Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці разьмесьціць Польшча "антыядзерны парасон" ЗША?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы ажывілася дыскусія над пытаньнем, ці разьмясьціць на сваёй тэрыторыі частку сыстэмы супрацьракетнай абароны ЗША, так званага “антыядзернага парасону”, які мае абараніць ЗША і саюзьнікаў ад магчымых ядзерных удараў. Цяперашнія польскія ўлады, аднак, схільныя пагадзіцца на гэта.

Напярэдадні намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што Варшава станоўча адказала на афіцыйны запыт Вашынгтону на пытаньне, ці зацікаўленая Польшча ў перамовах з ЗША што да пабудовы на польскай тэрыторыі часткі амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны.

“Мы адказалі, што зацікаўленыя і будзем чакаць больш падрабязнай інфармацыі ад ЗША. Калі менавіта Польшча будзе абраная для далейшых перамоваў – а тут галоўны канкурэнт гэта Чэхія – дык перамовы можна будзе пачынаць ужо ў ліпені сёлета”, – заявіў намесьнік міністра.

На дадзены момант, як заявіў цяпер віцэ-міністар замежных справаў, а раней казаў прэзыдэнт Лех Качыньскі, Польшча пакуль не давала ніякіх абавязацельстваў у гэтай справе.

“Канечне, мы ў гэтым зацікаўленыя”, – кажа віцэ-прэм’ер польскага ўраду Людвік Дорн, але разам зь іншымі прадстаўнікамі кабінэту заяўляе пра неабходнасьць правядзеньня грамадзкага абмеркаваньня гэтага праекту.

Пры гэтым варта адзначыць, што далучэньне да амэрыканскай сыстэмы ўпершыню ў гісторыі запісанае ў праграме цяперашняга польскага ўраду – ураду Казімежа Марцінкевіча.

Апазыцыя, у сваю чаргу, крытыкуе ўрад у гэтым пытаньні.

(Алейнічак: ) “Гэта, фактычна, азначае, што ў выпадку пабудовы такой сыстэмы Польшчы будуць пагражаць з аднаго боку тэрарысты, а з другога, калі б пачаўся ўзброены канфлікт, дык першае, што вораг хацеў бы зьліквідаваць, гэта сыстэму супрацьракетнай абароны на нашай тэрыторыі”, – заявіў лідэр посткамуністычнага Саюзу левых дэмакратаў Войцех Алейнічак, адзначыўшы пры гэтым, што гэты праект дадаткова папсуе дачыненьні з Расеяй.

Няма згоды таксама і сярод навукоўцаў. Адмыслоўца ў справе стратэгічных дасьледаваньняў, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Раман Кузьняр лічыць, што амэрыканская сыстэма Польшчы непатрэбная, бо краіна дастаткова бясьпечна пачуваецца ў НАТО і Эўразьвязе. Між тым калега спадара Кузьняра, прафэсар Збігнеў Лявіцкі наадварот перакананы, што сыстэму супрацьракетнай абароны трэба будаваць, “хаця б для таго, каб падтрымаць дачыненьні зь дзяржавай, якая ў будучыні можа быць адзінай краінай, якая стане на нашым баку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG