Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія чыноўнікі пакуль не камэнтуюць візавыя санкцыі Эўразьвязу


Валер Каліноўскі, Менск Візавыя санкцыі 25 краінаў Эўразьвязу закранулі, у прыватнасьці, Аляксандра Лукашэнку, кіраўніка ягонай адміністрацыі Генадзя Нявыгласа, старшыню КДБ Беларусі Сьцяпана Сухарэнку, міністра юстыцыі Віктара Галаванава, генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча. Як адрэагавалі на санкцыі ў ведамствах, якія ўзначальваюць гэтыя чыноўнікі?

Кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі паведаміў, што пакуль няма рэакцыі на рашэньне Рады Эўразьвязу ні ад прэзыдэнта краіны, ні ад кіраўніка ягонай адміністрацыі:

(Лёгкі: ) “Мы афіцыйна не агучваем ніякіх пазыцыяў, таму што як бы няма сэнсу тут нешта агучваць… Можа быць, цягам дня нешта будзе — ня ведаю. Але афіцыйна наўрад ці нехта будзе камэнтаваць. Ня варта гэта таго проста”.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў таксама пакуль не гатовы падрабязна камэнтаваць захады Эўразьвязу і магчымыя крокі Беларусі ў адказ:

(Папоў: ) “Я ўвогуле ня ўпэўнены, што мы будзем так эксклюзіўна індывідуальна журналістам камэнтаваць. Можа, мы неяк іначай адрэагуем”.

Раней спадар Папоў назваў дзеяньні Эўразьвязу “безадказнымі крокамі, якія перашкаджаюць нармальнаму разьвіцьцю двухбаковых дачыненьняў”, а візавыя санкцыі “неабгрунтаванымі, надуманымі і бекарыснымі”.

Прадстаўнік прэсавай службы КДБ Беларусі, старшыня якога патрапіў пад візавыя санкцыі, Валеры Надтачаеў паведаміў, што рэакцыі Сьцяпана Сухарэнкі таксама няма:

(Надтачаеў: ) “Як правіла, калі мы лічым патрэбным рэагаваць — мы рэагуем. У дадзеным выпадку рэакцыя кіраўніка камітэту мне невядомая, таму нейкіх дадатковых камэнтароў па гэтым пытаньні я даваць не лічу патрэбным”.

Прадстаўнік прэсавай службы генэральнага пракурора Славамір Антановіч лічыць некарэктным пытаць пра рэакцыю ягонага кіраўніка Пятра Міклашэвіча на візавыя забароны Эўразьвязу:

(Антановіч: ) “Ну, як прэзыдэнт адрэагаваў, гэтак і ўсе чыноўнікі, якім забаранілі. Тое самае, што мяне кудысьці не пускаюць — як я адрэагаваў бы?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG