Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух актывістаў БСДП (Грамада) асудзілі завочна


Радыё Свабода Сябра Цэнтральнага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былы дэпутат парлямэнту Павал Знавец і малады партыец Мікола Цяцёркін асуджаныя на пяць сутак пазбаўленьня волі кожны. Адпаведнае рашэньне прыняў суд Маскоўскага раёну Менску.

Абодва актывісты Грамады пакараныя за ўдзел у падзеях 2 сакавіка. Тады спадары Знавец і Цяцёркін суправаджалі ў Палац культуры чыгуначнікаў лідэра сваёй партыі Аляксандра Казуліна, які спрабаваў там зарэгістравацца ў якасьці ўдзельніка Ўсебеларускага народнага сходу. Падчас затрыманьня з удзелам вядомага палкоўніка Паўлічэнкі ды амапаўцаў экс-дэпутату разьбілі акуляры, дасталася і маладому Цяцёркіну.

Актывісты Грамады зьвярнуліся ў пракуратуру з просьбай узбудзіць крымінальную справу і пакараць міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, склалі дакумэнты аб правапарушэньнях, нібыта ўчыненых партыйцамі. Суд Маскоўскага раёну першапачаткова ня стаў разглядаць справы, распавядае дыплямаваны юрыст, былы выкладчык Белдзяржунівэрсытэту Павал Знавец:

(Знавец: ) "Прыходзіць нам ад старшыні суду папера, у якой напісана, што пратаколы на нас складзеныя не па форме, няма даты, адсутнічае гербавая пячатка і г.д. І яны прызнаныя несапраўднымі і вернутыя назад, у міліцыю. Але пасьля міліцыянты зарыентаваліся, нешта там перарабілі і ціхенька асудзілі нас завочна. Цяпер тэлефануе мне ўчастковы і кажа: ёсьць на вас, Павал Кірылавіч, крымінальныя матэрыялы. Я пытаюся: адкуль, што? Ён адказвае: з суду Маскоўскага раёну".

Суд нібыта выпісаў позвы абодвум партыйцам. Але грамадоўцы цьвердзяць, што яны іх не атрымлівалі. І таму са зьдзіўленьнем даведаліся, што судзьдзі завочна пастанавілі арыштаваць сацыял-дэмакратаў на 5 сутак.

Спадар Знавец зьбіраецца абскардзіць вырак:

(Знавец: ) "Я буду ў закладніках сядзець і здароўе аддаваць з бамжамі?! Усе ж прыстойныя людзі ўжо адседзелі. Зараз жа пойдуць бамжы, крымінальнікі – ня тое, што было раней. Ім хоць яшчэ пашанцавала быць разам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG