Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Sarmatische Landschaften”: сармацкія краявіды вачыма беларусаў


Ганна Соусь, Прага Сёлета ў нямецкім выдавецтве “S.Fischer Verlag” выйшла кніга “Sarmatische Landschaften” (Сармацкія краявіды) – зборнік эсэ 22 аўтараў зь Літвы, Беларусі, Украіны, Польшчы і Нямеччыны. У кнізе прадстаўленыя эсэ чатырох беларускіх аўтараў – Валера Булгакава, Сяргея Дубаўца, Андрэя Дынька і Яна Максімюка. З аналітыкам Радыё Свабода Янам Максімюком пра новае выданьне гутарыла наша карэспандэнтка.

(Максімюк: ) “Усе аўтары, тэксты якіх зьмешчаныя ў кнізе, народжаныя пасьля II усясьветнай вайны. Укладальнікі кнігі проста захацелі стварыць псыхалягічны партрэт народаў, якія жывуць на тэрыторыі, якая калісьці называлася Сарматыяй. Ніхто дакладна ня ведае, дзе гэтая Сарматыя была, агульна кажацца, што недзе паміж Волгай і Віслай. Перш за ўсё гэтая тэрыторыя зьвязвалася з Польшчай, з абшарамі Вялікага Княства Літоўскага. І менавіта таму выбар аўтараў з гэтых краінаў. Мне прапанавалі паўдзельнічаць у гэтай анталёгіі як беларускаму аўтару. Такім чынам я ў квоту польскіх аўтараў ня трапіў. Сярод беларускіх аўтараў – Андрэй Дынько, Валер Булгакаў і Сяргей Дубавец”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці плянуецца пераклад гэтага выданьня на беларускую, літоўскую, польскую і ўкраінскую мовы?”

(Максімюк: ) “Гэта супольны нямецка-польскі праект. Немцы далі ідэю і грошы, а кніга выйдзе ў польскай вэрсіі сёлета ў траўні пад Міжнародны кніжны кірмаш у Варшаве. Выдае яе невялікае, але вельмі рэспэктабэльнае ў Польшчы выдавецтва, якое ўзначальвае пісьменьнік Анджэй Стасюк са сваёй жонкай. Нямецкі інстытут літаратуры запрасіў мяне ў траўні ў Варшаву на прэзэнтацыю польскай вэрсіі гэтай кнігі. Мы дамовіліся з Валерам Булгакавым такім чынам – яму даслаў яму польскую вэрсію свайго эсэ, і ён сказаў, што паспрабуе надрукаваць у “ARCHE”. Магчыма, будуць надрукаваныя тры астатнія эсэ беларускіх аўтараў”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Максімюк, у чым палягала асноўная ідэя Вашага эсэ?”

(Максімюк: ) “Агульная тэма была, як народы з абшару, які ўмоўна можна назваць Сарматыяй, глядзяць на сваю нядаўнюю гісторыю – на перасяленьне народаў, на зьмены межаў і гэтак далей. Я, напрыклад, напісаў, так бы мовіць, сямейнае эсэ – пра свайго дзеда, які за сваё жыцьцё жыў у пяці розных дзяржавах, абсалютна не выяжджаючы са сваёй вёскі. Такі досьвед людзей з Сарматыі. Я думаю, што ў іншых народаў было нешта падобнае. Напрыклад, вельмі складаныя адносіны паміж немцамі і палякамі, бо таксама межы мяняліся, і гэтак далей. Кожны з гэтых аўтараў пастараўся дадаць сваё бачаньне і свой колер да гэтага агульнага партрэту Сарматыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG