьці і не бударажыць краіну. Але вы да такой ступені замбіраваныя, што ні на што пазытыўнае ўжо няздольныя”.

(Аліса, 70 год: ) “Глыбокапаважаны прафэсар Мілінкевіч! Дзякуй вам за тых беларускіх патрыётаў, зьбітых і кінутых у турмы, адлічаных з вузаў, звольненых з працы. Вы шмат чаго зрабілі для іх. Прыемна слухаць вашу прамову, сапраўднага інтэлігента. Ніводнага абражальнага слову таму, хто назваў вас “адмарозкамі” і “падонкамі”. Гэтыя выразы ўжо прыеліся і парадкам надакучылі.

А тыя расейцы, якіх узнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны, хай зараз пашукаюць вуліцу імя Францыска Скарыны. Ці знойдуць?”

(Спадарыня: ) “Свабода”! Калі вы скажаце праўду? Адразу пасьля выбараў вы сьцьвярджалі, што на Кастрычніцкай плошчы не было падлеткаў. А вось 16-га красавіка вы ўжо сьцьвярджаеце, што міліцыя зьбівала падлеткаў, якія на Кастрычніцкай плошчы арганізавалі майданчык, і пасадзіла іх за краты”.

(Спадарыня: ) “Хачу сказаць, што мы не галасавалі за Лукашэнку. Мы патрабуем паўторных выбараў. Мы за Мілінкевіча Аляксандра Ўладзімеравіча, за Казуліна Аляксандра Ўладзіслававіча. Вялікае дзякуй Анатолю Ўладзімеравічу Лябедзьку за артыкул “Дикая погоня”. Надакучыла ўжо цярпець гэтае бяспраўе ў Беларусі. Мы даўно ўжо не глядзім беларускае тэлебачаньне, не глядзім гэты падман, гэтыя карцінкі бяз сораму і сумленьня. Хопіць! Надакучыла!”

(Уладзіслаў: ) “Кіраўнік з прыёмніку на вуліцы Акрэсьціна мог бы загадаць абгарадзіць прыбіральню ў камэрах перагародкамі на ўласную ініцыятыву, не чакаючы загаду першага вычварэнца”.

(Спадар: ) “Лічу, колькі фізычна пражыве Лукашэнка, столькі часу тут нічога ня зьменіцца. Вось чаму. Сам штосьці мяняць ён ня будзе, так у яго мазгі устроены. А каб выйшлі на вуліцу хаця б палова беларусаў, трэба зрабіць узровень жыцьця хаця б як у блякадным Ленінградзе. Але на гэта нават Лукашэнка ня пойдзе. Калі нават і выйдзе на вуліцу вельмі шмат людзей, ёсьць міліцыя, АМОН, спэцназ, рэгулярныя войска, нарэшце, танкі, гарматы і нават саюзьнік Расея і яе брацкі спэцназ, натрэніраваны ў Чачні. Так што бліжэйшыя некалькі пяцігодак тут, на жаль, будзе ўлада пад назвай лукашызм. Таму выражаю спачуваньні як сабе, так і ўсім слухачам адзінага нармальнага радыё. Дарэчы, усё больш зьдзіўляюся, як гэта ў лукашыстаў яшчэ да вас рукі не дайшлі. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Глядзеў тэлевізар, паказвалі, што Мілінкевіч паехаў за кардон. А што нам рабіць? Я пазваніў, сказаў, што мы з поля прыйшлі, працуем. А адзін таварыш пазваніў і сказаў, што ня трэба працаваць на лукашыстаў. А што ж рабіць? Нічога ня будзем сеяць? Вясна ж год корміць. Што рабіць, парайце нам. Развалім эканоміку, будзем з працягнутай рукой сядзець. А хто нашых дзетак карміць будзе? Хай ён па сваёй краіне езьдзіць, падкажа, што нам рабіць”.

(Спадарыня: ) “Скажыце, калі ласка, на якой з канстытуцыяў кляўся Лукашэнка? Ці была там толькі вокладка, а ўнутры пустыя лісты? Адкажыце, калі ласка”.

(Іван Карпавіч: ) “Хачу зьвярнуцца да Мілінкевіча наконт выбараў. Ён зьвязаны з Эўразьвязам і павінен паставіць пытаньне, каб усім рэктарам сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў, дырэктарам заводу, старшыням калгасу, саўгасаў забараніць уезд у Эўропу ўвогуле. Гэта людзі, якія рабілі выбары Лукашэнку па загаду Ярмошынай і Лукашэнкі. Мілінкевіча і Казуліна не пускалі ні ў інтэрнаты, ні ў навучальныя ўстановы, ні на прадпрыемствы і г.д. Гэта па-першае. Па-другое, забараніць выезд прадстаўнікам з Палаты прадстаўнікоў, усяму Саўміну. Далей, Пуціна выкінуць з “васьмёркі”. Ня трэба баяцца Эўропе, што перакрые кран Расея. Не, ім патрэбны даляр, інакш яны галодныя будуць. І верхняй і ніжняй палаце Расеі таксама забараніць, бо яны падтрымліваюць гэты рэжым.

Хачу дадаць, каб усім структурам міліцыі, судам, пракуратуры выезд забараніць за мяжу. Яны цалкам парушаюць Канстытуцыю Беларусі. Без законаў судзяць, штрафуюць, саджаюць у турму па ўказаньню главы дзяржавы. Яны падпарадкоўваюцца аднаму чалавеку, а не закону”.

(Спадар: ) “З задавальненьнем прачытаў сьпіс чыноўнікаў, якім забаронены выезд у Эўразьвяз. Лічу, што гэтыя санкцыі будуць мець маральны сэнс. А каб неяк прыціснуць Лукашэнку, можна толькі эканамічнымі санкцыямі. Я прапаную такі шлях, які найменей адаб’ецца на простых жыхарах Беларусі – гэта байкот заходняй мяжы Беларусі для ўсіх транспартных патокаў, уключаючы трубаправоды. Гэта прымусіць у тым ліку і Расею трошкі задумацца. Натуральна, гэта будзе даражэй і для Захаду, і для Расеі, але адкрыты дарогі праз Украіну і Прыбалтыку. І хоць бы ў якасьці папераджальнай меры гэтак на шэсьць месяцаў увесьці такія санкцыі, дык адразу ўсё стане на сваё месца”.

(Віктар Бутто: ) “Падобна на тое, што ў паштовую скрыню ўжо дапускаюцца лісты адных лукашыстаў, а нармальных і разумных грамадзянаў выкарыстоўваюцца не па прызначэньню, бо існуе ў г. Менску незалежнае і свабоднае беззаконьне і ў нашай крымінальнай дзяржаве. І таму перадача Валянціна Жданко атрымоўваецца нейкая пустая”.

(Спадарыня: ) “Хачу падтрымаць тых спадароў, якія званілі да вас і казалі супраць Лукашэнкі. Хачу іх падтрымаць і сказаць, што трэба правесьці паўторныя выбары, бо гэтыя былі несправядлівыя. І просім Пуціна, каб ён не ўмешваўся. Мы так болей жыць ня можам”.

(Спадар: ) “Па беларускаму радыё выступаў Уладзімер Баклейчаў, гэта беларускі Левітан. І ён зь нейкімі інтрыгамі палітычнымі, маўляў, хто прыйшоў на мітынг апазыцыі, там яму грошы даюць, усё аплочваюць, таму яны ходзяць і там крычаць. І вось гэтаму Левітану не забаронена наведваць Эўропу і іншыя краіны. А ён жа на іх паклёпнічае! Але ж ён ня слова ня кажа пра лукашэнкаўскі зьезд, на якім Лукашэнка ўсім даваў гарэлку, ікру, тэлевізары. І Філарэт там быў са сваімі сьвятарамі, якія таксама атрымалі скрадзены ў народу падарункі. Дык Баклейчаў пра гэта нічога ня кажа”.

(Спадар: ) “Хачу задаць пытаньне Мілінкевічу і параіць. Наш дыктатар азьвярэў, ён ужо пасадзіў больш за тысячу чалавек, зараз Казуліна пад сьледзтвам сядзіць, і яго пасадзяць, зьніклі палітыкі. А мы ня можам нідзе гэтага абскардзіць. Вярхоўны суд не разглядае скаргі аб фальсыфікацыі выбараў. Ён што хоча, тое і робіць. Тое самае робіць і пракурор. Усе яму падпарадкоўваюцца. Трэба стварыць часовую камісію савету бясьпекі ААН. Яны правядуць расьсьледаваньне, мы зьвернемся са скаргамі, і яны вырашаць. А ён будзе падпарадкоўвацца часовай камісіі. Прашу, каб Мілінкевіч стварыў камісію”.

(Спадар: ) “Спадар Мілінкевіч, у мяне да Вас ёсьць пытаньне. Як далей будзе працягвацца барацьба? Што будзеце рабіць? Лічу, што вельмі добра было б зрабіць агульна-нацыянальны рух супраць дыктатуры, накшталт польскай салідарнасьці”.

(Спадар: ) “Чуў, што Зьміцер Булахаў прызначаны Лукашэнкам памочнікам па збору ўсенароднага сходу. Гэта значыць, што ён цяпер будзе начальнікам штабу замест Сідорскага. Значыць, ён цяпер будзе арганізоўваць гэтыя сходы, Дажынкі. Ні ў воднай краіне няма такога зборышча, гэта нешта цыганскае. Што могуць яны вырашыць?”

(Спадарыня: ) “Лукашэнкаўскія ідэолягі не перастаюць пераконваць людзей у чэснасьці перамогі на выбарах свайго патрона. У гэтай хлусьні на ўвесь моц пяюць расейскія палітыканы і нават амбасадар спадар Сурыкаў, які ўжо тройчы па радыё заяўляў, што ён уважліва сачыў за выбарамі і зрабіў вынік: “Ну, ніяк нельга падтасаваць 83% галасоў на карысьць Лукашэнку”. Дык вось, спадар Сурыкаў, пры нашай спэцыяльна адпрацаванай сыстэме магчыма любая фальсыфікацыя, і зрабіла яе ўлада і кіраўнікі ўчастковых выбарчых камісіяў. Асновай фальсыфікацыі было датэрміновае галасаваньне. Назіральнікі адзначылі, што пры падліку са скрыні папярэдняга галасаваньня высыпаліся бюлетэні роўнымі стосамі і ў іх амаль усе галасы былі за Лукашэнку, а ў скрынях асноўнага галасаваньня нярэдка Лукашэнка і Мілінкевіч ішлі “нос у нос”.

Вось дадзеныя, атрыманыя мною ад сяброў камісіі ўчастку №36 Кастрычніцкага раёну г. Віцебску. Тут, як і на другіх участках, датэрмінова прагаласавала каля 50%, як і было запатрабавана кіраўніцтвам гораду. Лукашэнку налічылі 1407 галасоў, у пратакол запісалі 1643. Значыць, яшчэ дадалі 236 галасоў. Гайдукевіч – 22 галасы, у пратакол – 237, дадалі 215. Мілінкевіч – 301 голас, у пратаколе толькі 205, укралі 96 галасоў. Казуліну ж засталося 73 галасы. Падобная карціна і на суседнім 35 участку. Усе скрадзеныя галасы пайшлі ў залік Лукашэнку і Гайдукевічу. Вось так і награблі 83%!

Калі ласка, спадар амбасадар, надалей не марнуйце сілы і часу на нашае выхаваньне. Лепей дайце нам грунтоўнае тлумачэньне за назойлівыя спробы актыўнага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы нашай краіны многіх расейскіх палітыкаў, асабліва Жырыноўскага, за яго замахі на сувэрэнітэт Беларусі. На жаль, МЗС Беларусі не заўважае гэтых гнюсных выпадаў”.

(Спадар: ) “Пытаньне Мілінкевічу. Ці будзе пашыраны сьпіс невыязных чыноўнікаў? 31 вельмі мала.

Другое пытаньне. Ці будзе створаны міжнародны суд над беларускім рэжымам па зьніклым палітыкам?”

(Яблонскі, Маладэчна: ) “Хачу зьвярнуцца да Аляксандра Мілінкевіча і нагадаць свой сон. Паважаны спадар Аляксандар! Мне на днях прысьніўся сон, што нашу зямлю захапіў нейкі хан і змучыў наш народ. А я, быццам, народны выбраньнік, змагар. Мне добрыя суседзі далі ў пазыку 5-6 мільёнаў даляраў. Я даў па мільёну супрацоўнікам хану, і яны пайшлі за мной. Хан спалохаўся і сам уцёк з нашай зямлі. А пазыку я з працягам часу вярнуў суседу. Адкажыце, калі ласка. Ці мае рацыю такі сон?”

(Спадар: ) “У мяне пытаньне да Мілінкевіча. На чым грунтуецца яго заява, за выключэньнем чалавечага аптымізму, дзе ён кажа, што цяперашняе кіраўніцтва не пратрымаецца наступныя пяць год? Яно ж магутна, як ніколі, цяпер. Таму акрамя таго, што падвысілася актыўнасьць і сьвядомасьць людзей, я больш падставаў для аптымізму ня бачу”.

(Спадарыня: ) “У мяне ёсьць пытаньне да спадара Мілінкевіча. Аляксандра Уладзімеравіч! Даволі шмат беларускіх чыноўнікаў разбэшчана карупцыяй і хабарніцтвам у самых розных праявах. Гэта нейкая інстынктыўная патрэба, як мага болей пакласьці сябе ў кішэню. Такі спосаб кіраваньня здольны хутка нават разбурыць самую прадуктовую гаспадарку. Я, шчыра кажучы, ужо ня бачу ніякіх шляхоў барацьбы з гэтай заганнай зьявай, бо занадта добра адпрацаваны самыя розныя схемы падману дзяржавы. А як Вы мяркуеце перавыхаваць гэтых людзей? Бо большасьць зь іх застанецца пры сваіх пасадах, якая б улада тут не існавала б”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG