Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Улада выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс для падману народу"


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адбылася нарада лідэраў і актывістаў прадпрымальніцкага руху. Яны абмеркавалі пасьлявыбарную сытуацыю, а таксама далейшую тактыку сваіх дзеяньняў.

У нарадзе ўдзельнічалі прадстаўнікі Менску, Горадні, Наваполацку, Рэчыцы й іншых рэгіёнаў. Паводле выступоўцаў, цяперашні стан дробных бізнэсоўцаў складаны. Гаворыць лідэр прадпрымальнікаў Барысава Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Праблемаў у прадпрымальнікаў шмат. І іх большае, бо ніхто не адмяняў указаў і дэкрэтаў. Прадпрымальнікі чакаюць, калі актывісты на месцах прапануюць ім нейкую дзейнасьць пасьля выбараў. Людзі асэнсоўваюць, што адбылося ў краіне”.

Паводле ўдзельнікаў нарады, многія прадпрымальнікі ня вераць афіцыйным вынікам нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў. Вось што зазначыў на гэты конт лідэр рэчыцкіх бізнэсоўцаў Леанід Невар:

(Невар: ) “19 сакавіка не адбыліся чэсныя, дэмакратычныя выбары, а адбыўся захоп улады групкай чыноўнікаў, якіх у рэспубліцы меншасьць. Гэтая меншасьць, якая абавязаная прадстаўляць інтарэсы народу, знаходзячыся ва ўладзе, выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс для падману народу”.

Спадар Невар прапанаваў ад імя прадпрымальнікаў зьвярнуцца да беларускага народу, палітычных сілаў, у тым ліку да Аляксандра Лукашэнкі й міжнароднай супольнасьці — патлумачыць сытуацыю ў краіне і апавесьці пра шляхі выйсьця з палітычнага крызісу. Аднак, як прагучала на нарадзе, многія прадпрымальнікі ня лічаць патрэбным зьвяртацца да Аляксандра Лукашэнкі, бо лічаць яго нелегітымным прэзыдэнтам.

Вось што зазначыў на гэты конт старшыня каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менску Аляксандар Макаеў:

(Макаеў: ) “Атрымліваецца, што ісьці на трэці тэрмін Лукашэнка ня меў права. Натуральна, што ў дэмакратычнай дзяржаве яго дзейнасьць разьбіраў бы Канстытуцыйны суд дзеля законнага адхіленьня яго ад улады”.

Аляксандар Макаеў, які за арганізацыю страйку і ўдзел у сустрэчы з былым кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам быў двойчы арыштаваны сёлета, заклікаў прадпрымальнікаў працягнуць пратэсты супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі.

Згуртаваньне й актыўная палітычная дзейнасьць — найкарацейшы шлях да вырашэньня праблемаў прадпрымальнікаў, лічыць яшчэ адзін былы палітвязень, адзін зь лідэраў незарэгістраванага Страйкаму прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў з Горадні:

(Васільеў: ) “Я мяркую, што павінна быць створаная дзейная арганізацыя, якая б насамрэч адстойвала правы прадпрымальнікаў. Я згодны, што найперш мусіць быць у дзейнасьці палітычны аспэкт. Арганізоўвацца трэба для таго, каб зьмяніць палітычную сытуацыю ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG