Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З турмы на Акрэсьціна ў нядзелю выйшлі 18 палітвязьняў


Радыё Свабода, Менск З турмы на Акрэсьціна выйшлі 18 палітвязьняў, якія былі арыштаваныя за арганізацыю намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы Менску, а таксама за ўдзел у акцыі пратэсту 25 сакавіка. Усе яны адбылі максымальны тэрмін адміністрацыйнага зьняволеньня – 15 сутак. У турме застаюцца яшчэ некалькі чалавек, зьняволеных за ўдзел у палітычных акцыях.

Дзяжурныя міліцыянты называлі розны час вызваленьня вязьняў, а таму сваякі й сябры рэпрэсаваных былі на Акрэсьціна а 14-й гадзіне – часу першых затрыманьняў 25 сакавіка.

(Карэспандэнтка: ) “Каго вы сустракаеце?”

(Юнак: ) “Сябра свайго. Вельмі харошы чалавек, а яму ў пратакол напісалі, што ён брыдка лаяўся. У чалавека дзьве вышэйшыя адукацыі – пра што вы кажаце?!”

(Спадарыня: ) “Ён трымаў плякат “За радзіму”. Калі “За Беларусь” пішуць на кожным слупе – гэта можна. А калі плякат у руках трымаць, то не”.

(Карэспандэнтка: ) “Які ваш настрой?”

(Юнак: ) “Чакаем”.

(Юнак: ) “І радасьць ёсьць, і ўсё ж ёсьць сум, бо тое, што адбываецца ў краіне, ня можа цешыць”.

(Спадар: ) “У Беларусі таталітарны рэжым. Проста мы жывем у маленькай краіне ў цэнтры Эўропы. Калі б мы былі ў Сярэдняй Азіі, то прыгналі бы БТРы, і людзей проста расстралялі б, але міжнародныя арганізацыі яшчэ нам дапамагаюць. Усё гэта, канечне, страшна. Але гэта ня вечна, шкада толькі, што зараз вельмі невялікая колькасьць людзей разумее”.

Сярод тых, хто прыйшоў сустракаць вызваленых, былі таксама былыя палітвязьні, якія адбылі 10 сутак арышту й выйшлі колькі дзён таму.

(Юнак: ) “Мяне ўзялі ўначы на Кастрычніцкай плошчы”.

(Карэспандэнтка: ) “Які ваш настрой пасьля ўсяго, што адбылося?”

(Юнак: ) “Што трэба працягваць разгойдваць гэты гнілы рэжым. Нас наштурхалі ў гэтую турму, як селядцы ў бочку. Бо яны не чакалі гэтулькі дэманстрантаў і ўвогуле не спадзяваліся, што нехта выйдзе. Варта працягваць, бо народ не такое быдла, як яны хочуць думаць”.

Першыя вызваленыя пачалі выходзіць зь дзьвярэй турмы напачатку 15-й.

(Гучаць воклічы, воплескі. Карэспандэнтка: ) “Для Радыё Свабода – які настрой?”

(Спадар: ) “Алесь Стральцоў. Настрой цудоўны, працоўны. У апошнія сем дзён я абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць крымінальных спраў на лідэраў і актывістаў дэмакратычнага руху Беларусі паводле надуманых прычынаў. Запрашаю ўсіх на 26 красавіка, там сустрэнемся. Вялікая памылка Лукашэнкі, бо ён даў нам вельмі добрую магчымасьць пабачыцца, пагутарыць і пра ўсё дамовіцца. Кожная камэра – гэта 8-10 чалавек, што раўназначна вельмі добрай суполцы. І гэтыя – мацнейшыя сярод суполак Беларусі”.

Паводле дзяжурных турмы, у нядзелю выйшлі апошніх 18 палітычных вязьняў. Аднак вызваленыя паведамляюць, што за кратамі застаюцца яшчэ некалькі чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG