Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч зьбіраецца зноў пачаць галадоўку за кратамі


Радыё Свабода Сёньня ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча зноў пасадзілі за краты. Суд зьмяніў яму меру стрыманьня з хатняга арышту на знаходжаньне пад вартай. Два месяцы, уцёкшы з-пад хатняга арышту, ён хаваўся ў Менску. Яго абвясьцілі ў вышук, і пяць дзён таму спадара Аўтуховіча затрымалі ў сталіцы. Ён сказаў, што за кратамі адразу пачне галадоўку пратэсту.

У Кастрычніцкім раённым судзе Горадні аднавілі разгляд крымінальнай справы аб ухіленьні ад выплаты падаткаў, па якой разам зь Мікалаем Аўтуховічам праходзіць ягоны ваўкавыскі калега Юры Лявонаў. Пракурор Шчарбак папрасіў суд узяць спадара Аўтуховіча пад варту. Мікалай Аўтуховіч расказаў мне, што ў сталіцы ён хаваўся па розных адрасах, займаўся сваім здароўем — лячыў дзёсны і зубы.

(Аўтуховіч: ) “Я ж казаў, што зь Беларусі нікуды ня зьеду. Доўга хавацца ўсё роўна немагчыма, трэба вырашаць праблему. Былі сур’ёзныя сілы задзейнічаныя — КДБ, крымінальны вышук рэспубліканскі. Прадчуваньне ўжо было, так”.

Мікалай Аўтуховіч мяркуе, што яго перасьледуюць нават не за падаткі, а за ягоны ўплыў на людзей у ягоным рэгіёне. Таму яго хацелі схаваць за краты на час прэзыдэнцкай кампаніі. У Менску ён сачыў за падзеямі, якія адбываліся на Кастрычніцкім пляцы.

Пасьля затрыманьня міліцыянты сказалі Аўтуховічу, што яго гэтак упарта шукалі таксама таму, што ён павінен быў быць узброены, як яны лічылі. Прадпрымальнік сказаў мне, што меў дома два сэйфы для карабіна й паляўнічай стрэльбы. Міліцыянты агледзелі адзін зь іх, не падумаўшы, што існуе другі, куды ён дзеля надзейнасьці паклаў зброю перад сваімі ўцёкамі. Зброя цяпер здадзеная ў міліцыю.

Нагадаю, што мінулай восеньню, калі Мікалая Аўтуховіча арыштавалі на час сьледзтва, ён галадаў 74 дні, пакуль не дамогся, каб яго зьмясьцілі пад хатні арышт. Галадаць ён мяркуе і цяпер.

(Аўтуховіч: ) “Яны маглі б ужо зразумець за гэтыя тры гады, што мяне не зламаць, што б яны ні вырашалі, усе іхныя рашэньні ліпавыя. Яны думаюць, што калі яны такія баязьлівыя, дык і ўсе такія. Не, ня ўсе. Калі мяне сёньня зачыняць, я пачну галадаць. Гэта не за грошы, гэта за праўду, за справядлівасьць. Прычым тут грошы? Гэта ўжо прыніжэньне, гэта — прыніжэньне”.

Мікалай Аўтуховіч гаворыць, што гатовы нават ахвяраваць жыцьцём.

(Аўтуховіч: ) “Карацей, я буду ісьці да апошняга. У нас пакуль трагедыя ня здарыцца, ніхто разьбірацца ня будзе. Але есьці я ня буду да апошняга. Я не прызнаю абвінавачаньня. Я кладу сваё жыцьцё, па-іншаму тут ніяк не дакажаш”.

Паводле рашэньня судзьдзі Мікалая Рачынскага, міліцыянты ўзялі Мікалая Аўтуховіча пад варту ў судовай залі. Судзьдзя даў яму час да 27 красавіка азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, у якой пяць тамоў.

***

Крымінальная справа Аўтуховіча датычыць ухіленьня ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Максымальнае пакараньне паводле другой часткі артыкулу 243 — сем гадоў зьняволеньня і канфіскацыя маёмасьці. Спадар Аўтуховіч мае ў Ваўкавыску амаль два дзясяткі таксовак, якія здае ў арэнду.

Калі 9 лютага прадпрымальнік уцёк з-пад хатняга арышту, ён накіраваў ліст да Генэральнага пракурора Беларусі. У лісьце ён напісаў, што лічыць сваю справу палітычнай, а абвінавачаньні — несправядлівымі, а таксама што ня верыць у справядлівасьць суду і сам будзе даказваць сваю невінаватасьць і змагацца за свае правы.

Летась за 74 дні галадоўкі за кратамі Мікалай Аўтуховіч страціў 38 кіляграмаў. Будучы на свабодзе і змагаючыся супраць вялікіх штрафных санкцыяў з боку падатковай службы, ён цягам двух гадоў правёў тры галадоўкі пратэсту, двойчы яго падтрымалі кіроўцы, акцыі зрабіліся масавымі.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG