Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Галасы і твары Плошчы” -- Сьвятлана Станкевіч


Радыё Свабода Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў пацярпелі ад уладаў за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў і ўдзел у акцыях пратэсту. 24-гадовую ўраджэнку Смаргоні Сьвятлану Станкевіч пакаралі арыштам на 8 сутак.

Сьвятлана Станкевіч выйшла на волю 1 красавіка. Смаргонскую дзяўчыну сустрэлі ля сьцен турмы, прывезьлі ў Менск і прытулілі тут на астатак ночы “добрыя людзі”:

(Станкевіч: ) “Мне падалі шаўковую піжаму, мяккую падушку. У такіх шыкоўных умовах, калі параўнаць з турмой. Увогуле я не магла заснуць ад мноства інфармацыі. Я адразу “палезла” у інтэрнэт, таму што там, у турме, быў інфармацыйны голад. Я нават не заснула – увесь час “прасядзела” у інтэрнеце ў гэтай піжаме”.

У Сьвятланы прафэсійная цікавасьць да інфармацыі –– яна, паводле адукацыі, журналіст. Яшчэ падчас вучобы на журфаку ўладкавалася ў “Новую газету Сморгони”. Гэтае незалежнае выданьне летась было зьліквідаванае ўладамі. Я спытаў у былога рэдактара й заснавальніка тыднёвіка Рамуальда Улана: ці думаў ён, што Сьвета апынецца на Кастрычніцкай плошчы сталіцы?

(Улан: ) “Ведаеце, для мяне гэта было крыху нечакана. Я яе ведаў спакойнай, памяркоўнай дзяўчынай. Гэта сьмелы ўчынак. Я вельмі ганаруся тым, што яна зрабіла. Я яшчэ раз скажу, што для мяне гэта ў нейкім сэнсе неспадзявана было. Яна больш культурніцкія тэмы асьвятляла. Не гарачыя, не канфліктныя. Установы культуры – “ціхія” тэмы. Я не думаў, што яна такі сьмелы чалавек. Гэта трэба мець грамадзянскую сьмеласьць, каб апынуцца ў тым “гарадку”.

Сьмелай называюць Сьвятлану Станкевіч й іншыя людзі, хто яе ведае. А яшчэ яны лічаць, што Сьвятлану прывяла на Плошчу адданасць справе нацыянальнага адраджэньня. Меркаваньне яе сяброўкі Алены Гормаш:

(Гормаш: ) “Дзяўчына, якая заўсёды была апантаная такімі ідэямі – найперш ідэі нацыянальнага адраджэньня. Каб Беларусь увайшла ў склад Эўразьвязу, каб вярнулася нацыянальная сымболіка…”

У памяці самой Сьвятланы дагэтуль засталіся падзеі апошняй ночы “намётавага гарадку” на Кастрычніцкай плошчы, калі яго ліквідоўвалі:

(Станкевіч: ) “Тыя амапаўцы, якія бралі штурмам наш гарадок, яны паводзілі сябе як нейкае зьвяр’ё. Калі прывезьлі на Акрэсьціна, то адной дзяўчыне плюнулі прама ў твар…”

Сьвятлану за ўдзел у акцыі пасадзілі ў Жодзінскую турму. Тут яна правяла 8 сутак. Што запомнілася?

(Станкевіч: ) “Калі нас прывезьлі з Акрэсьціна – нас было сямёра. Сямёра дзяўчат. Гэта Насьця Ларына, гэта Аля Сідаровіч, Анастасія Дарафеева, Надзея Манцэвіч, Іна Габрыельчык і я. У нас заўжды ад раніцы да вечара было ўключанае радыё “Сталіца” – ня вельмі добрае ў пляне навінаў. У нас праз вэнтыляцыю быў “мінічат” зроблены. Калі залазіш на рашотку, якая знаходзіцца ля дзьвярэй, падсоўваесься бліжэй да вэнтыляцыі, то можна пачуць галасы зь іншых камэраў. І мы там абгаворвалі гэтыя навіны, якія мы там пачулі. І калі нешта там вельмі абразьлівае казалі, што, напрыклад, Беларусь стала папярок горла эўрапейскім буржуям і г.д., то мы проста выказвалі сваю абразу грукатам, тупатам, крыкамі “Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG