Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Г.Эш: крытыкуючы капіталізм, ня варта абараняць перажыткі сацыялізму


Радыё Свабода Брытанская газэта “Guardian” ў апошні месяц надрукавала шэраг артыкулаў, аўтары якіх станоўча ацэньвалі вынікі кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі і скептычна ставіліся да “каляровах рэвалюцый”. Зь імі сёньня на старонках “Guardian” палемізуе Тымаці Гартан Эш, які лічыць, што крытыкуючы капіталізм, ня варта абараняць застойныя перажыткі савецкага сацыялізму, і што ў спрэчцы наконт “каляровых рэвалюцый” на ўсходзе левыя не павінны блытаць правільныя адказы з адказамі правага толку.

Тымаці Гартан Эш адзначае, што ў 20-м стагодзьдзі былі вялікія дэбаты ў двух галоўных пытаньнях: пра сацыялізм і Расею, а таксама пра капіталізм і Амэрыку. У новым стагодзьдзі засталося адно пытаньне для дыскусіі – капіталізм і Амэрыка, хаця зьявіліся і новыя важныя тэмы. Аднак паводле аўтара, старыя ідэалягічныя сутычкі адносна Расеі і сацыялізму ўзьнікаюць ізноў, што засьведчыў шэраг публікацый на старонках “Guardian”, у якіх некаторыя аўтары выказалі меркаваньне, што вынікі выбараў ва Ўкраіне і Беларусі дэманструюць масавую незадаволенасьць праведзенымі пры падтрымцы ЦРУ “каляровымі рэвалюцыямі” і “бесчалавечным нэалібэралізмам свабоднага рынку”.

Тымаці Гартан Эш цытуе нядаўні артыкул Ніка Кларка ў “Guardian”, які піша: “Нават калі верыць найгоршаму з таго, што гавораць пра Лукашэнку (а нават ягоныя апанэнты згодныя з тым, што прэзыдэнта падтрымлівае большасьць насельніцтва Беларусі), то дэмакратычныя збоі ў гэтай былой савецкай рэспубліцы гаснуць на тле парушэньняў дэмакратыі, якія маюць месца ў іншых дзяржавах, якія Захад не карае, а наадварот узнагароджвае”. Як, напрыклад, Эгіпет.

Тымаці Гартон Эш зьвяртае ўвагу на наступны момант. Так, ЗША як і ўсе вялікія дзяржавы выкарыстоўваюць падвойныя стандарты. Але выснова, якую трэба зрабіць, заключаецца ня ў тым, што Захад робіць няслушна, падтрымліваючы правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі. А яна ў тым, што Захад павінен больш актыўна падтрымліваць правы чалавека і дэмакратыю ў Эгіпце, Саудаўскай Арабіі ды іншых краінах.

Яшчэ адзін прыклад – гэта аргумэнты на карысьць гэтак званай “гарантаванай талеркі рысу” ці сацыяльнай абароненасьці. Тымаці Гартан Эш цытуе фрагмэнты зь нядаўняга артыкулу ў “Guardian” Джонатана Стыла, які піша, што пры Лукашэнку за мінулы год на 24 працэнты павялічыліся рэальныя заробкі, быў зьніжаны падатак на даданую вартасьць, паменшыўся ўзровень інфляцыі і за сем мінулых гадоў удвая стала меншай колькасьць людзей, якія жывуць па-за рысай беднасьці. Гэта рай, іранізуе Тымаці Эш, пэўна міністру фінансаў Вялікай Брытаніі трэба пайсьці вучыцца ў менскую школу.

Эш задае пытаньне, у якой ступені можна давяраць такім статыстычным дадзеным? І другое пытаньне – людзі ў Беларусі галасавалі за Лукашэнку з прычыны задаволенасьці эканамічным і сацыяльным становішчам ці з пачуцьця страху?

Аўтар артыкулу ў “Guardian” зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі вельмі мала свабодных сродкаў масавай інфармацыі, не існуе цалкам незалежных апытаньняў грамадзкай думкі, і апроч гэтага, дакладна невядома, колькі людзей рэальна галасавалі за Лукашэнку. Аўтар спасылаецца на дасьведчаных карэспандэнтаў, якія працавалі ў Беларусі, якія кажуць пра наяўнасьць элемэнтаў страху, асабліва ў сярэдняга пакаленьня беларусаў.

Усё, што я сёньня прапаноўваю, піша Тымаці Гартан Эш, гэта тое, каб беларусы самі мелі магчымасьць адказаць на гэтае пытаньне – без усялякага страху ў часе свабодных і сумленных выбараў. Калі ў выніку такіх выбараў яны захочуць вярнуць сабе старога прайдзісьвета, як гэта толькі што зрабіла траціна украінскіх выбарнікаў – то гэта іхны выбар і іх поўнае права.

Але калі вы лічыце, што менавіта гэта адбылося ў Беларусі (дзе сотні прыхільнікаў апазыцыі апынуліся за кратамі), то ў вас нешта не ў парадку з галавой, піша Тымаці Гартан Эш у сваім артыкуле ў “Guardian”.

Паводле яго, справядліва і важна даваць людзям з так званымі левымі перакананьнямі магчымасьць крытыкаваць падвойныя стандарты Захаду, наступствы нэалібэральнай шокавай тэрапіі, сацыяльную няроўнасьць і цяперашнюю замежную палітыку ЗША. Але гэта не павінна пераўтвараць іх ў сьлізкіх апалягетаў застойных дыктатарскіх перажыткаў савецкага сацыялізму.

Безумоўна, левае дэмакратычнае крыло сёньня павінна найперш непакоіцца лёсам мірных дэманстрантаў, якіх зьбіваюць у лукашэнкавых турмах. Жадаць людзям здабыць магчымасьць выбіраць уласную ўладу – гэта не правы кансэрватызм, гэта проста правільнае натуральнае жаданьне, піша Тымаці Гартан Эш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG