Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ерскі партфэль застанецца ў Сяргея Сідорскага


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі ўнёс у Палату прадстаўнікоў прапанову прызначыць Сяргея Сідорскага прэм’ер-міністрам Беларусі. Рашэньне павінна быць прынята Палатай прадстаўнікоў не пазьней, чым за два тыдні. Старшыня Палаты прадстаўнікоў ужо заявіў, што падтрымлівае кандыдатуру спадара Сідорскага.

Сяргей Сідорскі адпрацаваў у цяперашнім урадзе пяць гадоў, зь верасьня 2001 году. Пасьля адстаўкі Генадзя Навіцкага, зь ліпеня 2003 году, ён выконваў абавязкі прэм’ера, а потым быў прызначаны на гэтую пасаду. Напярэдадні ў інтэрвію журналістам ён заявіў:

(Сідорскі: ) “Сёньня ва ўрадзе сфармавалася каманда спэцыялістаў-прафэсіяналаў, кожны зь якіх можа быць абраны кіраўніком краіны і пастаўлены на такую важную дзяржаўную пасаду”.

На пытаньне карэспандэнта “Свабоды”, ці ёсьць жаданьне застацца на пасадзе прэм’ера, спадар Сідорскі адказаў:

(Сідорскі: ) “Жаданьня ніколі няма. Ёсьць заўсёды абавязак выконваць тыя даручэньні, якія павінен выконваць”.

Сяргей Сідорскі адзначыў, што ацэнку дзейнасьці ўраду даў апошні Ўсебеларускі сход. Маўляў, урад выканаў усе паказчыкі прагнозна-сацыяльнага разьвіцьця.

(Сідорскі: ) “Узровень інфляцыі паніжаны да мінімальных, узровень заробкаў на ўзровень 250 даляраў у цэлым па краіне ўведзены”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава кажа, што кандыдатура і асоба спадара Сідорскага задавальняе кіраўніка Беларусі.

(Абрамава: ) “Калі б пачаліся рэформы, то, я думаю, што гэты чалавек ў стане быў бы даць рады. Гэта дастаткова моцная асоба і разам з тым цудоўны выканаўца, добры арганізатар. Што яшчэ трэба?”

Лідэр дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кажа, што гэта рашэньне не было нечаканае:

(Ярашук: ) “Іншая рэч, якая пэрспэктыва ў гэтай эканомікі? Ні пра якія рэформы ў бліжэйшы час нават гаворкі быць ня можа. Сёньняшнія беларускія ўлады жывуць выключна адным днём. Спадар Сідорскі абсалютна несамастойная фігура, гэта тэхнічны прэм’ер-міністар. Калі стан справаў будзе пагаршацца, то, напэўна, фігура Сідорскага таксама будзе ідэальнай, каб потым усіх сабакаў на яго і павесіць”.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, эканамічная палітыка ня будзе мяняцца:

(Злотнікаў: ) “Выканаўца, які адпавядае патрабаваньням прэзыдэнта: рашучы, бізуном ляскае, калі трэба. Такі ж самы. Беларуская мадэль — яна будзе ўмацоўвацца… Вельмі ўжо мэтанакіравана ў апошнія гады ўсё ідзе да германскай мадэлі сацыялізму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG