Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Станкевіч: "Ізаляцыя Беларусі ня спыніць рэпрэсіі"


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч заявіў, што “прыярытэтамі ў беларускім пытаньні для эўрапейскіх палітыкаў цяпер павінна быць вызваленьне людзей з турмаў”. Паводле Станкевіча, “пасьпешлівыя санкцыі і адмова ад дыялёгу зь Беларусьсю на любым узроўні штурхае яе на зьбліжэньне з такімі рэжымамі, як у Сырыі, Іране” ды пакідае людзей Беларусі на свавольства дыктатуры.

Пра гэта Вацлаў Станкевіч заявіў у інтэрвію тэлеканалу “Эўраньюз” для праграмы, прысьвечанай праблемам беларускай дэмакратыі. В.Станкевіч – сябра парлямэнцкага камітэту замежных справаў, парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”, кіраўнік камісіі ў справах НАТО.

Паводле літоўскага парлямэнтара, які другую кадэнцыю працуе ў сфэры замежнай палітыкі ў літоўскім Сойме, “няма сумневаў у тым, што выбары ў Беларусі не адбыліся” і “прызнаць цяперашняга кіраўніка краіны немагчыма”, аднак “нельга сьпяшацца цалкам ізаляваць усю краіну, бо гэта ня спыніць рэпрэсіі”.

Паводле В.Станкевіча, “рэзалюцыяў і заяваў недастаткова ў вялікай палітыцы”. В.Станкевіч сказаў нашаму радыё:

(Станкевіч: ) “Я абсалютна ўпэўнены, што санкцыі не паспрыяюць таму, каб людзі былі выпушчаныя з турмаў, – і гэта ня толькі спадар Казулін, гэта шмат людзей, моладзь, якія былі арыштаваныя цяпер. Я лічу, што Эўрапейская супольнасьць павінна працаваць праз усе магчымыя палітычныя, дыпляматычныя каналы, прыкладаць усе намаганьні, каб былі найперш вызваленыя людзі з турмаў”.

Паводле літоўскага парлямэнтара, перад увядзеньнем санцкыяў трэба зрабіць яшчэ адну спробу канструктыўнага, канкрэтнага дыялёгу з прадстаўнікамі беларускага ўраду, магчыма, зь міністрам замежных справаў Беларусі, адносна спыненьня рэпрэсіяў і вызваленьня арыштаваных.

Як кіраўнік парлямэнцкай камісіі ў справах НАТО, В.Станкевіч адзначае, што ўдзел Беларусі ў праграме НАТО “Партнэрства дзеля міру” зьяўляецца важным інструмэнтам працы зь Беларусьсю:

(Станкевіч: ) “Я запрапанаваў, каб беларуская дэлегацыя была запрошаная на саміт НАТО, які адбудзецца ў Рызе, у Латвіі, напрыканцы гэтага году. Трэба імкнуцца, каб Беларусь засталася ў рамках праграмаў НАТО, а не пераўтваралася ў краіну, якая варожа ставіцца да НАТО.

Усё ж такі шырокай, глыбокай дыскусіі наконт Беларусі ў рамках Эўразьвязу, НАТО яшчэ ня было, таму я і заклікаю ня сьпяшацца, параіцца, абмеркаваць і толькі пасьля гэтага прыймаць сур''ёзныя рашэньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG