Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інаўгурацыя Лукашэнкі адбудзецца там, дзе стаяў лягер пратэсту


Ігар Карней, Менск. Заўтра, 8-га красавіка, а 15-й гадзіне пачнецца інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Яна будзе трансьлявацца дзяржаўнымі каналамі радыё і тэлебачаньня ў жывым эфіры. Кульмінацыяй першай часткі стане прысяга на Канстытуцыі ў Палацы Рэспублікі і праграмная прамова. Затым Аляксандар Лукашэнка выйдзе на Кастрычніцкую плошчу, дзе яшчэ два тыдні таму людзі пратэставалі супраць фальшаваньня выбараў. Лідэры замежных дзяржаваў на ўрачыстасьці ў Менск не запрошаны.

У адпаведнасьці з рэглямэнтам інаўгурацыі, асноўная частка мерапрыемстваў пройдзе ў Палацы Рэспублікі. Там Аляксандар Лукашэнка дасьць прысягу на спэцыяльным асобніку Канстытуцыі ў скураной вокладцы, які захоўваецца ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта. Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ўручыць Лукашэнку ўжо трэцяе прэзыдэнцкае пасьведчаньне. Пасьля гэтага ўсе выйдуць на Кастрычніцкую плошчу. Лукашэнка са сьвітай пройдуць па 200-мэтровым дыване, спэцыяльна да гэтай падзеі вырабленым на Віцебскім дывановым камбінаце. Я затэлефанаваў у Віцебск, каб пацікавіцца – ці складана было выканаць такую замову?

(Супрацоўніца камбінату: ) “Пра што вы кажаце? Зірніце статыстыку – мы вырабляем штомесяц сотні тысячаў квадратных мэтраў! Гэта ўвогуле кропля ў моры! Паглядзіце, які ў нас аб’ём вытворчасьці. Але калі вас такая інфармацыя цікавіць, лепей за ўсё затэлефанаваць у кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, яны могуць вам даць больш падрабязную інфармацыю”.

На Кастрычніцкай плошчы, у тым ліку і там, дзе некалькі сутак прастаяў намётавы лягер пратэсту, перад вышэйшымі асобамі прамаршыруюць войскі, якія дадуць клятву свайму галоўнакамандуючаму. Пра падрабязнасьці параду ў Міністэрстве абароны не паведамляюць. Супрацоўніца прэсавай службы Вольга Жылінская :

(Жылінская: ) “Шчыра кажучы, не магу вам штосьці падказаць. Таму што гэта ўсё ж мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы”.

Напярэдадні міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў заявіў, што МУС не зьбіраецца прымаць падвышаных захадаў бясьпекі ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак удакладніў, што любая спроба апазыцыі наладзіць 8-га красавіка на плошчы акцыі пратэсту будзе рашуча спыненая. Як кажуць сьведкі, гэтымі днямі па пэрымэтры вакол Палаца Рэспублікі ўсталёўваюцца дадатковыя відэакамэры назіраньня.

Інаўгурацыя прынясе шмат нязручнасьцяў жыхарам цэнтру сталіцы, бо будзе спынены рух транспарту на участках праспэктаў Незалежнасьці і Пераможцаў. Трапіць на Кастрычніцкую плошчу, дзе пройдзе другая частка цырымоніі, змогуць толькі абраныя асобы з адмысловымі пропускамі. Заплянаваны на 11 гадзінаў на сцэне Палацу Рэспублікі балет “Эсмеральда” перанесены на вечар.

Учора дэпутаты палаты прадстаўнікоў і члены Савету Рэспублікі, судзьдзі Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, сябры Цэнтарвыбаркаму былі папярэджаныя аб недапушчальнасьці спазьненьня на цырымонію. “Гледачы” мусяць заняць свае месцы не пазьней як за паўгадзіны да пачатку інаўгурацыі, а перадаваць запрашэньні іншым асобам забараняецца. Шмат для каго гэта будзе апошні прыём на вышэйшым узроўні: пасьля інаўгурацыі, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, урад разам з прэм’ер-міністрам павінен сыйсьці ў адстаўку. Аднак, адзначаюць аналітыкі, высілкі чыноўнікаў у часе выбарчай кампаніі, напэўна ж, не застануцца без падзякі. А вось прысутнасьць замежных палітыкаў, улучна з прадстаўнікамі краінаў СНД, на інаўгурацыі не плянуецца – зрэшты, гэтаксама, як і 5 гадоў таму.

***

Аляксандар Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь 10 ліпеня 1994 году. 20 ліпеня таго ж году ён афіцыйна заняў гэтую пасаду, пакляўшыся на Канстытуцыі. У тэксце Канстытуцыі, на якой кляўся Лукашэнка, было запісана, што працягласьць аднаго прэзідэнцкага тэрміну – 5 гадоў і што адзін грамадзянін краіны ня можа займаць гэтую пасаду больш за два тэрміны.

У лістападзе 1996 году на ініцыятыву прэзыдэнта Лукашэнкі быў праведзены рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю. Першы тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі быў працягнуты на два дадатаковыя гады -- да 2001 году. На выбарах 2001 году Аляксандар Лукашэнка афіцыйна перамог і забясьпечыў сабе яшчэ пяць гадоў кіраваньня, якія па Канстытуцыі былі ягоным апошнім тэрмінам.

Аднак у кастрычніку 2004 году быў арганізаваны чарговы рэфэрэндум, на якім былі зьнятыя ўсялякія абмежаваньні знаходжаньня цяперашняга прэзыдэнта ва ўладзе. Выбары 2001 году і рэфэрэндумы па зьменах беларускай Канстытуцыі не прызнаныя міжнароднай супольнасьцю свабоднымі і справядлівымі. Такая ж рэакцыя была ў міжнароднай супольнасьці і на апошнія выбары 2006 году. У сваёй рэзалюцыі Эўрапарлямент заявіў, што Аляксандар Лукашэнка ня можа быць прызнаны легітымным прэзыдэнтам і заклікаў да правядзеньня новых свабодных выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG