Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Ал.Надсан: "Хрыстос, зьняволены і зьняважаны, захаваў свабоду душы"


Радыё Свабода Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы айцец Аляксандар Надсан зьвярнуўся да суайчыньнікаў зь Велікодным пасланьнем.

"Хрыстос васкрос! Усюды радасьць, Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей. Вялікі мучанік, здаецца, Абняў усіх ласкаю сваей".

Так Янка Купала ў колькіх словаў перадаў, які толькі ён умеў, радасьць, якую адчувае кожны, хто зразумеў сутнасьць велікоднага сьвята.

Вялікдзень таксама называюць Пасхаю, словам гэбрайскага паходжаньня, якое азначае пераход. Пра гэта прыгожа кажа сьвяты Ян Дамаскін у сваёй велікоднай песьні. "Уваскрасеньня дзень – узрадуемся, людзі! Пасха гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі да неба Хрыстос бог перавёў нас, якія пяем песьню перамогі".

Такім чынам, Вялікдзень – гэта сьвята пераходу ад няволі сьмерці да свабоды вечнага жыцьця, сьвята аднаўленьня ўсяго тварэньня ў Хрысьце Ісусе.

Радасьць велікоднага сьвята не павінна нам даць забыцца пра Вялікую пятніцу, калі, здавалася, цёмныя сілы атрымалі поўную перамогу над Хрыстом, асудзіўшы яго на мукі і крыжовую сьмерць, зьняважыўшы і пазбавіўшы яго ўсякай годнасьці. Але яны памыліліся. Адзін з герояў аповесьці Васіля Быкава так казаў пра палон: "У палоне чалавек губляе ўсё, што азначала жыцьцё. Застаецца адно толькі пры ім – яго душа, як у Ісуса". А сам Хрыстос сказаў: "Ня бойцеся тых, хто забіваюць цела, а душы забіць ня могуць, а бойцеся таго, хто можа і душу і цела загубіць у Геене".

Памылка ворагаў Хрыста была, што яны за дачаснымі і зямнымі вартасьцямі ня бачылі вечных і духоўных. Таму яны былі бясьсільнымі супраць Хрыста, які, зьняволены і зьняважаны, захаваў свабоду душы і, вісячы на крыжы, маліўся за тых, што зьдзекаваліся зь яго: "Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць".

Нядаўна ў Беларусі адбываліся падзеі, пра якія загаварыў увесь сьвет, калі сотні беларусаў, пераважна юнакоў і дзяўчат, апынуліся ў вязьніцы за тое, што жадалі лепшае долі для свайго народу. Мяне ўразілі словы адной маладой пацярпелай, якая на пытаньне карэспандэнта як яна сябе адчувала ў турэмнай камэры, адказала: "Мы адчувалі сябе свабоднымі". Мне здаецца, што ў сваім разуменьні свабоды яна, магчыма нават не ўсьведамляючы гэтага, вельмі блізка падышла да разуменьня сутнасьці Вялікадня. Дык вось такога разуменьня свабоды, што ідзе ў пары з духоўным разьняволеньнем, хочацца пажадаць усім нам у гэты радасны дзень уваскрасеньня Хрыстовага. Хрыстос уваскрос!"
XS
SM
MD
LG