Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам і патрабуе паўторных выбараў (абноўлены)


Радыё Свабода Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту “Аб сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году” сёньня была ўхвалена абсалютнай большасьцю дэпутатаў. Эўрапарлямэнт асудзіў несумленныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ды заявіў, што рэжым А. Лукашэнкі ня мае ніякай легітымнасьці й застаецца апошняй дыктатурай у Эўропе.

Рэзалюцыя заклікае да правядзеньня паўторных выбараў прэзыдэнта й рэкамэндуе Радзе Эўразьвязу пашырыць кола беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх будуць уведзены візавыя ды іншыя санкцыі.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту таксама выказалі салідарнасьць з А. Мілінкевічам, А. Казуліным і аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі й заклікалі кіраўніцтва Эўразьвязу пашырыць падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Перад галасаваньнем Эўрапарлямэнт вітаў лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, які знаходзіўся ў залі, авацыямі. За ключавую папраўку ў рэзалюцыю, у якой прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка ў Беларусі прызнаны несвабоднымі й не адпаведнымі міжнародным стандартам, за непрызнаньне А. Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам Беларусі, за правядзеньне паўторных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі было пададзена 524 галасы, супраць — 17. І рэзалюцыя цалкам, паводле працэдуры, была ўхвалена абсалютнай большасьцю дэпутатаў, зь вельмі нязначнай колькасьцю галасоў супраць. Адна з аўтараў праекту рэзалюцыі польская эўрадэпутатка Барбара Кудрыцка наступным чынам патлумачыла такое рэдкае аднадумства ў Эўрапарлямэнце:

(Кудрыцка: ) “Гэта значыць, што салідарнасьць зь Беларусьсю ў Эўропе ёсьць вельмі вялікай. Дэпутаты з усіх 25 краінаў галасавалі аднадушна, яны сустракалі спадара Мілінкевіча авацыямі. Гэта сьведчыць пра тое, як моцна ўся Эўропа падтрымлівае перамены на Беларусі й дэмакратызацыю вашай краіны”.

Спадарыня Кудрыцка заявіла таксама: сёньняшняя рэзалюцыя сьведчыць аб тым, што ўсе 25 краінаў-сябраў Эўразьвязу не прызнаюць А. Лукашэнку законна абраным прэзыдэнтам Беларусі й ня будуць мець зь ім кантактаў, якія маглі б яго легітымізаваць. Сярод іншага, Эўрапейскі парлямэнт вітаў рашэньне Рады Эўразьвязу ўнесьці А. Лукашэнку ў сьпіс асоб, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць візавыя забароны, і заклікаў пашырыць гэты сьпіс за кошт чыноўнікаў мясцовых і цэнтральных органаў улады, якія былі ўцягнуты ў парушэньні правоў чалавека й палітычных свабод цягам выбарчай кампаніі, а таксама прапанаваў замарозіць замежныя рахункі і ўласнасьць Лукашэнкі й да яго набліжаных. Адначасова Эўрапарлямэнт заклікаў Раду Эўразьвязу аблегчыць візавы рэжым для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Пра яшчэ адзін важны момант гаворыць Барбара Кудрыцка:

(Кудрыцка: ) “Думаю, што вельмі важным зьяўляецца аспэкт Расеі — тое, што мы апэлюем да вялікай васьмёркі, каб там былі распачаты перамовы з Расеяй у справе Беларусі. І дэлегацыі эўрапейскіх парлямэнтаў таксама ў сваіх кантактах з расейцамі будуць гэтае пытаньне ўздымаць”.

Акрамя таго, Эўрапарлямэнт заклікаў ААН, Раду Эўропы й краіны сябры Эўразьвязу стварыць міжнародную камісію па дасьледаваньні зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Эўрапарлямэнт таксама запатрабаваў ад беларускіх уладаў вызваліць лідэраў апазыцыі, дэманстрантаў, журналістаў, замежных грамадзян, якія былі арыштаваны цягам кампаніі пратэстаў, апублікаваць сьпіс усіх арыштаваных, умовы іх затрыманьня й абвінавачаньні, вылучаныя супраць іх, спыніць зьбіцьцё й катаваньні палітычных вязьняў.

Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту будзе ўлічана на паседжаньні Рады Эўразьвязу 10 красавіка ў Люксэмбургу, на якім будуць зацьверджаны санкцыі супраць А. Лукашэнкі ды іншых беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у фальшаваньні прэзыдэнцкіх выбараў і масавых рэпрэсіях пад час і пасьля выбарчай кампаніі.

Гл.таксама • Мілінкевіч і Вячорка ў Страсбуры віталі рэзалюцыю Эўрапарлямэнту • Эўрапарлямэнт заклікае правесьці паўторныя выбары ў Беларусі • Як рэагуюць палітыкі ў Менску на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту? • Афіцыйны Менск рэагуе на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту • Што думаюць на вуліцах Менску пра рэзалюцыю Эўрапарлямэнту? • 5 красавіка: Эўрапарлямэнт падрыхтаваў 6 праектаў рэзалюцыі па Беларусі [фота]
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG