Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Іван Пуліхаў (5.9.1879 – 11.3.1906)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны свабоды”.

У студэнцкія гады ў мяне быў сябар, які лічыў сваім жыцьцёвым ідэалам эсэра Івана Пуліхава. Ад яго, сябра, а потым яшчэ з нарысу “Бясстрашны юнак”, знойдзенага ў старым нумары “Маладосці”, я збольшага і даведаўся пра чалавека, чыім імем названая ціхая вуліца ў прэстыжным раёне беларускай сталіцы.

Іван зацікавіўся рэвалюцыйнымі ідэямі ў Менскай рэальнай вучэльні. У Пецярбурскім каморніцкім інстытуце ягонае захапленьне пераўтварэньнем сьвету на справядлівых пачатках было заўважанае і ацэненае: Іван мусіў вярнуцца пад паліцэйскі нагляд у родны Менск.

30 кастрычніка 1905 году ў Менск прыйшлі зьвесткі пра царскі маніфэст, які абвяшчаў у краіне дэмакратычныя свабоды. На прывакзальным пляцы сабраўся мітынг, удзельнікі якога запатрабавалі ад губэрнатара Курлова вызваліць палітвязьняў, што і было зроблена. Натхнёныя перамогаю мітынгоўцы здолелі сабраць пад свае сьцягі 20 тысяч менчукоў. Губэрнатар даў дазвол страляць. На пляцы засталося больш за 100 забітых і 300 параненых.

Арганізацыя партыі эсэраў вынесла Курлову сьмяротны прысуд. Яго выканаўцу вызначала лёсаваньне, але той, каму выпаў гэты кон, спалохаўся і адмовіўся. Тады за справу добраахвотна ўзяўся Пуліхаў, дапамагчы якому пагадзілася эсэрка Аляксандра Ізмайловіч.

Замах быў няўдалы: бомба, кінутая Іванам у губэрнатара, ня выбухнула. Івану і Аляксандры, якая тады ж беспасьпяхова страляла ў паліцмайстра Норава, часовы вайсковы суд прызначыў найвышэйшую кару. Для Ізмайловіч, дачкі царскага генэрала, сьмерць замянілі бестэрміновымі катаржнымі работамі. Пуліхаў у сакавіку 1906-га быў павешаны. Для запалохваньня менчукоў ягоны труп чатыры дні вісеў на браме Пішчалаўскага замку (цяперашняя “Валадарка”). Левую эсэрку Аляксандру Ізмайловіч на сёмым дзясятку гадоў расстралялі ўжо бальшавікі.

Днямі на вуліцы Пуліхава, у раёне, які некаторыя яшчэ і цяпер паводле савецкай традыцыі называюць “андатравым”, я правёў невялікае апытаньне. Зь пяці сустрэтых мною старажылаў трое назвалі Пуліхава “старым бальшавіком”.
XS
SM
MD
LG