Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жырыноўскі хоча, каб Беларусь стала Менскай фэдэральнай акругай Расеі


Радыё Свабода “Беларусь павінна стаць восьмай фэдэральнай акругай Расеі, назавем яе Менскай,” – пра гэта заявіў сёньня журналістам віцэ-сьпікер Дзярждумы Расеі, старшыня ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі. Паводле яго, беларуская тэма абмяркоўвалася на мінулым тыдні на сустрэчы прэзыдэнта Расеі з лідэрамі думскіх фракцыяў. Жырыноўскі выказаўся за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі, “мы супраць канстытуцыйнага акту, выбараў у парлямэнт саюзнай дзяржавы, гэта марнаваньне грошай” – заявіў віцэ-сьпікер Думы.

Паводле Жырыноўскага, паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта Расеі ў Менскай фэдэральнай акрузе хай будзе беларус, а не расеец. Падобным жа чынам паводле Жырыноўскага можа быць вырашаная і ўкраінская праблема. Старшыня ЛДПР мяркуе, што “калі ў Януковіча атрымаецца правесьці фэдэратыўную рэформу, адбудзецца распад Украіны і ўваходжаньне яе паўдзённых і ўсходніх рэгіёнаў у Расейскую Фэдэрацыю”. Жырыноўскі чакае, што тады ў Расеі зьявяцца Адэская, Харкаўская, Днепрапятроўская і Луганская акругі.

**************************** Аналіз Юрыя Дракахруста:

(Дракахруст:) "У заяве Жырыноўскага некалькі сэнсаў, некалькі слаёў. Першы - праца з выбаршчыкамі. Пакуль у Расеі застанецца даволі шмат людзей , якія настальгуюць па імпэрыі, ён будзе зьбіраць ураджай галасоў падобнымі скандальнымі заявамі. Пра тое, што мэта – менавіта электаральны ўраджай, сьведчыць той чыньнік, што старшыня ЛДПР распаўсюдзіў свае пляны пашырэньня Расеі і на Ўкраіну, дзе ніхто, нават прыгаданы ім Януковіч, аддаваць сваю краіну Маскве не зьбіраецца.

І ўсе ж выглядае, што ў плянах лібэрал-дэмакрата ёсьць і іншы слой, іншы сэнс. Ня тое, каб ён агучваў патаемныя пляны Пуціна, тое, пра што маўчыць , але марыць Крэмль, аднак пробным шарам, укідваньнем тэмы ў грамадзтва шчыраваньні Жырыноўскага хутчэй за ўсё зьяўляюцца. Яны някепска ўпісваюцца ў агульную карціну новай расейскай эканамічнай палітыкі адносна Беларусі: сур’ёзныя ўрадоўцы ціснуць па газу, па нафтапрадуктах, а Жырыноўскі мроіць пра восьмую фэдэральную акругу. Слова сказана, а адказнасьці ніякай -- гэта ж Жырыноўскі, што зь яго возьмеш?

Пры гэтым беларускія ўлады трапляюць у пэўную інфармацыйную пастку, якую самі сабе стварылі. Падчас выбарчай кампаніі і гарачага тыдня 19-25 сакавіка той, хто глядзеў беларускія тэлеканалы, мог падумаць, што Жырыноўскі – прэзыдэнт Расеі і адначасна штатны супрацоўнік беларускай тэлевізіі -- настолькі часта ён мільгаў на экране, як выдатны экспэрт і адначасна голас Расеі. Вось сёньня голас ўлюбёнцы беларускай прапаганды і прагучаў ва ўсёй шчырасьці. І што зараз казаць, хіба пра тое, што Буш і яму, як і беларускай апазыцыі, мільёны адваліў, каб пакрыўдзіць “сінявокую Беларусь”?

Ёсьць і палітычная пастка – чым з большым імпэтам беларускія ўлады вядуць уласную “халодную вайну” з Захадам, тым больш злавеснай гучыць клаўнада Жырыноўскага наконт Менскай фэдэральнай акругі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG