Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні абмяркоўваліся шляхі дапамогі дэмакратыі у Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня У літоўскім парлямэнце сёньня адбылася міжнародная канфэрэнцыя на тэму “Беларусь пасьля выбараў: што далей?”. Асноўным пытаньнем былі прыярытэты у дапамозе дэмакратычным працэсам у Беларусі, а таксама абмеркаваньне цяперашняй сытуацыі у краіне. Літоўскія парлямэнтары і эўрапарлямантэры называлі канкрэтныя крокі, якія павінны быць зробленыя для падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці і дзеля таго, каб ад палітычнай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі не пацярпелі звычайныя грамадзяне Беларусі.

У канфэрэнцыі бралі удзел прадстаўнікі АБСЭ, эўрапарлямантары, прадстаўнікі амбсады ЗША зь Беларусі і Літвы, літоўскія і беларускія палітыкі, палітолягі з Латвіі і Літвы. У розных пасяджэньнях бралі удзел і многія літоўскія парлямэнтары, прадстаўнікі розных фракцыяў, хаця арганізатарамі канфэрэнцыі была парлямэнцкая апазыцыя – партыя кансэрватараў Літвы.

Кіраўнік місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ Герт Арэнс прадставіў высновы адносна выбараў у Беларусі, шматлікія факты парушэньняў дэмакратычных нормаў і злоўжываньня дзяржаўнай уладай. Эканамічную і сацыяльна-палітычную сытуацыю у Беларусі пасьля выбараў прадставілі беларускія палітыкі, палітолягі, журналісты, у іх ліку – кіраўнік аналітычнай службы БелаПАН Аляксандр Класкоўскі, Аляксандр Алесін з аналітычнага тыднёвіку “Беларусы і рынок”, старшыня БНФ Вінцук Вячорка.

Абмеркаваньне сытуацыі пасьля выбараў у Беларусі было засяроджана найперш на канкрэтных кроках дзеля дэмакратычнага разьвіцьця краіны. Былі вызначаная тры галоўныя накірункі – дапамога для студэнтаў зь Беларусі, пацярпелым ад палітычнага перасьледу, і пашырэньне магчымасьцяў для беларускай моладзі атрымаць эўрапейскую адукацыі, а таксама падтрымка незалежных СМІ для Беларусі і магчымасьць для звычайных беларусаў езьдзіць у краіны Эўразьвязу. Кіраўнік камітэту замежных справаў літоўскага Сойму Юсьцінас Каросас адзначыў, што кошты за візы для звычайных беларускіх грамадзянаў не павінны павялічвацца і пасьля далучэньня суседніх зь Беларусьсю краінаў – сябраў Эўразьвязу да Шэнгенскай зоны.

Літоўская эўрапарлямэнтарка Лайма Андрікене:

(Андрікене:) “Таму эўрапарлямантары ужо цяпер зьвярнуліся у Раду Эўропы і Камісію, каб гэтае пытаньне вырашалася – немагчыма, каб кошты на візы для беларускіх студэнтаў, звычайных беларусаў у Літву, Польшчу, ўзьняліся да 50 эўра. І другое, мы настойваем на вылучэньні больш сродкаў ад Эўракамісіі для падтрымкі беларускай моладзі і незалежных беларускіх СМІ. Надзвычай важна, каб у Літве быў ўсталяваны больш магутныя рэтранслятары, іначай няма сэнсу вылучаць сродкі на радыё, якое амаль недаступнае беларускім слухачам.”

Удзельнікі канфэрэнцыі абмяркоўвалі і праблему недастатковай і запозьненай падтрымкі незалежнага радыё- і -тэлевяшчаньня на Беларусь з боку Эўразьвязу. Літоўскі парлямантар Саўлюс Печэлюнас сказаў:

(Печэлюнас:) “Мы павінны паміж сабой дамовіцца, высьветліць, якія канкрэтныя крокі павінны быць зробленыя дзеля вызначаных прыярытэтаў падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Да прыкладу, былі вылучаныя грошы на радыё, якое ніхто ў Беларусі ня чуе – каб такая падтрымка СМІ мела сэнс, патрэбны рэтранслятар. І гэтак далей, мусяць быць названыя канкрэтныя крокі, каб спрыяньне дэмакратыі у Беларусі не заставалася толькі словамі. ”

Намесьнік старшыні выбарчага штабу Аляксандра Міленкевіча, старшыня БНФ Вінцук Вячорка сказаў, што у літоўскіх палітыкаў адчувае больш разуменьня беларускіх праблемаў, чым у прадстаўнікоў краінаў – старых сябраў Эўразьвязу.

(Вячорка:) “Важна, што мы гаварылі пра канкрэтыку, пра крокі канкрэтнай, практычнай салідарнасьці. Важна, каб у нас была салідарнасьць у ацэнцы выбараў – што гэта ня выбары і Лукашэнка – не прэзыдэнт. І важна, каб ня было надалей паказушных, пустых дэклярацыяў. Трэба канкрэтная салідарнасьць, канкрэтная дапамога.”

В.Вячорка адзначыў таксама, што беларускія палітыкі розных накірункаў, якія здолелі аб''яднацца у супольны дэмакратычны рух, паказваюць добры прыклад парлямэнтарам у літоўскім Сойме, дзе існуюць розныя погляды на дачыненьні з рэжымам Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG