Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як нямецкія палітыкі камэнтуюць сустрэчы Мілінкевіча і Мэркель?


Радыё Свабода Нямецкія СМІ перадалі першыя паведамленьні пра сёньняшнія сустрэчы ў Бэрліне лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча з Бундэсканцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і іншымі вядучымі палітыкамі ХДС/ХСС.

Як заявіў старшыня міжнароднай камісіі нямецкага Бундэстагу хрысьціянскі дэмакрат Рупрэхт Поленц, Нямеччына будзе падтрымліваць мужных беларускіх людзей, якія змагаюцца за дэмакратыю і правы чалавека у сваёй краіне.

Рупрэхт Поленц таксама нагадаў, што 10 красавіка на саміце Эўразьвязу будзе прынятае рашэньне адносна санкцыяў да тых беларускіх чыноўнікаў, якія адказныя за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Камэнтуючы "Свабодзе" сёньняшнія сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з кіраўніцтвам Нямеччыны, вядомы нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік адзначыў:

(Вік: ) “Сустрэча Мілінкевіча са спадарыняй Мэркель, ягонае наведаньне Бундэстагу – гэта вельмі важная падзея, якая дэманструе ацэнку нямецкім кіраўніцтвам нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў і цяперашняй сытуацыі ў Беларусі.

Гэта свайго роду сыгнал таго, што беларуская апазыцыя і беларуская супольнасьць заслугоўваць міжнароднай увагі і могуць спадзявацца на міжнародную падтрымку”.

Як падкрэсьліў нямецкі дыплямат, сёньня можна гаварыць пра пачатак скаардынаванай міжнароднай палітыкі Эўразьвязу ў напрамку Беларусі. Паводле ягоных словаў, вынікі гэтых дзеяньняў немагчыма ўбачыць адразу ж, аднак гэта ўжо будуць ня проста заявы, а канкрэтныя дзеяньні.

Як лічыць Ганс-Георг Вік, надзвычай важны той момант, што актыўнасьць у беларускай палітыцы дэманструе найвышэйшае кіраўніцтва Эўразьвязу – Рада міністраў, Эўракамісія.

Камэнтуючы апошні двухдзённы візыт у Бэрлін кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова, і тое абмеркаваньне беларускага пытаньня, якое адбылося ў часе ягоных сустрэчаў з вышэйшым нямецкім кіраўніцтвам, нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік адзначыў:

(Вік: ) “Гэта пакуль нельга назваць ціскам Бэрліна на Маскву што датычыць беларускага пытаньня. Гэта дэманстрацыя Бэрлінам сваёй дакладнай пазыцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму, сваёй праграмы дзеяньняў у падтрымку дыскрымінаванай беларускай апазыцыі”.

Гл.таксама • А.Мілінкевіч і В.Вячорка сустрэліся з Ангелай Мэркель
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG