Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"New York Times": вучоныя паказалі эвангельле ад Юды


Ганна Соўсь, Прага Юда быў любімым вучнем Ісуса Хрыста, і ягонае здрадніцтва было актам веры. Гэткую інтэрпрэтацыю старажытнага манускрыпту, вядомага як Эвангельле ад Юды, прадставіла ў Вашынгтоне Нацыянальнае геаграфічнае таварыства, пра гэта піша амэрыканская газэта "New York Times".

Хрысьціянскаму манускрыпту, які ўключае ў сябе “Эвангельле ад Юды”, 1700 гадоў. Гэты рукапіс дае новае разуменьне адносінаў паміж Ісусам Хрыстом і ягоным вучнем Юдам Іскарыётам. Згодна з гэтай вэрсіяй, Ісус папрасіў Юду як блізкага сябра выдаць яго ўладам. Хаця некаторыя тэолягі раней і рабілі такія гіпотэзы, аднак навукоўцы, якія вывучалі манускрыпт, кажуць, што гэта першы дакумэнт, які пацьвярджае памянёную ідэю, піша "New York Times".

Знойдзеныя ў пустыні Эгіпту папірусныя рукапісы ў скураной аправе і іх пераклад 6 красавіка ў Вашынгтоне прадставіла Нацыянальнае геаграфічнае таварыства. “Эвангельле ад Юды” напісана на копскай мове прыкладна ў 300 годзе нашай эры. Да нас дайшло каля 26 старонак рукапісу. Праўдападобна, гэта пераклад больш раньняга арыгіналу, напісанага па-грэцку ў 2-м стагодзьдзі.

Паводле віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага геаграфічнага таварыства Тэры Гарсія, навукоўцы лічаць гэты рукапіс найстаражытнейшым небіблійным тэкстам, знойдзеным за апошнія 60 гадоў.

Гэта засьведчыў і спэктральны аналіз рукапісу.

"New York Times" цытуе найбольш цікавыя фрагмэнты манускрыпту, напрыклад, “тайны запіс размовы Хрыста зь Юдам за тры дні да Пасхі”. Ісус вядзе зь Юдам канфідэнцыйную размову, абяцаючы падзяліцца тайнамі ўладарства Божага і просіць выдаць яго рымлянам, каб ягоная плоць была прынесеная ў ахвяру. “Ты перавысіш усіх астатніх, бо прынясеш у ахвяру чалавека, які служыць адзеньнем для мяне”.

Адзін з тэолягаў, які прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі, адзначыў, што “тэкст “Эвангельля ад Юды” ператварае акт Юдавай здрады ў акт паслушэнства”. Адрозна ад Эвангельляў ад Мацьвея, Марка, Лукі і Яна, сабраных у Новым запавеце, ананімны аўтар “Эвангельля ад Юды” меркаваў, што Юда Іскарыёт адзіны з 12 вучняў зразумеў сутнасьць вучэньня Хрыста і выканаў ягонае жаданьне.

“Эвангельле ад Юды” – толькі адзін са знойдзеных за апошнія 65 гадоў тэкстаў (уключна з Эвангельлямі ад Тамаша, Марыі Магдалены і Піліпа), аўтарства якіх прыпісваецца гностыкам, прадстаўнікам хрысьціянскіх супольнасьцяў у 2-4 стагодзьдзях нашай эры. Вераваньні гностыкаў раньнія хрысьціянскія духоўнікі часта разглядалі як неартадаксальныя, асуджаючы гностыкаў як ерэтыкоў, адзначае амэрыканскае выданьне.

Адкрыцьцё тэкстаў гностыкаў скаланула біблійную школу, паказваючы разнастайнасьць вераваньняў і мэтодык раньніх пасьлядоўнікаў Хрыста. А паколькі атрыманыя зьвесткі даходзілі да цэркваў і ўнівэрсытэтаў, то ўзьнікла новае пакаленьне хрысьціянаў, якія цяпер расцэньваюць Біблію не як літаральна Божае слова, але як прадукт гістарычных і палітычных сілаў, якія вызначалі, якія тэксты павінны стаць кананічнымі, а якія трэба выключыць.

Цяперашняе адкрыцьцё ўзрушыла многіх вернікаў, бо “Эвангельле ад Юды” паказала Юду Іскарыёта не як здрадніка Хрыста, а як найбольш даверанага пасьлядоўніка, які добраахвотна пагадзіўся стаць калябарантам.

***

"Эвангельле ад Юды" было знойдзена пры канцы 70-х гадоў у ваколіцах эгіпэцкага гораду Бэні-Мазар разам зь іншымі папіруснымі рукапісамі. Некаторы час яно хадзіла па руках сярод антыквараў. Шаснаццаць гадоў праляжала ў сэйфе амэрыканскага банку "Citibank" на Лонг-Айлэндзе, паколькі ягоны тагачасны ўладальнік эгіпэцкі антыквар ніяк ня мог прадаць яго за той кошт, на які ён разьлічваў.

У 2000 годзе рукапіс выкупіў швайцарскі антыквар. Дакумэнт быў у дрэнным стане, рассыпаўся на тысячы фрагмэнтаў. Фонд за захаваньне старажытнага мастацтва "Maecenas" у Базэле прыступіў да вызначэньня сапраўднасьці, рэстаўрацыі і перакладу тэксту. І пасьля падпісаньня з часопісам "National Geographic" пагадненьня аб ягонай публікацыі рукапіс быў абяцаны Каірскаму музэю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG