Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры Мілінкевіч зьвяртаўся да лекара, той параіў адпачыць


Радыё Свабода Пад час сёньняшняга знаходжаньня ў Эўрапарлямэнце ў францускім Страсбуры лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да лекара. Настойваў на гэтым лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які быў побач. Спадар Мілінкевіч пасьля наведваньня лекара паведаміў “Свабодзе”:

(Мілінкевіч: ) “У мяне проста з раніцы ціск узьняўся, і таму пайшоў да лекараў ціск памераць. Лекаў ніякіх не прымаў, у мяне з сабой ёсьць, калі трэба. А лекары сказалі тое, што я і так ведаў, сказалі, што ў Вас вялізарная стомленасьць, кардыяграма выдатная, але яна ў мяне заўсёды добрая, ад заняткаў спортам яшчэ. А стомленасьць такая вялікая, кажуць, бо так нельга зношваць арганізм, бо ціск заб’е Вас. А я і сапраўды за апошнія месяцы выходных ня меў”.

Лекары параілі спадару Мілінкевічу толькі адзін сродак для паляпшэньня здароўя – адпачынак. Пра тое, як спадар Мілінкевіч адчувае сябе цяпер, увечары ў сераду, ён паведаміў:

(Мілінкевіч: ) “Цяпер нармальна, я ў Бэрліне ў гатэлі, ляжу адпачываю, як лекары сказалі. Ведаю выдатна, што хаця б на два тыдні раз, але трэба адпачыць, паехаць на вёску. Пахадзіць па лесе, падыхаць. Буду старацца, таму што я сапраўды сам сабе патрэбен здаровым, Радзіме патрэбен яшчэ. Мушу быць у добрай форме”.

Заўтра ў Бэрліне Аляксандра Мілінкевіча і Вінцука Вячоркі заплянаваныя сустрэчы з канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель, генэральным сакратаром Хрысьціянскага дэмакратычнага саюза Рональдам Пуфалам, будуць таксама сустрэчы ў МЗС Германіі, у канцылярыі канцлера, а таксама прэсавая канфэрэнцыя і інтэрвію нямецкім СМІ.

Пасьля вяртаньня з эўрапейскага турнэ і кароткага адпачынку Аляксандар Мілінкевіч зьбіраецца зноў езьдзіць па беларускіх рэгіёнах, сустракацца з апазыцыйным актывам, арганізоўваць набор новых людзей у Рух за свабоду і за перамены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG