Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“New York Times”: “Эўропа зачыняе дзьверы перад беларускім прэзыдэнтам”


Ганна Соусь, Прага Сёньня вядучыя ўсясьветныя мэдыі камэнтуюць рашэньне Эўразьвязу ўвесьці забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу для беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Эўропа зачыняе дзьверы перад беларускім прэзыдэнтам і яшчэ 30 чыноўнікамі. Гэта пакараньне за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і задушэньне пратэстаў пасьля іх, піша “New York Times”. Амэрыканскае выданьне адзначае, што ў рашэньні Эўразьвязу згадваюцца ня толькі нядаўнія падзеі ў Беларусі, але і зьнікненьне ў 1999 і 2000 гадах чатырох апазыцыянэраў, ў датычнасьці да забойстваў якіх падазраюць беларускія ўлады.

Эўрапейцы яшчэ раз паўтарылі, што будуць падтрымліваць беларускую апазыцыю і незалежныя сродкі масавай інфармацыі. “New York Times” цытуе пастанову Эўразьвязу, у якой гаворыцца, што “кандыдаты ад апазыцыі і іх прыхільнікі прапанавалі беларускаму народу дэмакратычную альтэрнатыву”. Газэта адзначае, што Аляксандар Лукашэнка, які прыняў у суботу прысягу на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, публічна прадэманстраваў невялікую занепакоенасьць што да пэрспэктывы санкцый. Газэта параўноўвае прыняты сьпіс з распаўсюджаным ў мінулым месяцы сьпісам з 47 асобаў, і зьвяртае ўвагу на тое, што ў канчатковы варыянт ня трапілі журналісты дзяржаўных беларускіх мэдыяў.

“Washington Times” зьвяртае ўвагу на тое, што лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заклікаў да таго, каб у сьпіс неўяздных трапілі сотні беларускіх урадоўцаў, адказных за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і парушэньні правоў чалавека.

“Wall Street Journal” адзначае, што забарона на ўезд у Эўразьвяз уводзіцца ўпершыню для кіраўніка суседняй са Зьвязам дзяржавы, пры гэтым выданьне зьвяртае ўвагу на тое, што раней такія забароны тычыліся лідэраў Зімбабвэ і Мьянмы (Бірмы). Паводле міністра замежных справаў Славеніі Дзьмітрыя Рупеля, Эўразьвяз дасылае жорсткае пасланьне беларускім лідэрам, але не народу Беларусі. “Washington Post” называе ўвядзеньне санкцый ў значнай ступені сымбалічным жэстам. Злучаныя Штаты далі зразумець, што гэтаксама ўвядуць забарону на ўезд для беларускіх чыноўнікаў уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, піша амэрыканская газэта.

Ірляндзкая газэта “Irish Times” зьвяртае ўвагу на тое, што пакуль ня будуць замарожаныя рахункі асобаў са сьпісу неўяздных, аднак Эўразьвяз папярэдзіў, што гэта можа быць зроблена, магчыма, ў наступным месцы. Выданьне цытуе міністра замежных справаў Чэхіі Цырыла Свободу, які падкрэсьлівае важнасьць няспыннага ціску на “апошнюю дыктатуру ў Эўропе”.

Брытанская “Financial Times” падкрэсьлівае, што міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу папрасілі Эўракамісію працягнуць працу ў пытаньні замарожваньня рахункаў беларускіх чыноўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG