Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знойдзена пераходнае зьвяно між рыбай і наземнымі відамі


Алена Струвэ, Прага Амэрыканскія навукоўцы знайшлі на канадзкім Арктычным архіпэлягу рэшткі старажытнай жывёліны – тыкталіка, якая, на іхную думку, уяўляе сабой адсутнае зьвяно паміж рыбай і наземным пазванковым. Палеантолягі, якія вывучалі рэшткі выкапня, надрукавалі свае вывады ў навуковым часопісе "Nature". Як вынікае з публікацыі, у дарвінскай эвалюцыйнай тэорыі паходжаньня чалавека нарэшце зьявілася гэтак званае адсутнае зьвяно, а менавіта – транзытная жывёліна паміж рыбай і наземнымі відамі.

Істота тыкталік, якая жыла прыкладна 383 мільёны гадоў таму, чымьсці нагадвае кракадзіла з ластамі. Раней навукоўцы меркавалі, што жывёліна з чатырма лапамі паходзіць ад адпаведных рыб, якія існавалі ў дэвонскі пэрыяд. Аднак палеантолягі пры гэтым сьведчылі пра адсутнасьць пэўнага зьвяна паміж рыбай, якая жыла 383 мільёны год таму, і першым тэтраподам (наземным пазванковым), які жыў на зямлі 20 мільёнамі гадамі пазьней.

У 1999 годзе палеантолягі Ніл Шубін з унівэрсытэту Чыкага і Эдвард Дэшлер з акадэміі навук у Філядэльфіі накіраваліся дасьледаваць канадзкі Арктычны архіпэляг у надзеі знайсьці адсутнае зьвяно, здольнае даць адказ на эвалюцыйную экспансію жыцьця з вады на сушу.

Пасьля некалькіх гадоў беспасьпяховых пошукаў, у 2004 годзе яны, нарэшце, знайшлі, што шукалі. Гэта былі рэшткі трох тыкталікаў, невядомага дагэтуль у навуцы віду. Даўжыня найбольш буйнога зь іх дасягала трох мэтраў.

Жывёліна чымсьці нагадвала рыбу. Аднак пры гэтым яна мела прыкметы наземных відаў: пляскатую галаву, кшталту кракадзілавай, вочы ў верхняй частцы галавы.

Як лічыць Ніл Шубін, месцазнаходжаньне вачэй сьведчыць, што тыкталік жыў у плыткіх неглыбокіх вадаёмах.

(Шубін: ) "Падобна да рыбы, істота мае плаўнікі-ласты і вельмі прымітыўную сківіцу. Падобна наземным жывёлінам – рэбры, шыю. Дзякуючы шыі яе пляскатая галава – падобная да той, што маюць прымітыўныя амфібіі – магла рухацца. Акрамя таго, тыкталік мае шмат костак, якія вельмі падобныя на косткі ў чалавечым запясьці. Мы маем сапраўдную мазаіку. Усё гэта сьведчыць пра тое, як разьвіваліся асобныя часткі нашага шкілету".

Навуковец Ніл Шубін узгадвае пра свае першыя ўражаньні ад знойдзеных рэшткаў тыкталіку. У часе экспэдыцыі на Канадзкім архіпэлягу ён забраўся на нейкую скалу. На адным з уцёсаў нечакана для сябе ўбачыў галаву жывёліны. Пільны погляд морды гэтае істоты быў накіраваны проста на яго.

Неўзабаве наведвальнікі Музэю навукі ў Лёндане змогуць адчуць гэты погляд на сабе. Музэй зьбіраецца арганізаваць выставу, прысьвечаную знаходкам у Канадзкім архіпэлягу.
XS
SM
MD
LG